Трэці супольны семінар па генеалогіі з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі адбыўся 27 красавіка 2021 г. Тэмай сталі прозвішчы і імёны

27 красавіка 2021 г. адбыўся трэці супольны семінар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), прысвечаны праблемам генеалогіі, крыніцазнаўства і іншых напрамкаў, звязаных са стварэннем карціны сямейнай генеалогіі. 

На гэты раз увага прысутных зводзілася да раскрыцця тэмы «Імёны, прозвішчы, мянушкі: што гавораць генеалагічныя крыніцы?». Антрапанімічны складнік сустрэчы невыпадковы, бо запаляе і задае тон на пачатковым этапе даследавання свайго радаводу. 

Семінар адкрыў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — Аляксандр Аляксандравіч Суша. Мадэратар паведаміў пра актуальнасць сустрэч і лекцый па генеалогіі, акрэсліў ролю бібліятэк у пытаннях генеалагічнай асветы і пажартаваў на тэму «таемнага таварыства генеаголікаў», людзей, якія выносяць з мінулага таямніцы свайго і чужога паходжання.

У паведамленні Вадзіма Урублеўскага «Фарміраванне сялянскіх прозвішчаў у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях у перыяд Расійскай імперыі» адлюстраваны асноўныя тэндэнцыі ў складаным працэсе фарміравання прозвішчаў «немарнатраўніцкай бальшыні» — сялянскага насельніцтва Беларусі ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст. У агульных рысах адзначана эвалюцыя тэрміну «фамілія», акрэслены працэс узнікнення і распаўсюджання прозвішчаў па Еўропе, агулам, і ў Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, у ХІІ — ХVI стст. Асаблівая ўвага нададзена феномену прынцыповай замены аднаго прозвішча другім. Акрэслена храналагічная мяжа паміж існаваннем сялянскага прозвішча як феномену справаводства і існаваннем яго як феномену права (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.). Згаданы ўплывы немясцовых фамільнаўтваральных традыцый у працэсе фарміравання сялянскіх прозвішчаў Беларусі.

Дзяніс Лісейчыкаў у сваім выступленні «Ці можна вызначыць канфесійную прыналежнасць паводле імені?: імёны-маркёры ў гістарычных крыніцах» прывёў спісы мужчынскіх імёнаў, распаўсюджаных у XVII — XVIII стст. у асяродку ўніяцкага духавенства, якія б адпавядалі заходняй (каталіцкай), усходняй (праваслаўнай) і супольнай канфесійным традыцыям. Асаблівай увагай выступоўцы карысталіся імёны: Іасафат (Язафат, Юзафат), папулярызаванае намаганнямі базылян і магнатэрыі ў сярэдзіне ХVII ст., якое затым перажывала ўзлёты па папулярнасці ў пачатку XVIII і ў першай палове XIX стст., і Напалеон, якое акурат робіцца папулярным у час асаблівай вядомасці і надзей на Напалеона І (1805-1815) і Напалеона ІІІ (1852-1870). Таксама ўвага адведзена імёнам Тадэвуш, якое аказалася не настолькі папулярным у Беларусі ў сувязі з постаццю Тадэвуша Касцюшкі, як у ЗША, і Багуслаў, актуалізаванае ў XVII ст. у пратэстанцкім асяродку праз прынцып «Soli Deo gloria» (толькі Богу Слава).

Даклад Алёны Любай «Татарская анамастыка: спецыфіка генеалагічнага пошуку» прысвячаўся асаблівасцям рознамоўнай падачы арабскіх і цюркскіх імёнаў і прозвішчаў беларускіх татар у Попісах войска, рэвізіях-апісаннях, судовых справах і метрычных кнігах XVI — XVIII ст. Аўтарам адзначана, што культурны дыялог татарскай этнарэлігійнай супольнасці з хрысціянскім асяродкам вымагаў кансэнсусных форм імёнаў, якія, напрыклад, атрымліваліся праз пераклад (Кутлузуман — Шчасны), таксама ўжываліся агульныя для хрысціянскай і мусульманскай традыцый імёны (Адам і Якуб), або імёны з блізкім гучаннем (Самуіл замест Сулейман, Аляксандр замест Алі). Прозвішчы татарскіх родаў адаптоўваліся пад фамільнаўтваральныя тэндэнцыі Вялікага Княства Літоўскага, чаму і перадаваліся з татарскім коранем, але беларускім фармантам (Асановічы, Шабановічы, Юшынскія). Прозвішчы, замацаваныя за татарскімі родамі, могуць быць таксама характэрнымі і для хрысціян-беларусаў (Александровічы, Багдановічы, Якубоўскія). 

Выступ Канстанціна Карпекіна «Яўрэйскія імёны і прозвішчы ў архіўных крыніцах 1920-х — 1930-х гг. (на прыкладзе Віцебшчыны)» зводзіўся да акцэнтавання ўвагі на асноўныя антрапанімічна-генеалагічныя крыніцы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці акрэсленага перыяду, якімі з’яўляюцца дэкларацыі даходаў з пасямейнымі спісамі, спісы вернікаў сінагог, спісы падаткаплацельнікаў, пашпарты і г.д., а таксама на варыятыўнасці ў дакументах імёнаў (Бася — Басшэва, Залман — Саламон) і прозвішчаў (Іоффэ — Іофэ, Шагал — Шагалаў), падачы падвоеных імёнаў (Нохім-Лейзар, Янкель-Лейвік і г.д.) і імёнаў, канвертаваных у хрысціянскую традыцыю па прычынах асабістага характару (Мендэль — Міхаіл, Шмая — Сямён, Хаім — Яфім). Асобная ўвага звярталася на тапанімічныя прозвішчы, папулярныя сярод яўрэяў Віцебшчыны (Даўгапольскі, Масарскі і інш). Адзначалася неабходнасць уважлівага азнаямлення з вопісамі фондаў, у загалоўках да спраў якіх яўрэйскія антрапонімы не заўсёды пададзены карэктна.

Пытання святарскай антрапанімікі тычылася паведамленне Наталлі Гарковіч на тэму «Прозвішчы праваслаўных святароў у беларускіх губернях паводле Мінскіх і Літоўскіх епархіяльных ведамасцей — пра што кажуць крыніцы?». Аўтарам пры падтрымцы Дзяніса Лісейчыкава складзены спіс прозвішчаў праваслаўных святарскіх родаў другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стст. з падзелам на мясцовыя беларускія (уніяцкага і праваслаўнага мінулага) — 42 % (Віторскія, Гамаліцкія, Хлябцэвічы), расейскія — 15 % (Паповы, Раждзественскія) і роды пакуль нявысветленага паходжання. Ацэнены патэнцыял фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, дзе зберагаюцца кліравыя ведамасці і іншыя разнастайныя крыніцы святарскай генеалогіі (фонды Мінскай і Магілёўскай духоўных праваслаўных кансісторый). У паведамленні ў цэлым закраналася праблема генеалагічнага асваення багатага комплексу звестак епархіяльных ведамасцяў і было праанансавана выданне сістэматычнага бібліяграфічнага паказальніка да названых у загалоўку паведамлення ведамасцяў (вынік супрацоўніцтва НББ, МінДС і МінДА). Аўтар заклікала далучацца да валанцёрскай групы, якая б працавала над стварэннем базы прозвішчаў прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства, зафіксаваных на старонках МЕВ і ЛЕВ (канцэпцыя праекта ў стане распрацоўкі).

У кантэксце выступа Алены Кароўчанка «Как звали предка: ловушки для генеалога» прагучалі знаходкі з асабістага даследчага вопыту аўтара ў сферы гістарычнай геаграфіі, уласна антрапанімікі і генеалогіі. У прыватнасці, праз крытычны падыход да інтэрнэт-крыніц адзначалася сапраўднае паходжанне дваран Вернікоўскіх з Уфімскай губерні — з Ігуменскага павета Мінскай губерні, а продкаў па мужчынскай лініі паэта Роберта Раждзественскага — з сялян Пяткевічаў з вёскі Шчарбішкі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Аўтарам падняты і іншыя маладаследаваныя тэмы: 1) прыняцця хросту іншаверцамі з наданнем ім новых імёнаў, імёнаў па бацьку, а месцамі і прозвішчаў; 2) усынаўлення дзяцей з атрыманнем імі новых антрапонімаў; 3) надання хрышчаным імёнаў па бацьку і прозвішчаў хросных бацькоў. Напрыканцы выступу чарговы раз анансавалася праца валанцёрскай групы па індэксацыі вопісаў НГАБ. База вопісаў складае на дадзены момант каля 185 тыс. спраў.

У якасці падсумавання Дзяніс Лісейчыкаў адзначыў карысць анлайн-сустрэч для пашырэння даступнасці звестак, якія збіраюцца і агучваюцца даследчыкамі, а таксама ацаніў прыклад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў належным прасоўванні гуманітарных ведаў у новых умовах жыцця нашага грамадства. Таксама была адзначана плённая праца валанцёрскай групы, якая праз дасяжнасць вопісаў НГАБ, выстаўленых на сайце архіва, праводзіць грандыёзную справу індэксацыі. 

Мадэратар мерапрыемства спадар Суша падзякаваў усім удзельнікам за слынны ўдзел і ацаніў карысць прадстаўленых матэрыялаў для жадаючых даследаваць свой радавод. Ютуб-канал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Кніга Беларусі» гатовы да разгляду прапаноў адносна новых тэм супольных семінараў НББ і НГАБ.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,  27.04.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


6 × 2 =