Перапісы 1925 і 1926 гадоў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусі: асаблівасці складання і выкарыстання

Большасць з нас, хто зацікавіўся сваім радаводам, пачынаў ці пачынае свае даследчыцкія клопаты з перыяда нараджэння бабуль і дзядуль, або прабабуль і прадзядуль. Як правіла, такім перыядам з’яўляецца міжваенны час з 1918 па 1939 гг. Часта атрымаліваецца так, што пра бацькоў людзей, якія нарадзіліся ў гэты час, мы ведаем яшчэ менш, а таму маем надзею на інтэрнет-рэсурсы , а таксама на захаваныя архіўныя крыніцы.

З ліку архіўных крыніц, перадусім, увагу прыцягваюць нашумелыя метрычныя кнігі, якія вяліся ў акрэслены прамежак часу толькі там, дзе не было савецкіх органаў улады (легальна толькі ў межах Заходняй Беларусі), а таксама матэрыялы архіваў органаў ЗАГС, якія захаваліся па прычыне ваенных падзей 1941-1945 гг. слаба і нераўнамерна, ды і доступ да іх ускладнены па шэрагу прычын.

Альтэрнатывай такім матэрыялам з’яўляюцца разнастайныя спісы падаткаплацельшчыкаў, ваеннаабавязаных, па асабовым складзе дзяржаўных устаноў і арганізацый, матэрыялы партыйнага ўліку, гаспадарчыя акты аб куплі-продажы, дамавыя і пагаспадарчыя кнігі і інш. Але найбольш універсальнымі крыніцамі па тэрыторыі БССР лічацца перапісы. І перадусім Усесаюзны перапіс насельніцтва ад 17 снежня 1926 года, які ахапіў усё насельніцтва тагачаснага СССР, у тым ліку БССР пасля Другога ўзбуйнення ад 4 снежня 1926 г.

Гэты перапіс насельніцтва анансаваны на сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ, http://narb.by), да яго адсылаюцца ўсе жадаючыя даведацца аб нацыянальнасці продкаў, ён ахоплівае як тэрыторыі пасля Першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе, так і тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, далучаныя ў снежні 1926 года пасля Другога ўзбуйнення.

Пасяленны спіс гаспадароў з Усесаюзнага перапісу насельніцтва па вёсцы Казігорка Абалецкага с/с Коханаўскага р-на Аршанскай акругі за 1926 г.

У перапісе насельніцтва 1926 года адзначаецца адміністрацыйна-тэрытарыяльная прывязка населенага пункта, прозвішча, імя, імя па бацьку гаспадара (або прозвішча і ініцыялы гаспадара), нацыянальнасць, колькасць людзей у сям’і (асобна для мужчынскага і жаночага полу і разам), род заняткаў.

Аднак ёсць і іншая немалаважная і грунтоўная крыніца па гэтым перыядзе – спіс гаспадарак БССР на 1 студзеня 1925 года, які афіцыйна перапісам не з’яўляўся. Гэты перапіс з’яўляецца менш ахопным у плане геаграфіі, бо быў праведзены ў перыяд пасля Першага ўзбуйнення БССР, але больш ахопным у плане пазначанай у ім інфармацыі. Тут акрамя звестак аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным становішчы, прозвішчы, імені, імені па бацьку (або ініцыялаў) гаспадара, нацыянальнасці, пазначаюцца факты валодання і карыстання палявым надзелам, від гаспадарання (церазпалосна або хутарской гаспадаркай), колькасць членаў сям’і, колькасць пісьменных з іх ліку і адсутных на час перапісу, колькасць коней, жарабят, валоў, кароў, цялушак, свіней, авец, конных і ручных малацілак, веялак, маюцца звесткі аб дадатковым занятку і колькасці задзейнічаных у ім сямейнікаў. Важна, што ў матэрыялах гэтага перапісу згаданы і асобныя гарады, напрыклад Мсціслаў. Умоўна можна назваць гэтыя матэрыялы гаспадарчым перапісам БССР.

Спісы гаспадарак па вёсцы Новае Палюдава Палюдаўскага с/с Коханаўскага р-на Аршанскай акругі за 1925 г.

Дакладнасць матэрыялаў асобных перапісаў можна лічыць высокай у дачыненні да лічбавых паказчыкаў, у той час як пазнака аб нацыянальнасці залежыла ад волі і ацэнкі не толькі гаспадароў, але і перапісчыкаў, адсюль і вялікая колькасць “рускага” насельніцтва на ўсходзе Беларусі.

Матэрыялы абодвух перапісаў адлічбаваны і захоўваюцца ў фондзе 30 “Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення БССР” (вопіс 2).

Спісы гаспадароў з матэрыялаў перапісаў 1925 і 1926 гг. актыўна размяшчаюцца на рэсурсе праекта “Дапаможнік” (распрацоўка Д. Ціхага, https://dapamoznik.blogspot.com) у выглядзе набранага з арыгіналу крыніцы тэксту. Аднак амаль ніколі няма спасылак на фонд-вопіс-справу (сігнатуру адзінкі захавання), з якой узята інфармацыя, што не дае магчымасць выкарыстаць апублікаванае для навуковай спасылкі ці папаўнення сямейнага архіву электроннай копіяй дакумента праз яе замаўленне ў архіве.

Перспектыўным напрамкам уяўляецца стварэнне базы дадзеных па абодвух перапісах, якая б магла істотна аблегчыць генеалагічны пошук, асабліва для пачаткоўцаў, сведчыла аб распаўсюджанасці прозвішчаў лепш чым сістэма “Дапаможнік” (распрацоўка БелНДЦЭД, https://helper.archonline.by), якая стваралася на падставе кніг “Памяць” са звесткамі за 1930-1940-я гг. Таксама база магла б стаць добрай крыніцай па “жывой” гісторыі населеных пунктаў Беларусі.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі

28.09.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 − = 2