Практычна кожная сучасная беларуская сям’я мае прыкмету сваёй лучнасці з папярэднімі пакаленнямі калі не ў выглядзе сямейнага архіву, то ў выглядзе памяці аб продках, іх паходжанні, самаідэнтычнасці, прафесійнай занятасці. Вусны наратыў пры адсутнасці або адмаўленні дакументальнай базы з’яўляецца даволі суб’ектыўнай, а таму аднабокай крыніцай інфармацыі аб мінулым. Сямейная вусная памяць нясе на сабе людскія скажэнні, бо нараджаецца не ў нетрах свядомасці нейкага канкрэтнага чалавека, а народжана калектыўным уяўленнем у працэсе яго часавай дэфармацыі. Па гэтай прычыне важна разумець, што не ўсё тое, што дайшло да нас праз перадачу перададзенага з’яўляецца быллю, рэчаіснай праўдай, якая мела месца быць.
