Стан развіцця кожнай гістарычнай дысцыпліны можа быць ацэнены ў тым ліку з пазіцыі прысутнасці ў яе гістарыяграфіі даследаванняў, якія шчыльна звязаны з іншымі напрамкамі сацыягуманітарнай скіраванасці і відамі мастацтва, напрыклад, з літаратурай. З гэтай прычыны генеалогія насельніцтва Беларусі як раней, так і цяпер, мае патрэбу ў даследаваннях радаводаў асабліва знакавых культурных дзеячаў нацыянальнага маштабу, адным з якіх, безумоўна, з’яўляецца Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930–1984) – паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
