Шаркаўшчынскі раён размешчаны ў межах Дзісненскай нізіны, на месцы дагістарычнага Дзісненска-Полацкага прыледавіковага вадаёма. Тэрыторыя раёна шырока задзейнічана ў сельскагаспадарчым выкарыстанні, за выключэннем асобных лясных і балотных масіваў на захадзе, усходзе і поўначы раёна.
Навагрудскі раён размешчаны на Навагрудскім узвышшы, літаральна ў самым
сэрцы Панямоння. Менавіта тут, вакол вялікакняжацкай рэзідэнцыі ў Наваградку, у
сярэдзіне ХІІІ ст. адбывалася паспяховае станаўленне Вялікага Княства
Літоўскага. На працягу стагоддзяў Наваградак заставаўся адным з найбольш
значных і буйных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (у
1506–1795 гг. з’яўляўся цэнтрам Новагародскага ваяводства). У 1795–1921 гг.
Навагрудскі павет уваходзіў у склад Мінскай губерні Расійскай імперыі, у
1921–1940 гг. у склад Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства
Польскай Рэспублікі.
Астравецкі раён размешчаны ў басейне ракі Вілія, на паўночна-заходняй
ускраіне Беларусі, у зоне этнічнага памежжа. У геаграфічным сэнсе ў межах раёна
вылучаюцца наступныя часткі: 1) Астравецкая, паўднёвая, у басейне ракі Лоша; 2)
Варнянска-Гервяцка-Міхалішкаўская, цэнтральная; 3)
Кемелішкаўска-Жэлядска-Клюшчанская, пааўночная, на поўнач ад ракі Вілія).
Раён заснаваны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з 1944 – Маладзечанскай,
з 1960 – Гродзенскай вобласці. Раён перажыў перыяд скасавання 1962-1965 гг.
Цэнтр атрымаў статус гарадскога пасёлка ў 1958 годзе. На 2019 г. у раёне
пражывала 27 683 чал., з іх 12 837 у Астраўцы.