Чачэрскі раён — яшчэ адна рана Чарнобыльскай аварыі на тэрыторыі Беларусі. На 2009 г. яго насельніцтва налічвала 15 790 чал., з іх большая палова пражывала ў горадзе Чачэрск. Чачэрскі раён утвораны 8 снежня 1926 года падчас другога ўзбуйнення БССР у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года ў раёне зацверджаны 21 сельсавет, у тым ліку два нацыянальных польскіх (Нова-Малыніцкі і Рудня-Нісімкавіцкі) і адзін нацыянальны рускі (Наўхавіцкі). Асобныя тэрыторыі сучаснага Чачэрскага раёна на той момант таксама ўваходзілі ў склад Свяцілавіцкага і Рагачоўскага раёнаў. На працягу існавання раён зведаў значную колькасць адміністрацыйных зменаў і перажыў перыяд небыцця 1962–1965 гг.
