Сямейна-родавыя паданні: аналітычны погляд на праблему памяці

Практычна кожная сучасная беларуская сям’я мае прыкмету сваёй лучнасці з папярэднімі пакаленнямі калі не ў выглядзе сямейнага архіву, то ў выглядзе памяці аб продках, іх паходжанні, самаідэнтычнасці, прафесійнай занятасці. Вусны наратыў пры адсутнасці або адмаўленні дакументальнай базы з’яўляецца даволі суб’ектыўнай, а таму аднабокай крыніцай інфармацыі аб мінулым. Сямейная вусная памяць нясе на сабе людскія скажэнні, бо нараджаецца не ў нетрах свядомасці нейкага канкрэтнага чалавека, а народжана калектыўным уяўленнем у працэсе яго часавай дэфармацыі. Па гэтай прычыне важна разумець, што не ўсё тое, што дайшло да нас праз перадачу перададзенага з’яўляецца быллю, рэчаіснай праўдай, якая мела месца быць.

Ілюстрацыя з сайта jewishboston.com

На сённяшні дзень беларускае насельніцтва застаецца ў пераважнай сваёй массе носьбітам больш вуснай чым пісьмовай культуры, асабліва гэта адчуваецца на прыкладзе пакаленняў 1920-1960-х гг., чыя маладосць прыйшлася на савецкі час, калі працэсы інфарматызацыі і культуралагізацыі грамадства знаходзіліся ў сваёй зародкавай фазе. 

Давер да пачутага ад людзей шляхам вербальнай перадачы інфармацыі асабіста, праз тэлефон, радыё, тэлевізар для выхадцаў з вёскі куды большы, чым увага да пісьмова-друкаванага прадукта. Аўтару гэтых радкоў даводзілася сустракаць людзей, якія грэбліва ставіліся да «паперак з архіва», маўляў, «чаго ў тым архіве не напішуць», але пры гэтым з пашанай успрымалі пачутае ад дзядоў у вуснай форме.

Такая растаноўка прыярытэтаў досыць уплывае на стаўленне да сямейных паданняў, якія не рацыянальна ацэньваць і ўспрымаць без крытыкі. Крытычны аналіз сямейнага падання — той інструмент, які дазваляе аддзяліць выдуманае калектыўнай свядомасцю абагульнення, замоўчвання і інтэрпрэтацыі, ад напраўду рэальнага феномену, што існаваў у канкрэтным часе і прасторы. Апорай для прымянення такога інструмента могуць выступаць гістарычны дакумент і гістарычны кантэкст. Калі канкрэтней, то без гістарычнага і крыніцазнаўчага паглыблення ў тэму, узбагачэння сваіх ведаў адносна мінулага немагчыма прыйсці да правільнай ацэнкі сямейна-родавага падання.

Шэраговыя сямейныя паданні, як правіла, звужаюць гістарычны кантэкст, звяртаюцца да буйных лакацый, драматызуюць або рамантызуюць акалічнасці. Паводле свайго зместу іх можна падзяліць на паданні: 1) саслоўнага паходжання; 2) этнічнага паходжання; 3) асабовага паходжання; 4) геаграфічнага паходжання; 5) змешанага паходжання. 

Ілюстрацыя з сайта: in.pinterest.com

У 1990-я — 2000-я гг. сярод беларусаў, якія звярталіся ў дзяржаўныя архівы, дамінавалі носьбіты саслоўных паданняў, што сведчылі аб сваім высакародным паходжанні. Часткова гэта тлумачыцца сацыяльнай драмай савецкага перыяду і жаданнем рэабілітавацца ў перыяд постсавецкі. Ужо само з’яўленне арганізацыі «Згуртаванне беларускай шляхты» і адсутнасць ўласнага генеалагічнага рэспубліканскага аб’яднання сведчыла пра дзяржаўна-палітычныя мроі пра Вялікае Княства Літоўскае, але ніяк не пра жаданне даследаваць генеалогію беларусаў па-за саслоўным кантэкстам.

З прыняццём краінамі суседкамі або папулярызацыяй у грамадстве такіх дакументаў як закон вяртання (Ізраіль, 1950), закон аб выгнанцах і бежанцах (ФРГ, 1953, рэдакцыі 1993 і 2013), закон аб карце паляка (2007), закон аб грамадзянстве Літоўскай Рэспублікі (Літва, 2016) больш папулярным зрабіўся пошук у глыбінях сямейнай памяці сюжэтаў, звязаных з іншародным паходжаннем. З іх ліку найбольш дамінуе на сёння тэма польскага паходжання, па прычыне шматвяковай агульнай палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, этнакультурнай гісторыі. Не апошняй прычынай чаму беларусы рынуліся за атрыманнем дакументаў аб паходжанні ад іншых народаў, акрамя асаблівасцяў уласна беларускай палітыкі, эканомікі і сацыяльнай сферы на сённяшнім эьапе, стала прычына культуралагічнага характару — адсутнасць у беларусаў сваёй прэзентабельнай нацыянальнай ідэнтычнасці, якой можна было б ганарыцца і якую можна было б выстаўляць на паказ. Адсюль хісткае становішча паміж пальшчызнай і расейскасцю, паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі.

Тэма сямейна-родавых паданняў беларусаў у XV-XIX стст. даследавана на сённяшні дзень недастаткова. Асаблівай цікавасцю навукоўцаў, зразумела, карыстаюцца магнатэрыя і буйная шляхта часоў Рэчы Паспалітай (даследчыкі С. Рыбчонак, А. Скеп’ян, А. Шаланда) і маламаёмасная шляхта часоў Расійскай імперыі (даследчыкі Я. Глінскі, З. Дрозд, В. Калечыц). Паводле даследаванняў, уяўленні першых аб уласным паходжанні часцяком залежылі ад палітычных арыентыраў, уяўленні другіх — ад прагматычных надзей на ўтульнае існаванне ў складзе новай дзяржавы. У першым і другім выпадках вялікая была роля асоб з канцылярый і архіваў, якія ўплывалі на дакументаванне родавых амбіцый кліентаў і маглі мець у гэтым працэсе выключнае значэнне. Так ці інакш але ў дакументаванні рэальнай праўды, рацыянальна даведзенай, перш зацікаўленымі застаюцца сучасныя даследчыкі гісторыі. 

Што ж датычыцца простага люда, то рэдкія звесткі аб сямейна-родавай свядомасці ў дарэвалюцыйныя перыяды сведчаць аб параўнальна неглыбокай родавай памяці, якая тычылася жыцця старэйшых яе носьбітаў — старажылаў і таго, што ім расказвалі старэйшыя. Як правіла, веданне імёнаў сягала трох пакаленняў, а гістарычныя падзеі лакальнага і глабальнага характару адбіваліся ў памяці праз уражанне, якое пакідалі. Калі непасрэдны ўдзельнік бачанага мог распавядаць аб ім блізка да рэальнасці, то яго нашчадкі звужалі пачутае і пакідалі ў свядомасці найбольш запамінальныя або незвычайныя часткі. Невыпадкова ў беларускім сямейна-родавым, а затым рэгіянальным фальклоры мы сустракаем татар, шведаў, французаў, казакаў, радзей сербаў, славакаў, чэхаў, маскавітаў, італьянцаў і інш. Іх след праявіўся не толькі ў тапаніміцы, але і ў канкрэтных паданнях, якія ў тым ліку сведчылі аб паходжанні канкрэтных родаў.

Фота з асабістага архіва Паўла Хадзінскага (збор фотаздымкаў жыхароў вёскі Новы Двор Мінскага р-на)

У сучасным сямейна-родавым фальклоры не так шмат сюжэтаў, дзе б сведчылася аб беларускім паходжанні продкаў. Бадай, выключэнне складаюць сямейна-родавыя паданні Палесся, дзе ў вусным наратыве многіх сёлаў, у легендах аб паходжанні назваў, фігуруюць не абстрактныя продкі, а людзі з імёнамі, прозвішчамі і мянушкамі, што дублююць прозвішчы і мянушкі сучаснага насельніцтва. Для таго, каб у гэтым упэўніцца дастаткова праглядзець якую-небудзь добра падрыхтаваную кнігу «Памяць» па адным ці некалькіх раёнах Палесся.  

Аднак большае, усё ж такі, сямейна-родавых легенд аб іншаземных паходжанні. Зусім нядаўна пад увагай дыскурса пэўнага сегмента беларускага грамадства былі быццам татарскія карані бярозаўскага актывіста Вітальда Ашурка, якія базіраваліся выключна на ўласным заключэнні самаго Вітальда. Між іншым гэтую нічым не абгрунтаваную пазіцыю многія асобы, у тым ліку з гістарычнай адукацыяй, прынялі за чыстую манету. Падобны давер да чужога сведчання аб сваім родавым паходжанні вельмі характэрны да беларусаў і робіцца па-просту анекдатычным. Калі тое, што тычыцца гісторыі дзяржаўнай установы ці біяграфіі знакамітай асобы ўважліва пераправяраецца, то пытанне паходжання цалкам аддаецца на водкуп канкрэтнага чалавека ці грамады асоб. Слабая дасведчанасць дылетанта ў антрапалогіі, анамастыцы, генеалогіі і адсутнасць спецыялізаваных і сучасных падручнікаў на гэты конт прыводзіць да памнажэння розных баек, накшталт шляхецкага паходжання продкаў Уладзіміра Караткевіча па бацьку або роднаснай блізкасці Каліноўскіх з вёскі Навозы Жлобінскага раёна з Кастусём Каліноўскім (знакамітае паданне аб паходжанні ад гістарычнай асобы, пра якое нават знялі выпуск перадачы «Кожны з нас» на Белсат).

Мне даводзілася сустракацца з прамымі сведчаннямі нашчадкаў беларусаў з прозвішчамі Аліфер, Жульега, Лавор аб тым, што продкі з’яўляюцца палоннымі жаўнерамі Напалеонаўскай арміі, якія засталіся ў Беларусі прыжаніўшыся з беларускамі. Аднак ці варта казаць, што гэта, у пераважнай большасці выпадкаў, аправяргаецца генеалагічнымі крыніцамі, а толькі сведчыць аб родавых мянушках, замацаваных за продкамі ў XVI або XVII ст. Прыгадваецца даволі забаўны выпадак, калі нашчадкі беларускага шляхецкага роду Акінчыцаў з Гомельскага Палесся на поўным сур’ёзе лічылі гэта прозвішча шведскім, а сябе нашчадкамі шведскага жаўнера часоў Паўночнай вайны 1700-1721 гг.    

Паданні аб паходжанні з палякаў і яўрэяў, безумоўна, выбіваюцца з агульнай масы па прычыне большай папулярнасці з-за выразнай часавай, побытавай і сацыяльнай блізкасці гэтых народаў да беларусаў у часы Рэчы Паспалітай і мяжы яўрэйскай аседласці.

Ілюстрацыя з сайта: b17.ru

Галоўная навуковая праблема ў тым, каб аддзяліць беларусаў ад палякаў і наадварот, палягае ў нявызначанасці крытэрыяў ацэнкі. Калі мы разглядаем этнічнасць — як крэўную самаідэнтычнасць, то гэта адно, а калі этнічнасць — як самасвядомасць, то гэта другое. Ёсць яшчэ трэцяе адасабленне, звязанае з позіркам збоку — з пазіцыяй чужой суб’ектыўнай ацэнкі.

У беларускіх рэаліях усе тры падыходы мелі месца, але пануючым, на маю думку, з’яўляецца другі падыход. Палякамі сябе часцей называлі каталікі, носьбіты польскай культуры, свядомасці і ў асобных выпадках мовы (так, беларускамоўныя таксама маглі лічыць сябе палякамі). Шмат у чым папулярнасць пальшчызны была звязана з касцельнай асветай, якая выразна праводзіла мяжу паміж сусветамі і спрыяла трывалай ідэнтычнасці. Пры гэтым настолькі трывалай, што і ў савецкі час, калі дзяржаўная ідэалогія прыкладала максімум намаганняў да стварэння ідэнтычнасці савецкага чалавека на падмурку рускай культуры, аказалася жыццяздольнай больш за беларускую. На другім месцы па папулярнасці ідуць палякі, якіх палякамі лічылі. Часцей гэта жыхары цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, якія да 1917 г. або да 1939 г. пражывалі пры «паляках» — на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэтакае паходжанне накладала адбітак на ўспрыманне выхадцаў з тых рэгіёнаў як палякаў у незалежнасці ад іх саслоўя і веравызнання. Так, польскае паходжанне маіх Адамовічаў па маці, якія жылі па вайне ў Старадарожскім раёне, зводзілася выключна да памяці аб тым, што прадзед Гілёр перабраўся ў колішні Бабруйскі павет з тэрыторыі Навагрудскага. Гэты павет амаль цалкам пры паляках увайшоў у склад ІІ Рэчы Паспалітай (Польшчы). І, нарэшце, трэцяя катэгорыя — палякі, якія ў этнагенетычным плане мелі дачыненні да польскага этнасу, то бок пражывалі тут з часоў І Рэчы Паспалітай, прыехалі з Царства Польскага ў пазнейшы час, або з’яўляліся бежанцамі часоў Першай сусветнай вайны ці польскімі асаднікамі 1930-х гг. Аднак, сямейна-родавыя легенды, у якіх згадваюцца такія палякі з этнічнай Польшчы, не заўсёды рэалістычныя. Дзеючыя героі могуць проста адносіцца да адной з дзьвюх вышэй пазначаных катэгорый.

Паданні аб яўрэйскім паходжанні насычаны яшчэ больш стракатымі фарбамі. Ёсць нямала сапраўдных нашчадкаў беларускіх яўрэяў, якія параскіданыя па свеце, спрабуюць зазірнуць у сямейную гісторыю з Канады, Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі і іншых экзатычных рэгіёнаў. Аднак пэўны працэнт складаюць жыхары Беларусі, якія пры звароце ў архівы выводзяць сваё яўрэйскае паходжанне ад людзей з цалкам беларускімі прозвішчамі і імёнамі. За аснову, як правіла, пакладаецца байка аб яўрэйскасці на падставе знешняга выгляду, службы ў яўрэйскай сям’і, валоданні ідышам ці проста «бацька называў маці жыдоўкай», «бабуля казала, што дзеда звалі Майсей». Дарэчы, нярэдка інтэрнацыянальныя хрысціянскія імёны з яўрэйскімі каранямі — Майсей, Ісак, Давід, Сямён, Аўрам — лічацца фармальнай падставай выводзіцца ад яўрэяў. Нашчадкаў «яўрэяў» пры гэтым ніяк не турбуе, што іх продкаў хрысцілі ў цэрквах і адно гэта ўжо ніяк не сведчыць аб яўрэйстве (я ведаю, што некаторыя яўрэі прымалі хрысціянства, але гаворка не аб гэтым). 

У цэлым, пошук дакументаў аб нацыянальнасці ў матэрыялах Нацыянальнага архіўнага фонда дарэвалюцыйнай часткі справа малавыніковая, бо нацыянальнасць у адрозненні ад канфесійнасці не лічылася важным элементам ідэнтычнасці і ў метрычных кнігах не фіксавалася.

Ілюстрацыя з сайта: designmyhome.ru

Сямейна-родавыя легенды геаграфічнага паходжання асноўнай сваёй асаблівасцю маюць скажэнне месца паходжання продкаў шляхам спрашчэння доўгай геаграфічнай прывязкі таго месца, адкуль адбылося іх перасяленне. Звычайна поўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная прывязка пазначалася ў дакументальных матэрыялах — білетах, пашпартах, прашэннях, хадацкіх пасведчаннях. Сямейная памяць, як правіла, замест сяла Галавічы Дрыбінскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні, захоўвае ў лепшым выпадку Дрыбін ці Чавусы, у горшым Магілёў. Адпаведна архіўны пошук з самага пачатку вядзецца па няправільным следзе і адмоўна ўплывае на вынік даследавання. Звароты грамадзян у гістарычныя архівы з просьбай пашукаць продкаў у Гомелі ці Магілёве, сфармуляваныя на падставе ўспамінаў, як правіла, натыкаюцца на адмоўны вынік.

У маім выпадку родзічы казалі, што прапрадзед Франц Урублеўскі (1873-1950) паходзіў з купцоў горада Вільні, але даследаванне паказала, што паходзіў ён з засценка Куйкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні і з дваранскай сям’і. Калі геаграфічная акалічнасць звязана з дзяржавай Літва са сталіцай у Вільнюсе (Вільні), то саслоўнае несупадзенне можна патлумачыць імкненнем рамесніка-краўца ніяк не нагадваць сям’і аб яе дваранскім паходжанні. Цікава, што памяць нашчадкаў змяніла яго імя па бацьку з «Валянцінавіч» на «Канстанцінавіч». Добры прыклад змяшанага падання аб сямейна-родавым паходжанні.

Уяўляецца вартым падкрэсліць, што сямейнае паданне ў любым выглядзе можа быць поўнавартаснай культурнай каштоўнасцю як такой, але, калі нас цікавіць гістарычная праўда, мы мусім падняцца над паданнем, а менавіта абагаціць сваю сямейную памяць не толькі вусным наратывам, але і дакументальнымі знаходкамі.

Тэкст падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі.

15.08.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


6 − = 2