Ва ўмовах незахаванасці метрычных кніг, як крыніц прамой генеалагічнай інфармацыі, за канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў, асаблівую каштоўнасць набываюць іншыя гістарычныя дакументы, якія могуць змяшчаць звесткі з гісторыі сям’і і генеалагічную інфармацыю.
Звернемся да наступных заканадаўчых актаў:
1893, 19 студзеня – выданне “Пастановы аб пазямельным уладкаванні “рускіх” арандатараў праваслаўнага веравызнання”. Адпаведна яе праваслаўныя арандатары, якія на дамоўных умовах валодалі зямлёй у адным месцы больш за 40 год, маглі набываць зямлю ў прыватную ўласнасць.
1903, 17 сакавіка – закон аб праве выкупаць зямельныя надзелы тым асобам, у тым ліку каталікам, якія арандавалі зямлю на адным месцы да паўстання 1863 (маглі паходзіць з вольных станаў, у тым ліку з адпушчаных на волю да 20.11.1857 прыгонных сялян).
З’ява знайшла адбітак у матэрыялах губернскіх па сялянскіх справах прысутнасцяў, фонды якіх захоўваюцца ў гістарычных архівах Беларусі ў Мінску і Гародні. У прыватнасці, справы аб выкупе зямлі могуць уключаць вельмі разнастайную дакументацыю:
1) Прашэнні аб дазволе выкупаць зямлю ў памешчыка;
2) Скаргі на рашэнні неадменнага члена павятовага з’езда і павятовай па сялянскіх справах прысутнасці аб адмаўленні ў праве выкупа.
3) Пастановы аб дазволе права выкупа зямлі з уласнасці памешчыка;
4) Выкупны акт з пазначэннем колькасці дзесяцін выкупаемага надзелу і месцам яго размяшчэння.
5) Папярэднія арэндныя дамовы арандатара з землеўласнікам з рэгламентаванымі ўмовамі арэнды.
6) Выпіскі з метрычных кніг, рэвізскіх сказак, спавядальных ведамасцяў і пасямейных спісаў, якія сведчаць аб непрыгонным стане прашэнцаў да часу адмены прыгоннага права.
24.06.2017