Правілы дэтальнага апісвання могілак

01. Правілы дэтальнага апісвання могілак (рэкамендацыі Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры РБ):

1. Вызначэнне афіцыйнай назвы могілак на афіцыйнай мове тэрыторыі і традыцыйнай (пабытовай) назвы. Вызначэнне адміністрацыйнай прыналежнасці і падначаленасці могілак, дакладнага адрасу з усімі рэквізітамі і тэлефонамі адміністрацыі. Вызначэнне тапаграфічнага становішча аб’екта.

2. Пошук або стварэнне плана могілак, удакладненне тапаграфічнай уладкаванасці (надзелы, зоны, квадраты могілак). У выпадку адсутнасці плана самастойна ствараецца сістэма адпаведных каардынат.

3. Вызначэнне адсутнасці або наяўнасці рэгістрацыйнай кнігі могілак, картатэкі і іншага даведкавага матэрыяла (праводзіцца іх выкарыстанне). Пошук даведак аб смерці і пахаванні, планаў і схем могілак.

4. Пошук падтрымкі ад мясцовых краязнаўчых арганізацыяў і музеяў, архіваў, уладаў.

5. Апісанне канфесіянальнай прыналежнасці могілак (або іх асобных частак). Складанне гістарычнай даведкі і апісання бліжэйшых касцёлаў, цэркваў, мячэцей, сінагог, кірхаў, збораў. Выяўленне захаваных метрычных кніг, характарыстыка магчымасці іх выкарыстання для апісання могілак.

6. Правядзенне натурнага апісання магілы (стварэнне інвентарнай карткі пахавання – гл. ніжэй).

7. Збор дадатковай інфармацыі: СМІ, архівы, мемуары, даведнікі, слоўнікі. Пошук пацвярджэння датам смерці і нараджэння, прозвішчам, змешчаным на помніку. Далучэнне спецыялістаў (мастацтвазнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў) і мясцовых жыхароў.

8. Звядзенне ўсёй інфармацыі ў адну крыніцу. Складанне гістарычнай даведкі аб могілках і нарыса аб мясцінах.

9. Вырашэнне пытання аб неабходнасці надання могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пры апісанні могілак рэкамендуецца складаць такую форму для кожнай магілы (фармат А4).

Інвентарная картка пахавання (прыклад):

1. Від аб’екта: надмагільная пліта (або крыж, бервяно, камень, скульптура, барыльеф, капліца).

2. Выява аб’екта: фотаздымак.

3. Тэкст надпісу:

“Каліберда Сцяфан Кузьміч. Памёр 29.08.1954. Жыў 36 год.”

4. Фотафіксацыю выканаў: Горбач В.У.

5. Дата: 16.07.2008 г.

6. Інвентарны нумар: БН25/407.

7. Схема размяшчэння аб’екта: пазначэнне на схеме месца, дзе размяшчаецца аб’ект.

8. Матэрыял: бетон.

Стан аб’екта: тэхнічны стан аб’екта здавальняючы.

9. Дадаткі (калі маюцца).

Такім чынам, кніга могілак павінна змяшчаць:

1) інфармацыйная даведка пра мясцовасць;

2) гістарычная даведка пра могілкі;

3) схема-план могілак;

4) інвентарная картка кожнага пахавання;

5) вызначэнне гісторыка-культурнай вартасці аб’екта; прапанова па наданні могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

02. Правілы агульнага апісвання могілак (Урублеўскі В.В.):

1) А) Вызначэнне афіцыйнай і мясцовай назвы могілак, канфесійнай прыналежнасці; пералік населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца могілкамі.
Б) Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае (вобласць, раён, сельскі савет) і тапаграфічнае становішча (межы, рэльеф, глеба, расліннасць, наяўнасць уваходаў і сцежак).
2) А) Гістарычная даведка пра могілкі. Храналагічныя рамкі выяўленых пахаванняў і матэрыял, з якога створаны помнікі (камень, бетон, дрэва, граніт). Цікавасць прадстаўляе самае ранняе выяўленае пахаванне. Праводзіцца абавязковае апісанне і фотафіксацыя найбольш каларытных помнікаў (асаблівую цікавасць уяўляюць даваенныя пахаванні).
Б) Апісанне і фотафіксацыя курганоў, капліц, цвінтара, помнікаў памятным падзеям і знакамітым людзям. Праводзіцца фотафіксацыя і тых мясцін, на якіх згаданыя аб’екты знаходзіліся раней, але не захаваліся.
3) Складанне схемы-плана могілак і вызначэнне гісторыка-культурнай вартасці аб’екта; прапанова па наданні могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

P.S. Кожная фотафіксацыя суправаджаецца дакладнай палітарнай перадачай тэксту. Адрозненне ад дэтальнага апісання могілак заключаецца ў адсутнасці інвентарнай карткі кожнага пахавання і абавязковай фотафіксацыі ўсіх помнікаў, у т.л. пасляваенных.

Прыклад агульнага апісання (без складання схемы-плана і вызначэння гісторыка-культурнай вартасці аб’екта) на наступных аркушах ніжэй:
Целякоўскія могілкі

Афіцыйная назва – могілкі вёскі Целякова Уздзенскага р-на.
Мясцовая назва – могілкі на Градцы.
Канфесійная прыналежнасць – праваслаўныя.
Населеныя пункты – Алёхаўка, Міколка, Целякова.

Знаходзяцца ў Целякоўскім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл., побач з прасёлкавай дарогай ад вёскі Целякова да вёскі Міколка, у межах былога пас. Градка (з 1978 г. у межах Целякова).

З паўночнага і паўднёвага боку – гаспадарчыя надзелы; з захаду – дарога на в.Міколка; з усходу – выган. Мясцовасць раўнінная з невялікімі лагчынамі. Глеба – дзярновая і дзярнова-падзолістая. Тэрыторыя парослая соснамі, клёнамі, асінамі, бярозамі, алешынамі. Маладая паўночная частка могілак больш пазбаўлена дрэў. Усходняя частка зарослая больш.

Дадзены могільнікавы комплекс існаваў яшчэ ў XVIII ст. Храналагічыя рамкі выяўленых пахаванняў: з сяр. ХІХ ст. да нашага часу. Невыключана, што маюцца пахаванні і больш ранняга перыяду. Самае ранняе выяўленае пахаванне датуецца прыблізна 1867 г. і датычыцца пахавання дзесяцігадовай Ганны Юстынавай Берасцевіч (помнік каменны выцягнуты). Помнікі ХІХ – пачатку ХХ стст. як правіла каменныя і гранітныя. Сучасныя пахаванні ў большасці абнесены аградкамі.

Надпісы на дарэвалюцыйных могілках на расейскай мове з наяўнасцю існуючых тады грамматычных і арфаграфічных норм (напрыклад, падача “ъ” на канцы слоў). Сярод помнікаў найноўшага часу тры на беларускай мове. Яны абнесены адной агароджай і належаць двум сёстрам-настаўніцам Станішэўскім і мужу адной з іх Сцяфану Калібердзе.

Да могілак ёсць два ўваходы, і адпаведна дзве сцежкі, з боку дарогі на Міколку. Сцежка з паўночнага ўваходу вядзе да брацкага пахавання воінаў Сав. Арміі, што загінулі ў 1941-1943 гг. Сцежка з паўднёвага ўваходу вядзе да помніка загінуўшым у 1941-1945 гг. воінам Сав. Арміі і партызанам. Пад ім жа пахаваны лейтэнат В.К. Галалобаў. Абодва пахаванні ўнесены ў дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры.

На паўночным краю могілак знаходзілася пахавальня памешчыка Эдуарда Канстанцінавіча Гарцінга, уладальніка маёнтка Целякова, зруйнаваная ў 1960-1970-гг. У цэнтры могілак змяшчалася драўляная капліца-касцяніца (трупярня), побач з ёй быў пахаваны целякоўскі святар Георгі Шумаковіч.

З ліку мясцовых знакамітасцяў, пахаваных на могілках, варта ўзгадаць наступных:

Стрыгельскі Павел Панфілавіч (1.1.1922-30.11.1983) – ветэран Вялікай айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай бітвы (узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені і медалямі). Ж.Валянціна Іванаўна (1929-2001).

Шымановіч Макар Данілавіч (10.01.1915-02.11.1984) – ветэран Вялікай айчыннай вайны, кіраўнік Целякоўскай падпольнай группы (жнівень 1941 – красавік 1942), затым камандзір аддзялення ў атрадзе М.М.Нікіціна.

Помнікі ХІХ-пачатку ХХ ст.

001 002

Пахаванне Ганны Юстынавай Берасцевіч

(* 1857 + каля 1867 г.)

Пахаванне Фелікса (Феліцыяна) Міхайлава Жабчыца

(*1825 + 1890-я гг.)

003 004

Пахаванне Мацвея Ігнатава Карповіча

(*1804 + 27.11.1871)

Пахаванне Якава Паўлава Берасцевіча

(*1824 + 1900)

005

Пахаванне селяніна в.Алёхаўка
Антона Іосіфавіча Барталевіча (*01.10.1839 +29.02.1893).

Помнік каменны з крыжыкам. Сігнатура:
Здесь покоится/ рабъ Божий/ Антонъ/
Барталевичъ/ жилъ л.50/ ум. 1893 29 февраля/

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


6 − = 4