16 красавіка 2015 г. у межах моўных курсаў “Моваведа” на Арт-сядзібе гандлёвага цэнтра “Маскоўскі-Венскі” (Мінск, пр. Незалежнасці, 58) адбылася сустрэча Вадзіма Урублеўскага з удзельнікамі згаданай ініцыятывы. Слухачы азнаёміліся з пакліканнем і сутнасцю генеалогіі як сферы дзейнасці, атрымалі ўяўленне аб генеалагічных дакументах Нацыянальнага архіўнага фонду, пабачылі архіўныя копіі.
У другой частцы занятка навучэнец курсаў “Моваведа” і Школы Практычнай генеалогіі Аляксандр Аляксееў адлюстраваў свой вопыт падачы генеалагічнай інфармацыі ў адной з генеалагічных праграм.
У трэццяй частцы адбылася моўная размінка, падчас якой удзельнікі курсаў складалі невялікія тэксты з ужываннем старых беларускіх словаў, якія вызначаюць сямейна-роднасныя повязі.
Праводзіў заняткі стваральнік і кіраўнік курсаў вядомы грамадскі дзеяч Аляксей Шэін, чый раман-фэнтэзі для падлеткаў “Сем камянёў” не так даўно пабачыў свет.