Выпускны занятак Школы Практычнай генеалогіі (26.04.2015)

26 красавіка 2015 г. адбыўся апошні ў гэтым сезоне занятак Школы Практычнай генеалогіі. Ужо другі год запар выпускны ШПГ адбываецца на праваслаўны дзень жанчыны – дзень Памяці жанчын-міраносіц. “Міраносіцы і апосталы – вобраз двух бакоў нашага жыцця: пачуцця і разважлівасці. Без пачуцця – жыццё не жыццё; без разважлівасці – жыццё сляпое, шмат марнуецца і нямнога добрага плёну прыносіць. Трэба спалучаць адно і другое” (Св. Феафан Затворнік).

У кантэксце занятку адбыліся выступленні гісторыка-археолага Леаніда Калядзінскага і гісторыка-мастацтвазнаўца Марыі Нецвятаевай. Першае ўяўляла сабой экскурс у далёкае гістарычнае мінулае нашага народу з асвятленнем умоў пражывання нашых продкаў. У прыватнасці, яно прысвячалася гісторыі і лёсу вынікаў археалагічнага раскопа на месцы дзядзінца верхняга замка Віцебска ў савецкі час (культурны слой Х–XVIII стст.). У другім паведамленні асвятлялася гісторыя рускага святарскага роду Нецвятаевых, прадстаўніком 14-га пакалення якога з’яўляецца клірык Свята-Духаўскага кафедральнага сабора айцец Дзмітрый Нецвятаеў, муж матушкі Марыі. Асабліва ўражлівым у гэтым дачыненні быў аповяд аб сям’і яго дзядулі і бабулі – протаіерэя Дзмітрыя і матушкі Алены Нецвятаевых, якія нарадзілі і ўзгадавалі 16 дзяцей.

Працягам мерапрыемства стала выступленне музыкі Зміцера Цярэнцьева з трыма беларускамоўнымі песнямі хрысціянскага зместу (“Благадаць”, “Насупраць”, “Святая Сафія”). Як і ў папярэдні год, найбольш актыўныя выпускнікі атрымалі ганаровыя граматы і падарункі. Настаяцель прыхода Св. Мікалая Японскага протаіерэй Павел Сярдзюк распавёў пра агульнае значэнне Школы Практычнай генеалогіі ў кантэксце ўсёй асветніцка-культурнай дзейнасці прыхода. Завершылася мерапрыемства брацкай агапай.

Школа Практычнай генеалогіі восенню распачне новы сезон сваёй асветніцкай і навучальнай дзейнасці. Дарога да яе нікому не замкнёна. Запіс адбываецца па-ранейшых правілах: www.n-do.by/школа-практической-генеалогии-новый/

Чакаем бачыць цікаўных у новым навучальным годзе. З Богам, дарагія сябры, браты і сёстры!

01 02 03 04

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


+ 4 = 6