Вечарына на тэму “Радавод”

У вялікую перадвелікодную пятніцу праваслаўныя хрысціяне прыгадваюць падзеі на Елеонскай гары, у Гефсіманскім садзе і на Галгофе. Укрыжаванне Хрыста – вынік чалавечай чэрствасці і бездухоўнасці, жадання замест праведнага жыцця шляхам пазбаўлення граху і прыўнясення ў свет лепшага быць богам без Бога.

944378_560337320684689_767077203_nФота справаздача>>>

Відэа>>>

Кожнае вартае культурніцкае мерапрыемства – гэта служэнне бліжняму, імкненне не толькі найлепш выразіць яго ўнутраны стан, але і даць падказку ў імя чаго і як існаваць у нялітасцівым свеце прагматызму і разбэшчанасці.

Пазнанне ісціны не магчыма без пазнання Бога. Богапазнанне адбываецца праз самапазнанне – спасціжэнне таго багацця, якое закладзена Богам у чалавечую прыроду. Адзін са шляхоў самапазнання – генеалогія.

3 траўня 2013 г. (пятніца) у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 47) ў межах Міжнароднага фестываля саверсізму і ігдрасілізму Дах-Крах-ХХ адбылося асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае тэарэтычным і практычным пытанням генеалогіі. Выступоўцамі з’яўляліся прадстаўнікі гуртка даследнікаў генеалогіі на гістарычным факультэце БДУ – Вадзім Урублеўскі і Апанас Бацяноўскі.

Выступ намесніка старшыні ГДГ “Радавод” Вадзіма Ўрублеўскага быў прысвечаны вызначэнню шляхоў самапазнання праз генеалогію. Ён падкрэсліў яе важнасць пры накапленні звестак пра паводзіны і учынкі крэўных людзей, іх час, фізічныя і псіхічныя якасці, што фармуюць нашу спадчыннасць. Адзначана актуальнасць пазнання асабістага досвед нашых папярэднікаў на жыццёвым шляху іх набліжэння або аддалення ад Бога. У другой частцы выступ датычыўся характарыстыкі дакументаў XVI–XXI стст. з дзяржаўных архіваў Беларусі, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію і гісторыю беларускіх сем’яў. Акрамя гэтага, Вадзім Урублеўскі падкрэсліў важнасць фотаздымкаў, мемуараў і асабістых дакументаў з сямейных архіваў, а таксама знакавасць могілак, як месцаў захавання памяці пра спачылых продкаў, зафіксаванай у надмагільных надпісах.

У выступленні Апанаса Бацяноўскага аўтар паведаміў пра практычны досвед пабудовы радаводу Бацяноўскіх, жыхароў маёнтка Прылепы Мінскага павета, ад нашага часу да прадстаўніка дзесятага калена роду баярына Аўхіма Бацяноўскага, які жыў у другой палове XVII – першай палове XVIII ст.

Выступленні суправаджаліся відэазапісам, фатаграфаваннем, раздаваннем анкет для запаўнення і візітовак суполкі, рэкламай асноўных сайтаў са звесткамі пра генеалогію Беларусі і генеалагічных праграм. Прысутныя задавалі пытанні выступоўцам пра парадак звароту ў архівы.

Да ўдзелу ў пасяджэннях ГДГ “Радавод” і ягонай дзейнасці запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца каранямі свайго роду і кіруецца ўстойлівым жаданнем праз пазнанне жыццёвага шляху продкаў лепш спазнаць сябе і акрэсліць свой шлях да ісціны!

Фота справаздача>>>

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


8 + = 13