У апошнія гады складанне радаводу значна спрасцілася, дзякуючы тэхналагічнаму развіццю. У прыватнасці, вялікую дапамогу даследчыкам могуць скласці разнастайныя онлайн-базы, на жаль, не вельмі развітыя ў Беларусі.
Аднак у суседняй Польшчы онлайн-генеалогія развіваецца вельмі паспяхова. Як з яе дапамогай можна скласці радавод, пакажа гэты артыкул, які распавядзе пра пошукі продкаў Люцыяна Карвацкага (1893-1965).
Люцыян Эдвардавіч Карвацкі нарадзіўся ў Польшчы ў 1893 годзе. У 1919 годзе ён ажаніўся ў Менску з мясцовай жыхаркай Стэфаніяй Супрыновіч (1899-1984) і застаўся тут жыць. У 1922-1941 гадах працаваў на Менскай швейнай фабрыцы “Кастрычнік” у якасці кантралёра закройнага цэху. Пасля вайны выкладаў у швейнай вучэльні. Памёр у 1965 годзе і быў пахаваны на Усходніх могілках. Меў дачку Яніну і сына Генрыка.
Збольшага гэта была асноўная інфармацыя, вядомая ягоным нашчадкам. Дакладнае яго месца нараджэння было невядомае.
Паводле акту смерці, выдадзенага ў 1959 годзе, ягоны бацька – Эдвард Карвацкі памёр у 1931 годзе ў мястэчку Кола (сённяшняе Вялікапольскае ваяводства) у веку 75 гадоў. Быў народжаны ў парафіі Брудзэва Кольскага павета ў сям’і Юзафа і Вікторыі Карвацкіх.
З кнігі “Księga Polaków uczestników Rewolucji Październikowej 1917-1920; biografie” вынікае, што Люцыян Карвацкі навучаўся ў Калішы (былы губернскі цэнтр для Кольскага павета) у рамесніцкай школе, пасля працаваў краўцом. У 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны ён быў прызваны ў расейскае войска, дзе ў 1917 годзе далучыўся да рэвалюцыйнага руху – партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літва, а затым і бальшавіцкай РСДРП.
Радавод Карвацкіх
Важным памочнікам у справе адшукання каранёў Карвацкіх з’яўляецца “Poznan Project”,у якім індэксаваныя шлюбы, заключаныя ў Вялікапольшчы ў 1800-1899 гадах. Тут мы пад 1884 годам у каталіцкай парафіі Клодава знаходзім запіс пра шлюбы Эдварда Карвацкага (29 гадоў), сына Юзафа Карвацкага і Вікторыя Квяткоўскай, з Юліянай Варкачэўскай (19 гадоў), дачкой Апалінарыя Варкачэўскага і Уладыславы Астроўскай. Клодава – гэта мястэчка ў сённяшнім Кольскім павеце.
Тут жа мы знаходзім звесткі пра тое, што ў 1853 годзе ў парафіі Брудзэва ажаніліся памянёныя Юзаф Карвацкі (26 гадоў), сын Міхала і Марыяны, і Вікторыя Квяткоўская (28 гадоў), дачка Бартломея і Веранікі.
А ў 1819 годзе ў Брудзэве ажаніліся Міхал Карвацкі (20 гадоў) і Марцыяна Юркевіч (20 гадоў).
У 1807 годзе ёсць запіс пра шлюб у Брудзэве і Бартломея Квяткоўскага з Веранікай Суравец.
“Poznan Project” – не адзіны рэсурс, які збірае і публікуе звесткі з генеалогіі Велікапольшчы. Яшчэ адным рэсурсам з’яўляецца BaSIA, дзе сабрана каля 4,8 млн генеалагічных запісаў з усяго рэгіёну. І не толькі шлюбных.
Тут мы за 1855 год знаходзім узгадку пра нараджэнне Эдварда Карвацкага, сына Юзафа і Вікторыі з Квяткоўскіх.
За 1827 год – Юзафа Карвацкага, сына Міхала і Марыяны Юркевіч.
За 1825 года – Вікторыі, дачкі Бартломея і Вераніка Сэравецкай.
А абвестка за 1819 год пра шлюб паведамляе, што бацькамі Міхала Карвацкага (20 гадоў) былі Ян Карвацкі і Марыяна, а Марцыяны Юркевіч (20 гадоў) – Анджэй Юркевіч і Катажына.
З іншых метрык мы таксама даведваемся, што дзявочае прозвішча жонкі Анджэя Юркевіча (Ёркевіча) Катажыны – Петшыкоўская.
А пад 1827 годам маем звесткі пра смерць у 70 гадоў Марыяны, жонкі Яна Карвацкага.
Пад 1828-м – самога Яна Карвацкага ў веку 88 гадоў. Пра тое, што гэта менавіта патрэбны Ян, сведчыць згадка пра ягонага сына Міхала.
У 1850 годзе памерла ўдава Вераніка Квяткоўская, якой было 65 гадоў. Увогуле яе прозвішча ў дакументах сустракаецца ў трох варыянтах: Суравец, Суравецкая, Сэравецкая. Найбольш пашыраны трэці варыянт.
Ейны муж Бартломей Квяткоўскі памёр у 1842 годзе ў веку 56 гадоў.
У 1811 годзе паведамляецца, што жонка Яна Карвацкага Марыяна насіла дзявочае прозвішча Франкевіч.
Даследчык роду Карвацкіх Анджэй Карвацкі з Кракаву ў сваіх запісах паведамляе, што бацькамі Яна Карвацкага і ягоных братоў былі Томаш і Марыяна Карвацкія.
Таксама паведамляецца, што Ян Карвацкі быў рамеснікам-гарбаром. Гарбаром быў і ягоны сын Міхал, “бедны мешчанін” Брудзэва, які пасля стаў мясніком. Сын Міхала Юзафа таксама быў мясніком, як і ягоныя цесць і цешча Квяткоўскія.
Такім чынам, выніковы радавод продкаў Эдварда Карвацкага выглядае наступным чынам:
Радавод Варкачэўскіх
Калі з радаводам Карвацкіх цяпер усё больш-менш зразумела, то з радаводам маці Люцыяна застаюцца пытанні. Шлюб Эдварда Карвацкага і Юліяны Варкачэўскай адбыўся ў 1884 годзе – за дзевяць гадоў да нараджэння Люцыяна, а непасрэднай метрыкі ягонага нараджэння няма. Таму нельга выключаць, што ў яго магла быць іншая маці.
Аднак тут дапамагае трэцяя база звестак — geneteka.genealodzy.pl, якая падае звесткі з розных рэгіёнаў Польшчы і нават суседніх краін. Паводле яе, у 1896 годзе ў прыгарадзе прамысловай Лодзі нарадзіўся Вацлаў Генрык Карвацкі, сын Эдварда і Юліяны Варкачэўскай. З метрыкі вынікае, што Эдвард Карвацкі на той час займаўся вырабам колаў.
Такім чынам, з улікам таго, што Юліяна Варкачэўская была жонкай Эдварда Карвацкага і ў 1884, і ў 1896 гадах, то яна была і маці народжанага ў 1893 годзе Люцыяна Карвацкага.
Нагадаем, што Юліяна Варкачэўская была дачкой Апалінарыя Варкачэўскага і Уладыславы Астроўскай. Паводле “Poznan Project”, 26-гадовы Апалінары Варкачэўскі, сын Яна і Барбары Пятроўскай, ажаніўся ў 1864 годзе ў тым самым Клодаве, што і ягоная дачка, з 22-гадовай Уладыславай Астроўскай, дачкой Віктара і Тэафілі Казэрскай.
Ягоны бацька Ян Варкачэўскі (22 гады), сын Яна Томаша Варкачэўскага і Анастаз’і Казлоўскай, у 1833 годзе ў суседняй парафіі Брдуў узяў шлюб з Барбарай Пятроўскай (16 гадоў), дачкой Станіслава Пятроўскага і Ганны Яраноўскай.
З дапамогай усіх вышэй пералічаных базаў звестак, радавод Апалінарыя Варкачэўскага атрымліваецца наступным:
Ян Томаш Варкачэўскі (1781/1782/1783/1784-3.11.1831, Сакалова, парафія Вжонца Велька). Ж. – Анастаз’я Казлоўская (1792-3.3.1855, Брдуў), дачка Войцеха і Зоф’і Кунегунды, якія памерлі да 1837. 7.02.1837 выйшла замуж за 60-гадовага ўдаўца Войцеха Галембеўскага.
1. Ян Варкачэўскі (1808/1809/1810/1811-?). Млынар. Ж. – Барбара Пятроўская (1812/1816/1817/1818/1819-11.12.1896, Кажэчнік), дачка Станіслава Пятроўскага і змарлай Анны (Марыяны) Яраноўскай. Шлюб: 22.01.1833, Брдуў.
1.1. Апалінары Варкачэўскі (1.1.1838, Псары – 20.9.1911, Дамбруўка, Серадзская гміна). Пісар. Ж. – 1864, парафія Клодава, Уладыслава Астроўская (1842-?), дачка Віктара Астроўскага і Тэафілі Казерскай.
Вялікім плюсам geneteka.genealodzy.pl з’яўляецца магчымасць шукаць людзей адразу ў розных ваяводствах, дзякуючы чаму атрымалася адшукаць смерць Барбары Пятроўскай-Варкачэўскай у Куяўска-Паморскім ваяводстве, а Апалінарыя Варкачэўскага – у Лодзьскім. Таксама база дазваляе паглядзець сканы некаторых метрыкаў і выцягнуць з іх дадатковую інфармацыю.
З бакавых лініяў атрымалася высветліць, што дзед Апалінарыя Станіслаў Пятроўскі быў сынам Валентыя і Гелены Кранкоўскай.
А жонка Яна Томаша Варкачэўскага Анастаз’я Казлоўская – дачкой Войцеха і Зоф’і-Кунегунды.
Нельга выключаць, што гэтыя Войцех і Зоф’я-Кунегунда Казлоўскія паходзяць з суседняй парафіі Радзеюў на тэрыторыі сённяшняга Куяўска-Паморскага ваяводства. Менавіта там у 1782 годзе ўзгадваецца шлюб Войцеха Казлоўскага і Зоф’і Кжыжановіч.
Там жа ў 1787 годзе нарадзілася і Анастаз’я Казлоўская.
Зоф’я Кжыжановіч у Радзеюве нарадзілася ў 1764 годзе.
А ў 1761-м тут ажаніліся Бартломей Кшыжановіч і Ядзвіга Заёнчкова.
Але калі ў выпадку з Зоф’яй яшчэ можна меркаваць, што яна была будучай маці Анастаз’і Казлоўскай, шлюб Бартломея і Ядзвігі можа быць проста адзінай захаванай метрыкай.
Такім чынам, выніковы на гэты момант радавод Апалінарыя Варкачэўскага выглядае (ці можа выглядаць, калі версія з Радзеювам не пацвердзіцца) наступным чынам:
Што датычыць радаводу Уладыславы Астроўскай, жонкі Апалінарыя Варкачэўскага і бабулі Люцыяна Карвацкага, то ейнаму радаводу будзе прысвечаны асобны артыкул, у якім будуць раскрытыя магчымасці складання шляхецкага радаводу онлайн.
Падрыхтаваў Максім Гацак,
07.10.2019