У мінулым артыкуле мы разгледзелі пошук польскіх каранёў онлайн на прыкладзе мяшчанскіх родаў Карвацкіх і Варкачэўскіх. Зараз жа паглядзім, якія дадатковыя крыніцы могуць быць карысныя для скаладання шляхецкага радаводу.
Мы разгледзім радавод толькі некаторых сем’яў, які прадставіць чытачам найбольш практычных прыкладаў.
Нагадаем, што пры пошуку продкаў польскага рэвалюцыянера Люцыяна Карвацкага, які ў 1919 годзе пасяліўся ў Беларусі, мы адшукалі, што ягонай бабуляй была Уладыслава Астроўская – дачка Віктара і Тэафілі Казэрскай, якая ў 1864 годзе ў Клодаве (сёння — Кольскі павет Велікапольскага ваяводства Польшчы) пабралася шлюбам з Апалінарыем Варкачэўскім. Якія ж звесткі можна знайсці пра яе?
Астроўскія
Ва ўжо вядомай нам базе “Poznan Project” мы знаходзім толькі тое, што ў тым самым Клодаве ў 1880 годзе ў веку 58 гадоў пабралася шлюбам з Ксаверым Ракочы 58-гадовая ўдава Тэадора Кубліцкага –Тэафіля Казэрская, дачка Караля Казэрскага і Юзэфы Лязьніцкай.
Але ці тая гэта Тэафілія? Няма ніякіх дадатковых звестак пра яе ці Уладыславу Астроўскую і ў базе BaSIA. Тут на дапамогу прыходзіць geneteka.genealodzy.pl. У метрычным запісе за 1853 год мы сустракаем інфармацыю пра шлюб Тэадора Кубліцкага з Клодава з Тэафіляй Казэрскай, удавой Віктара Астроўскага, якая валодала паловай вёскі Жабакшэкі і жыла ў горадзе Ленчыца (цяпер гэта Лодзьскае ваяводства).
Што нам вядома пра яе першага мужа – Віктара Астроўскага? Ён памёр у 1850 годзе, маючы 39 гадоў, у вёсцы Жабакшэкі, частковым дзедзічам якой быў. Ягонымі бацькамі былі – Войцех і Барбара Астроўскія.
Таксама мы даведваемся, што ягоную дачку Юліяну Юзэфу, якая нарадзілася ў 1851 годзе, пасля смерці бацькі, хрысціў ленчыцкі вікарый Юліян Астроўскі.
Калі ж у Лодзьскім ваяводстве набраць імёны Войцеха і Барбары Астроўскіх, то мы знойдзем, што якраз у 1810 годзе ў Лезьніцы Велькай ажаніліся шляхцічы Войцех Астроўскі (26 гадоў) і Барбара Марыяна Радзянткоўская (21 год).
Такім чынам, Віктар Астроўскі, народжаны ў 1811 годзе, мог быць іх першынцам. Больш за тое, сярод іх дзяцей адназначна быў Юліян Астроўскі, 1818 года нараджэння, які, верагодна, праз 33 гады хрысціў сваю пляменніцу Юліяну.
Імя брата – Юліян – вельмі важнае. Бо ў гербоўніку Севярына Урускага, які можна адшукаць на сайце Вялікапольскай лічбавай бібліятэкі, мы чытаем пра двух братоў – Юліяна і Віктара, сыноў Войцеха Астроўскага, якія ў сярэдзіне 19 стагоддзя былі зацверджаныя ў расейскім дваранстве і належалі да адной з галінаў роду Астроўскіх гербу “Равіч” (частка яе прадстаўнікоў атрымала графскі тытул).
Таксама ва Урускага мы чытаем, што прыкладна ў адзін час з імі ў дваранстве быў зацверджаны Ігнацы, сын Пятра Астроўскага. А з дапамогай geneteka.genealodzy.pl мы ведаем, што ў Віктара і Юліяна быў стрыечны брат Ігнацы Томаш (нарадзіўся ў 1804), сын Пятра Цэлестына Багуміла Астроўскага (нарадзіўся ў 1781).
Што датычыць Войцеха, частка дзяцей якога нараджалася ў двары Пуліхуў, то ён нарадзіўся ў 1784 годзе ў Пуліхаве як Юзаф Войцех, сын Адама і Францішкі Пяскоўскай.
Мы таксама ведаем, што гэты Адам Астроўскі быў падчашым.
А падчашы Адам Астроўскі памёр у 1791 годзе ў веку 80 гадоў. Праўда, нельга выключаць, што ягоны ўзрост мог быць запісаны недакладна.
Выніковы на гэты момант радавод Астроўскіх выглядае так:
Адам Астроўскі (1711-2.06.1791, Боруў). Падчашы. Ж. – Францішка Пяскоўская (1743/1749-16.1.1815, Тур Плябанія)
1. Юзаф Войцех Астроўскі (14.04.1784, Двур Пуліхуў, ахрышчаны 23.04.1784 у парафіі Лезьніца Мала-1827, Калёнка). Ж. – 26.02.1810, Лонжкі. Марыя Барбара Радзянткоўская (1789-1826, Калёнка), дачка Юзафа і Вікторыі Лышчынскай. Сведкі на шлюбе – Томаш Бышэўскі і Казімеж Дамброўскі.
1.1. Віктар Аляксандр Казімеж Астроўскі (1811-26.05.1850, Жабакшэкі). Частковы дзедзіч Жабакшэкаў. Прызнаны ў дваранстве ў Расейскай імперыі. Ж. – Тэафіля Казерская гербу Праўдзіц
1.1.1. Уладыслава Астроўская. М. – Апалінары Варкачэўскі (1.1.1838, Псары – 20.9.1911, Дамбруўка, Серадзская гміна)
Лышчынскія
Што цікава, пры пошуку ў базе звестак пра Адама Астроўскага можна напаткаць дадатковую ўзгадку шлюбу Войцеха, праўда, тут ягоная жонка ўзгадваецца толькі пад другім імем – Марыяна.
Гэтая інфармацыя дае нам звесткі пра бацькоў Барбары Марыяны – Станіслава Радзянткоўскага і Вікторыю Лышчынскую. Таксама мы ведаем, што ў 1810 годзе яна жыла з маці ў вёсцы Лонжкі і ёй быў 21 год, то бок нарадзілася ў 1789 годзе.
Менавіта пад 1789 годам мы знаходзім нараджэнне ў Лонжках Марыі Барбары Радзянткоўскай, дачкі Вікторыі Лышчынскай. Праўда, тут у якасці яе бацькі запісаны Юзаф Радзянткоўскі, а не Станіслаў. Магчыма, пры запісе яе бацькі падчас шлюбы была зробленая памылка, або Станіслаў – гэта другое імя Юзафа.
Паводле Урускага, Радзянткоўскія – гэта дробны шляхецкі род гербу “Абданк”, які валодаў вёскай Ружыцэ Зьміёвэ. Вёскай жа Лонжкі валодалі – Лышчынскія гербу “Корчак”. Як адзначае ў сваім гербоўніку Адам Банецкі (яго можна знайсці або ў пдф-варыянце на сайце бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту, або ў зручным для пошуку варыянце wielcy.pl), гэтыя Лышчынскія былі адгалінаваннем беларускага роду гербу “Корчак” з Берасцейшчыны (так, кола замкнулася і мы вярнуліся ў Беларусь), найбольш вядомы прадстаўнік якога – спалены за атэізм Казімір Лышчынскі (1634-1689).
Паводле Банецкага, першым з іх у былым Ленчыцкім ваяводстве Польшчы з’явіўся Андрэй Лышчынскі, які меў ад Ядзвігі Рацэндоўскай сыноў Мацея, Валентыя і Юзафа. Але да каго з іх мае дачыненне Вікторыя?
Паводле geneteka.genealodzy.pl, у Андрэя ад Ядзвігай было сапраўды тры сыны – Казімеж Мацей (1716-?), Валенты Юзаф (1719-?) і Юзаф Багуміл (1727-?) і, магчыма, чацвёрты – Войцех Францішак (1729-?) ад Марыяны Мальскай. Але зноў жа – сувязі з Вікторыяй нябачна.
І тут на дапамогу прыходзіць новая база – Teki Dworzaczka, якая дае інфармацыю пра актавыя кнігі з Вялікапольшчы за 16-18 стагоддзі. Менавіта тут мы знаходзім фінансавы дакумент, у якім Мацей Лышчынскі падпісваецца “ў імя сваё, а таксама Францішка, Юзафаты і Вікторыі, сына і дачок сваіх, народжаных ад Дароты Хмялеўскай”.
Інфармацыю пра далейшыя пошукі па базе я скарачу да таго ўзроўню, які дазволіць найбольш глыбока прасачыць магчымасць пошукаў. Гэтак, мы даведваемся, што Дарота Хмялеўская была дачкой Ігнацыя, уладара вёскі Катавецка.
Ігнацы быў жанаты з Катажынай Качкоўскай, удавой Войцеха Памяноўскага.
Катажына ж была дачкой Францішка Качкоўскага (? – да 1704) і Агнешкі Дабяеўскай.
Агнешка Дабяеўская прыходзілася дачкой Мацея Дабяеўскага ад Катажыны Кшыцкай, дачкі Стэфана Кшыцкага, уладальніка Хлебава, і была спадчынніцай свайго дзеда.
Уладальнікам Хлебава быў Стэфан Котвіч Кшыцкі.
Гэты Стэфан быў сынам Бартломея Кшыцкага, войскага каліскага, які, паводле Банецкага, памёр у 1626 годзе.
Бартломей Кшыцкі быў сынам Мацея.
Мацей быў сынам Яна, што пацвярджае ў тым ліку гербоўнік Банецкага.
Паводле Банецкага, Ян Кшыцкі быў сынам другога Яна, суддзі земскага ўсхоўскага ў 1517 годзе, а той – Мікалая Котвіча з Кшыцка ад Эльжбеты Таміцкай, дачкі харунжага пазнаньскага.
Паколькі ні гербоўнік Банецкага, ні гербоўнік Урускага не пакрываюць прозвішчы далей за літару “Р”, тут варта звярнуцца да гербоўніка Каспера Нясецкага, дасяжнага ў лічбавай бібліятэцы Hathi Trust. Таксама звесткі пра гэта перыяд можна знайсці ў “Вялікім гербоўніку Мінакоўскага” ды ў Польскім біяграфічным інтэрнэт-слоўніку.
Паводле іх, Эльжбета Таміцкая была дачкой Мікалая з Томіц і Ганны Шаматульскай ды сястрой кракаўскага біскупа Пятра Таміцкага. У сваю чаргу Ганна Шаматульская была дачкой рыцара Яна Шаматульскага (1410-1449), а той – кашталяна пазнаньскага і старосты генеральнага Вялікапольшчы, удзельніка бітваў на Ворскле і пад Грунвальдам Дабрагоста Шаматульскага і Эльжбеты з Гарая.
З боку бацькі радавод Дабрагоста можа выглядаць наступным чынам:
Дабрагост з Дзвонава гербу Наленч
1. Дзержыкрай, удзельнік канфедэрацыі Мацька Барковіца 1352
1.1. Дабрагост, удзельнік канфедэрацыі Мацька Барковіца 1352
1.1.1. Сэндзівой Сьвідва (памёр 1403), ваявода пазнаньскі
1.1.1. Дабрагост Сьвідва
Паводле Банецкага, Эльжбета з Гарая ж была дачкой Дымітра (каля 1340-1400), маршалка вялікага кароннага, падскарбія вялікага кароннага ў 1364-1370 і 1377-1391. Ён, народжаны русін, быў прыхільнікам аб’яднання Польшчы і ВКЛ і як апякун польскай каралевы Ядзвігі спрыяў яе шлюбу з вялікім князем літоўскім Ягайлам. Ягоным бацькам быў Пётр Іванавіч з Клеця, староста жыдачоўскі ў сённяшняй Львоўскай вобласці Украіны.
Дымітр з Гарая двойчы трапляецца ў радаводзе Вікторыі Лышчынскай. З улікам жа таго, што Гарайскія былі першымі вядомымі носьбітамі гербу “Корчак”, то ягоны бацька альбо ягоныя браты Ходка і Асташка ўвогуле могуць быць наўпроставымі продкамі Лышчынскіх, тым больш, што Берасцейшчына не так і далёка знаходзіцца ад Галіччыны.
Гэтыя радаводныя выкладкі з’яўляюцца толькі часткай складзенага радаводу Люцыяна Карвацкага, але, як падаецца, яны даюць поўнае ўяўленне пра тое, якога кшталту карані можна адкрыць з дапамогай польскіх генеалагічных онлайн-крыніцаў.
Падрыхтаваў Максім Гацак,
11.10.2019