10 траўня 2018 на гістарычным факультэце БДУ ў кантэксце чарговага пасяжэння гуртка “Радавод” адбылася прэзентацыя ІІІ тома выдання “Ашмянскі край”, прысвечанага радаводам ашмянскай каталіцкай шляхты гістарычнага Ашмянскага павета і суседніх з ім мясцовасцей (літары “А” – “Г”). Аўтар выдання – Васіль Адамавіч Юрша, даследчык гісторыі Ашмяншчыны і генеалогіі шляхты (з 2000 г.).
У аснову працы пакладзены радаводныя роспісы, створаныя на манер “Гербоўніка беларускай шляхты” (род падзелены на пакаленні; за кожным прадстаўніком роду замацаваны ўласны парадкавы нумар і нумар яго бацькі). У якасці крыніцавай базы аўтар выкарыстаў метрычныя кнігі касцёлаў Ашмянскага дэканату, пачынаючы з XVII–XVIII стст., рэвізскія сказкі, пасямейныя спісы, падымныя тарыфы, вывадовыя справы, іншыя даследчыцкія працы па праблеме. Аўтарам праведзена праца ў архівах Мінска (НГАБ), Гродна (НГАБ у Гродна), Вільні (ЛДГА), Пецярбурга (РДГА). На 100 % выкарыстаны матэрыялы абодвух НГАБ і ЛДГА. Зараз аўтарам вядзецца праца з фондам № 391 РДГА і архівам мармонаў. Спадар Васіль адзначыў, што IV том можа быць паўней, чым трэці.
Увогуле, за 18 год працы над тэмай аўтарам алічбавана каля паўмільёны метрык каталіцкіх касцёлаў Ашмянскага дэканата і ўзноўлена памяць пра больш чым мільён асоб жыхароў Ашмянскага рэгіёна.
Сваім папярэднікам і натхняльнікам спадар Васіль лічыць вядомага польскага гісторыка, краязнаўца і грамадскага дзеяча Часлава Янкоўскага (1857–1929), які нарадзіўся роўна за 100 год да нараджэння свайго наступніка.
Кнігу можна набыць у “Акадэмкнізе” за 120 б.р.
Выходныя дадзеныя: Юрша, В.А. Ошмянский край : Том 3. Гербовник: А – Г / Василий Адамович Юрша. – Минск : Змитер Колос, 2018. – 772 с.
10 траўня 2018