У межах нашай умоўнай карпарацыі генеалогаў, куды ўваходзяць навукоўцы і аматары, прафесіяналы і дылетанты, камерсанты і альтруісты, паступова фарміруецца запыт на стварэнне ў межах Рэспублікі Беларусь генеалагічнага таварыства, якое б займалася вырашэннем насутных праблем, звязаных з доступам і апрацоўкай архіўных крыніц, кансалідацыяй родзічаў і сваякоў, кнігавыдавецкімі і асветніцкімі праектамі ў сферы генеалогіі.

Пры фарміраванні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і памягчэнні дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да дзейнасці грамадскіх ініцыятыў такое цалкам магчыма. Варта падкрэсліць, што функцыянаванне аб’яднання не ў апошнюю чаргу залежыць ад своечасовага наладжання ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі, у тым ліку архівамі, ад пошукаў і атрымання фінансавай падтрымкі, а калі ў глабальным сэнсе, то і ад палітычнага лоббі.
А пакуль з вераю ў лепшыя часы хацеў бы агучыць тыя мэты, якія можа паставіць перад сабой мяркуемае БГГА. То бок, калі ўмовы з’явяцца, мы будзем узброены.
Мэты:
1) выпрацоўка сумесна з дзяржаўнымі архіўнымі органамі стратэгіі і рэалізацыя праграмы асваення генеалагічнага матэрыялу дзяржаўных архіваў (аптымізацыя стварэння баз дадзеных, паказальнікаў і інш.); падрыхтоўка спецыялістаў, здольных да якаснай апрацоўкі генеалагічных крыніц.
2) распрацоўка і рэалізацыя асабістых і сумесных праектаў чальцоў аб’яднання ў сферы генеалогіі.
3) арганізацыя і правядзенне лекцый, круглых сталоў, канферэнцый па пытаннях генеалогіі.
4) распрацоўка канцэпцыі і выданне тэматычнага друкаванага органа аб’яднання.
5) распрацоўка праграмы і пакета прапаноў да Міністэрства адукацыі аб уключэнні генеалогіі ў спіс абавязковых школьных прадметаў.
6) распрацоўка праграмы і пакета прапаноў да Міністэрства інфармацыі аб фарміраванні Інстытута нацыянальнай памяці.
7) стварэнне агульнага нацыянальнага генеалагічнага інтэрнет-форума з распрацоўкай яго структуры і ўмоў працы.
Калі ў кагосьці ёсць думкі на гэты конт, то буду ўдзячны за агучванне.
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,
08.12.2019