Новы нумар часопіса „Герольд Litherland“

Новы нумар геральдычнага часопіса „Герольд Litherland“ быў прысвечаны вылучна генеалогіі. Даследаванні, змешчаныя ў ім, сталі своеасаблівай ілюстрацыяй сучаснага стану беларускай генеалогіі. Далей коратка апішам змест.
Дасягненні айчынных і замежных даследнікаў за колькі апошніх дзесяцігоддзяў аналізуе ў сваім артыкуле Сяргей Рыбчонак. У рубрыку „Артыкулы“ ўвайшлі тэматычныя рэканструкцыі, прысвечаныя асобным пытанням генеалогіі і геральдыкі. Гэта „Маянткова-генеалагічныя дакументы ў кнігах Віленскага замкавага ўрада 1542 – 1566 г., захаваныя ў складзе Метрыкі ВКЛ“ Германа Брэгера , „Геральдыка князёў Агінскіх: генезіс, легенда, факты“ Аляксея Шаланды, „Яшчэ раз пра пачаткі Нясвіжа: першая пісьмовая згадка і асоба нобіля Клаўкі“ Алега Ліцкевіча.

У раздзеле “Матэрыялы” друкуецца працяг гербоўніка Ваўкавыскай шляхты XVI – XVIII ст. (Аляксей Шаланда) і вялікае даследаванне, прысвечанае князям Адзінцэвічам і Падбярэзскім (Фёдар Чарняўскі).

Традыцыйны для выдання раздзел “Крыніцы” ў навуковае абарачэнне ўводзіць прывілей на магдэбургскае права гораду Масты 1791 г. (Віталь Галубовіч, Аляксей Шаланда), дзве справы пра вывады шляхецтва ў другой палове XVI ст. (Андрэй Мяцельскі) і ўнікальнаю беларускую грамату XV ст., якую княгіня Марыя Саколінская выдала віцебскаму намесніку Івану Ільінічу. Усё гэта разам з разгорнутай крыніцазнаўчай характарыстыкай і ілюстрацыйным матэрыялам (Валерый Пазднякоў).

Раздзел “Рэцэнзіі” падае тры артыкулы. Віталь Галубовіч адзначае моцныя і слабыя бакі другога выпуску біяграфічнага даведніка “Ураднікі Менскага ваяводства XVI – XVIII стст.”, які склаў Фёдар Чарняўскі. Нумар быў прысвечаны біяграфіям скарбнікаў і стражнікаў.
Краязнаўчае даследаванне ксяндза Юзафа Макарчыка пра гісторыю мястэчка Адэльск на Гарадзеншчыне ў 1490 – 2010 гг., рэцэнзуе Віталь Карнялюк. Напісаную на падставе багатага архіўнага і наратыўнага матэрыялу працу Вольгі Папко „Шляхта Ваўкавыскага павета ў XIX – пачатку ХХ стст.“ разглядае Сяргей Амелька.

704067_578760002175754_1973671489_o

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 2 = 7