Кубліцкі праваслаўны прыход Лепельскага павета Віцебскай губерні ў метрычных кнігах сярэдзіны ХІХ ст. (да гісторыі малой радзімы і генеалогіі роду Васіля Быкава)

Традыцыйны разгляд метрычнай кнігі выключна як крыніцы для вырашэння дэмаграфічных і статыстычных задач не вычэрпвае ўсяго патэнцыялу гэтага віда дакументальных матэрыялаў. Для большага раскрыцця феномену існавання чалавека ў часе і прасторы праз метрыкі неабходны новыя падыходы, звязаныя з выкарыстаннем такіх гістарычных дысцыплін як рэгіянальная гісторыя, гістарычная антрапаніміка, генеалогія, крыніцазнаўства і г.д.

Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19.06.1924-22.06.2003)

Тэрыторыя Ушацкага раёна Віцебскай вобласці РБ у плане захаванасці генеалагічных крыніц займае далёка не першае месца сярод раёнаў сваёй вобласці. Дадзены феномен можа тлумачыцца масавым знішчэннем архіўных дакументаў у ХХ стагоддзі па рознага кшталту прычынах. Адсутнасць на захаванні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) комплексу метрычных кніг і іншых матэрыялаў царкоўнага ўліку за 1860-я –1917 гг. можна звязаць з гібеллю Ушацкага архіва ЗАГС у час вайны 1941–1945 гг. Значна пацярпеў архіў Віцебскай казённай палаты, дзе зберагаліся рэвізскія сказкі па рэгіёне за канец XVIII – сярэдзіну ХІХ ст. Не захаваліся многія комплексы дакументаў валасных праўленняў Лепельскага павета Віцебскай губерні, у склад якога часткова ўваходзіў Ушацкі раён.

Усё гэта складае значныя перашкоды для даследавання гісторыі і генеалогіі рэгіёна. Аднак і на падставе тых матэрыялаў, якія захаваліся, у шэрагу выпадкаў магчыма вырашаць пэўныя даследчыцкія задачы. Да прыкладу возьмем паўночна-заходнюю частку Ушацкага раёна, якая ў сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст. уваходзіла ў склад Кубліцкай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні.

У XVIII ст. у мястэчку Кублічы дамінавалі рымска-каталіцкая і грэка-каталіцкая (уніяцкая) канфесіі. Кубліцкая уніяцкая царква, што згадваецца яшчэ ў 1703 г., каля 1839 г. была асвечана ў праваслаўе1. Мураваны касцёл, фундаваны ў 1731 г. на сродкі князёў Сангушкаў, быў перададзены Праваслаўнай Царкве ў 1868 г.2. Тады ж яго асвяцілі ў гонар апосталаў Пятра і Паўла і зрабілі цэнтрам прыхадскога жыцця мясцовай праваслаўнай абшчыны.

У 1840-1850-я гг. набажэнствы адбываліся яшчэ ў драўлянай царкве ў гонар святых Касьмы і Даміяна. На той момант у склад прыхода ўваходзіла мястэчка Кублічы, а таксама каля 30 сядзіб-двароў і вёсак. Прыход шчыльна межаваў з Гушчынскім праваслаўным прыходам, з якім падзяляў тэрыторыю будучай Кубліцкай воласці Лепельскага павета, створанай пасля адмены прыгоннага права. Таксама да Кубліцкага прыходу належыў шэраг населеных пунктаў, якія ўваходзілі ў склад Дзісненскага павета Віленскай губерні (Асінаўка, Скрабатуны, Сшо, Хралы) і Барысаўскага павета Мінскай губерні (Горнава, Ліпава). Цяпер гэта ўсходняя частка Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Захаваныя метрычныя кнігі Касьма-Даміянаўскага прыходу сканцэнтраваныя ў фондзе НГАБ “Кубліцкая Казьма-Дзям’янаўская царква” (фонд 2762). У справе № 1 знаходзяцца метрыкі аб хросце за студзень – кастрычнік 1841 г., у справе № 2 – метрыкі аб хросце, вянчанні і смерці за 1841–1849 гг., у справе № 3 – метрыкі аб хросце за 1850–1855 гг., у справе № 4 – метрыкі аб смерці за 1850–1858 гг.

У метрычных кнігах Кубліцкай царквы за 1841–1855 гг. аб хросце зафіксавана 803 запісы. Хрышчэнне адбывалася праз некалькі дзён пасля даты нараджэння. Большай часткай прыхаджан з’яўляліся прадстаўнікі сялянскага стану. У сувязі з асаблівасцямі справаводства Віцебскай губерні прозвішчы сялян даволі рэдка фіксуюцца ў матэрыялах царкоўнага і свецкага ўліку. У той час як дваране, мяшчане, аднадворцы, вольныя хлебапашцы і духавенства устойліва пісаліся ў метрыках з прозвішчамі, то ў дачыненні да сялян і салдатаў такой сістэмы не назіраецца. Таму слушным уяўляецца правесці падлік запісаў з прозвішчамі і без іх. Прозвішчы хрышчаных не пазначаны толькі ў 249 выпадках (з 803), у астатніх запісах яны прысутнічаюць. Найбольш выбітным у гэтым сэнсе з’яўляецца 1842 г., калі пісар пазначыў з прозвішчамі толькі пяць сем’яў з ліку 63.

Большая частка запісаў аб хрышчэнні тычыцца сялянскай масы – 771 выпадак. Далей ідуць шырокая катэгорыя ваеннаслужачых, г.зн. сем’і адстаўных салдатаў і салдатак (16), дваране (7), духавенства (4), аднадворцы (2), мяшчане (2), вольныя хлебапашцы (1).

Агульная колькасць народжаных байструкоў па прыходу ў пазначаны прамежак часу складае 66 чалавек. У саслоўных адносінах сярод жанчын, якія нараджалі па-за шлюбам, дамінуюць сялянкі (50), у сацыяльных – дзяўчыны (39). У трох выпадках сваіх пазашлюбных дзяцей у Кубліцкай царкве пахрысцілі каталічкі (дзве сялянкі з мястэчка Кублічы і дваранка Мар’яна Грыневіч).

У метрычных кнігах Кубліцкай царквы за 1841–1849 гг. аб шлюбе зафіксавана 124 запісы. Без прозвішчаў адзначаны 40 жаніхоў і 98 нявест.

Паводле сацыяльнага стану сялянамі было 119 жаніхоў і 117 нявест. Сярод астатніх пяці жаніхоў два належылі да духавенства, два – да адстаўных і адпушчаных па білеце салдатаў, адзін быў дваранінам. З ліку непрыгонных нявест дзве былі дваранкамі, адна – аднадворкай, адна – мяшчанкай, адна – салдаткай (удавой), адна – салдацкай дачкой.

Ніжняй узроставай мяжой для жаніхоў прыхода быў 18-гадовы ўзрост (4 выпадкі), для нявест – 16-гадовы (выпадак дваранкі Генрыеты Гатчынскай за 1845 г.3). Далейшыя ўзроставыя рубяжы карысталіся большай папулярнасцю для выхаду замуж – 17-гадовы ўзрост (9), 18-гадовы ўзрост (20). Самая высокая ўзроставая планка зафіксавана на прыкладзе селяніна Стэфана Шчарбіна, падданага Эдварда Сялявы, з вёскі Старое Сяло, які жаніўся ў 1849 г. ва ўзросце 60 год. Нявестай яго была 44-гадовая Юлія Сямёнаўна з вёскі Слабодка казеннага маёнтка Кублічы4. Акрамя Юліі, вышэйшай для жанчыны узроставай мяжой у 44 гады адзначылася сялянка Рыпіна Міхайлаўна з вёскі Лісічына таго ж казённага маёнтка, якая ў другі раз выйшла замуж у 1848 г.5.

З ліку жаніхоў 96 чалавек жаніліся першым шлюбам, 27 – другім, у выпадку Стэфана Шчарбіна парадкавы нумар шлюбу не пазначаны. З ліку нявест 104 выходзілі замуж упершыню, 16 – другі раз, парадкавы нумар шлюбу для дзьвюх жанчын, у тым ліку нявесты Шчарбіна, не пазначаны. Трэці шлюб заключалі 26-гадовая Агаф’я Андрэеўна, сялянка з вёскі Сшо памешчыка Жабы, у 1842 г. і 41-гадовая Мар’яна Ціханаўна Лявіцкая, мяшчанка-каталічка з Кубліцкай плябаніі, ў 1843 г.6.

У метрычных запісах аб вянчанні знайшла адасабленне такая з’ява як шлюбы прыгонных сялян, якія з’яўляліся падданымі розных памешчыкаў. Такіх выпадкаў у метрыцы занатавана 19. Яшчэ дзесяць выпадкаў тычацца шлюбаў прыгонных сялян з казённымі і фундушовымі (царкоўнымі або касцельнымі) сялянамі. Таксама зафіксаваны шлюб паміж 27-гадовым Пятром Жаваронкам, фундушовым селянінам з вёскі Базыленкі, і 22-гадовай Ганнай Канстанцінаўнай, казённай сялянкай з маёнтка Кублічы, у 1848 г.7.

У метрычных кнігах Кубліцкай царквы за 1841–1858 гг. аб смерці зафіксавана 616 запісаў. Без прозвішчаў адзначана 368 нябожчыкаў.

Самая ранняя ўзроставая рыса дзіцячай смяротнасці зафіксавана ў дачыненні да немаўлят Максіма і Еўдакіі, дзяцей Евы Васільеўны з вёскі Капылоўшчына, якія пражылі пяць дзён8. Найбольш пражылі, згодна метрычных запісаў за акрэслены перыяд, удава Наталля Барысаўна з Падсаддзя (97 год, памерла ў 1856 г.) і ўдава Варвара Іванаўна з Завулка (98 год, памерла ў 1856 г.)9.

Сярод хвароб і станаў, якія паслужылі прычынай смерці або суправаджалі хваробу, дамінуюць: гарачка (70 выпадкаў), адзёр або водра (38), старасць (34), сухоты (27), кашль (26). У той час як асобныя хваробы пастаянна спадарожнічалі жыццю канкрэтнай чалавечай супольнасці, як дзіцячая водра ці ўзроставая нямогласць, то рэцэдыў некаторых хвароб звязаны з эпідэмічнымі ўспышкамі. Так, знакамітая эпідэмія халеры, якая ахапіла Беларусь у 1848 г., забрала ў Кубліцкім прыходзе 10 чалавек ва ўзросце ад чатырох да 54 год10. Пры гэтым асабліва пацярпела вёска Базыленкі, дзе памерла сем чалавек (у сем’ях Венядыкта і Нестара Жаваронкаў памерла па два чалавекі).

У чатырох выпадках адзначана смерць у выпадку няшчаснага здарэння: у 1844 г. патануў 12-гадовы Казьма сын Івана з вёскі Сшо, у 1845 ад удара загінуў двухгадовы Фёдар сын Якава з вёскі Жарчэнічы11, у 1850 г. патанула 75-гадовая Наста Іванаўна з вёскі Лісічына, у 1857 г. у летнім пажары загінуў шасцігадовы Грыгор Паўлавіч Саўчанка з вёскі Саўчанкі12. У метрычнай кнізе нават згаданы два ўраджэнцы прыходу – 52-гадовы казённы селянін Якаў Венядыктавіч з вёскі Слабодка і 23-гадовы фундушовы селянін Іван Мікалаевіч з вёскі Базыленкі, якія знаходзячыся “на падрадзе” памерлі ад гарачкі ў 1846 г. у “вялікарасійскіх” губернях13. У асобных выпадках адна і тая ж сям’я зведала некалькі смерцяў запар. Так, ад скулы (“чирей”) на самым пачатку студзеня 1842 г. ва ўзросце ад двух месяцаў да сямі год памерлі трое дзяцей Ісаака Якаўлевіча з Жарчэнічаў, у канцы красавіка таго ж года па розных прычынах ва ўзросце ад аднаго да сямі год не стала трох дзяцей яго аднавяскоўца Клемента Мікалаевіча14.

Метрычныя запісы аб смерці сведчаць аб тым, што могілкі ў Кубліцкім прыходзе існавалі ў 1841–1858 гг. у наступных населеных пунктах: Ануфрэйцы, Асінаўка, Бычкі, Жарчэнічы, Засценак, Завулак, царкоўны пагост Кублічы, мястэчка Кублічы, Слабодка, Сшо, Хралы.

На падставе аналізу метрычных запісаў было ўстаноўлена 155 прозвішчаў, якія існавалі ў межах Кубліцкага праваслаўнага прыходу. Сярод іх дамінуюць: 1) прозвішчы-мянушкі з нулявым фармантам – 45 (напрыклад, Бык, Бурэц, Галавач, Доўгі, Жаваронак, Кляпец, Скрабатун, Шугалей); 2) патранімічныя прозвішчы з фармантамі –ёнак, онак – 39 (Аўласёнак, Гардзяёнак, Жаглёнак, Карпёнак, Курылёнак, Паршонак, Саўчонак, Хаданёнак); 3) прозвішчы з фармантамі –скі, цкі – 28 (Булаўскі, Гугалімскі, Дуброўскі, Капчэўскі, Пальчэўскі, Паплаўскі, Шахноўскі, Шыдлоўскі); 4) патранімічныя прозвішчы з фармантам –іч – 26 (Азевіч, Анашкевіч, Вансовіч, Весніч, Левановіч, Ляўковіч, Харашкевіч, Шымаковіч); 5) патранімічныя прозвішчы з фармантам –ык – 7 (Агапончык, Гаўрыльчык, Курыльчык). Характэрна, што многія прозвішчы, якія ў пазнейшы час набывалі ўсходнія фарманты –аў, оў, еў, ін, ын, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя фіксуюцца ў выключна беларускіх формах, адпавядаючых свайму рэгіёну распаўсюджання.

Сустракаюцца прыклады варыятыўнасці прозвішчаў, іх адрознага напісання ў дакуменах (Гардзей – Гардзяёнак, Жаваронак – Жаваранкевіч, Жогла – Жаглёнак, Канцавіна – Канцэўскі), а таксама вагання, чаргавання зычных і галосных (Анашкевіч – Анашковіч – Анушкевіч, Бакан – Бакон – Бокан, Радзюш – Радзюк – Рэдзюш, Хаданёнак – Хадунёнак – Худунёнак, Шунелька – Шунілька – Шупелька). Акрамя таго, мелі месца і памылкі ў напісанні прозвішчаў. Так, сем’і сялян Ісака і Венядыкта з вёскі Капылоўшчына пісаліся як Свідзінскія, але ў адным выпадку згадваюцца як Свішчынскія15.

Асобныя тапонімы ў межах Кубліцкага прыходу атрымалі свае назвы ад прозвішчаў жыхароў – Андрэйчыкі, Базыленкі, Бычкі, Кажаны, Кляпцы, Куцаўшчына (прозвішча Куц), Лісічына (прозвішча Лісіца), Саўчанкі, Скрабатуны, Хралы (прозвішча Хрол). Праўдападобна, што гэтыя населеныя пункты былі заснаваны падчас гаспадарчай экспансіі новых земляў у сярэдзіне – другой палове XVIII ст. Адпаведна, прозвішчы аказаліся старэйшымі за населеныя пункты з такімі ж назвамі.

Імёны ў межах прыхода надаваліся ў гонар святых, якія ўшаноўваліся Царквой у дні хрышчэння немаўлят. У метрыках, як правіла, занатоўваліся царкоўнаславянскія формы імён, перададзеныя па-руску з асаблівасцямі транслітэрацыі – Агафія, Аглікерыя, Ефрозія, Іуліта, Марфта. У 1841-1855 гг. найменне па святцах было даволі трывалай практыкай, ад таго запар маглі хрысціць чатыры Хрысціны, тры Параскоўі, тры Варвары16. Нягледзячы на тое, што храм быў асвечаны ў гонар святых Касьмы і Даміяна, асаблівай папулярнасці гэтых імён на прыходзе не заўважаецца (вядома толькі аб адным хрышчэнні з імем Дзям’ян і трох хрышчэннях з імем Касьма ці Казма)17.

Нараджэнне і хрышчэнне блізнят зафіксавана ў прыходзе сем разоў. Пры гэтым у двух выпадках хрышчаных назвалі аднолькавымі імёнамі – Малання (сям’я Івана Піліпава Лісіцы з вёскі Лісічына, 1850) і Праскоўя (сям’я Венедыкта Васільева Лісіцы з вёскі Лісічына, 1851)18.

Імёны па бацьку ў метрыках пішуцца з канчаткамі –оў, ін (Іваноў, Фаміна). У рэдкіх выпадках яны пазначаюцца ў сучасным выглядзе. У шлюбных метрыках прозвішчы першашлюбных і другашлюбных нявест маглі пісацца ў такіх формах як Андрэйчыкава (дачка Андрэйчыка), Грыгаровічаўна (дачка Грыгаровіча), Сухарынава (удава Сухарыны)19.

Сярод хрышчаных маецца 36 запісаў на асоб, якія прынялі праваслаўе, будучы раней каталікамі. Іх кананічны пераход праз пакаянне мусіў быць замацаваны ў афіцыйных паперах царкоўнага справаводства. Больш за ўсё пераходаў адбылося ў 1847 г. – 12 чэрвеня праваслаўе прыняло 25 чалавек прыгонных і казённых сялян, у лістападзе праваслаўе прыняло дзевяць чалавек прыгонных і адна дваранка Анеля Грыгаровіч20. Па адным выпадку пераходаў зафіксавана ў 1848–1849 гг.21. У межах прыходу зафіксавана 12 шлюбаў жаніхоў каталіцкага веравызнання з праваслаўнымі нявестамі і толькі два шлюбы нявест-каталічак з праваслаўнымі маладзёнамі. Дзеці ад змешаных шлюбаў у 1840-я гг. хрысціліся выключна ў праваслаўным веравызнанні. Напрыклад, сына каталіка Стэфана Хамёнка і яго праваслаўнай жонкі Хрысціны Ермалаеўны ў 1851 г. ахрысцілі ў праваслаўе з імем Іуліян22.

Паколькі метрычная кніга ўяўляе сабой крыніцу па генеалогіі, то слушным прадстаўляецца прымяніць звесткі з метрык Кубліцкай царквы для стварэння радаводу па бацьку выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Уладзіміравіча Быкава (1924–2003). Вядома, што бацька Уладзімір Фёдаравіч Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Бычкі ў 1887 г. На ролю яго бацькі з пэўнай ступеню верагоднасці падыходзіць Фёдар Іванавіч Бык, народжаны ў 1853 г. у сям’і Івана Мацвеевіча і Юстыны Пятровай Быкоў23.

Метрычны запіс аб нараджэнні і хрышчэнні Фёдара Іванавіча Быка, сына Івана Мацвеевіча і Юстыны Пятроўны Быкоў, сялян вёскі Бычкі маёнтка Слабодка памешчыка Штромберга
(НГАБ. Ф. 2762. – Воп. 1. – Спр. 3. – Арк. 43 адв. – 44).

Далейшую генеалогію сям’і прадстаўляе інвентар маёнтка Слабодка, уласнасці Фелікса Штромберга, за 1845 г., дзе ў вёсцы Бычкі мы знаходзім сям’ю Фадзея Лук’янавіча Быка і яго пляменнікаў Габруся і Адама Аўласавічаў. Пры гэтым у суседняй Куцаўшчыне з долі гаспадара Паўла Машчонка пражываў Мацвей Аўласавіч з жонкай і чатырма дзецьмі. З іх ліку Іван, верагодны прадзед пісьменніка, служыў у панскім маёнтку лёкаем24.

Пасямейны спіс сялян вёскі Бычкі маёнтка Слабодка Лепельскага павета Віцебскай губерні, уласнасці Фелікса Штромберга, за 1845 г.
(НГАБ. Ф. 2635. – Воп. 1. – Спр. 791. – Арк. 2 адв. – 3 адв.).
Спіс дваравых людзей маёнтка Слабодка Лепельскага павета Віцебскай губерні, уласнасці Фелікса Штромберга, за 1845 г.
(НГАБ. Ф. 2635. – Воп. 1. – Спр. 791. – Арк. 4 адв.).

Такім чынам, у выпадку рэальнага паходжання дзеда Уладзіміра Быкава ад Івана Мацвеевіча Быка, яго радавод выбудоўваецца да сярэдзіны XVIII ст., калі нарадзіўся Лук’ян Бык – адзін з першых жыхароў і заснавальнікаў вёскі Бычкі.

Радавод роду Быкоў-Быкавых (вёска Бычкі Кубліцкай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні)

Генеалагічная вартасць інвентара праяўляецца ў наяўнасці пасямейнага складу жыхароў двара. Гэтым інвентар кампенсуе адсутнасць комплексу рэвізскіх сказак па мясцовасці, дзе таксама пазначаўся ўвесь неабходны дыяпазон імёнаў, сямейна-роднасных сувязяў і храналагічных пазнак. Метрыка і інвентар узаемадапаўняюць адзін аднаго па частцы дакладных дат, якія ёсць у метрыках, і агульнай карціны сувязяў паміж пакаленнямі, якая адчыняецца ў інвентары. У выпадку добрай захаванасці комплекса метрычных кніг пасямейны спіс з інвентара не мае такой прыярытэтнай важнасці, але пры кепскай захаванасці метрык узнікае патрэба ў альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі.

У саслоўных адносінах тэрыторыя прыходу была заселена пераважна сялянскім прыгонным насельніцтвам. Праваслаўныя пражывалі ў прыходзе побач з каталікамі – парафіянамі Кубліцкага касцёла (да закрыцця Кубліцкага касцёла ў 1868 годзе), з якімі фіксуецца 14 шлюбаў; дамінавалі шлюбы ў межах адной сацыяльнай катэгорыі. Прозвішчы хрышчаных, жаніхоў, нявест і памерлых адзначаны ў 912 выпадках і не адзначаны ў 755 выпадках, што сведчыць пра перавагу фіксацыі гэтых устойлівых родавых найменняў у метрыках. Напісанне назваў тапонімаў (населеных пунктаў) адпавядаючае антрапонімам (прозвішчам) варта разумець як запазычанне першымі апошніх (Бычкі як паселішча заснаванае Быкамі). Імёны надаваліся па святцах і перадаваліся ў метрыках праз транслітэрацыю царкоўнаславянскіх літар. Найбольш распаўсюджанай прычынай смерці для дарослых былі сухоты, для дзяцей – адзёр (водра) (у першым выпадку хвароба магла суправаджацца гарачкай, у другім – кашлем, якія таксама занатоўваліся як прычыны смерці). Паспяховае даследаванне сялянскай генеалогіі па Ушацкім рэгіёне цалкам магчыма ў выпадку наяўнасці біяграфічных звестак (прозвішча, імя імя па бацьку, месца і дата нараджэння) на людзей, народжаных у 1850-1890-х гадах.

Аднак найбольш важным вынікам даследавання прадстаўляецца слушным лічыць устанаўленне 80% ступені верагоднасці таго, што лінія продкаў Васіля Быкава прасочваецца па прамой мужчынскай лініі да сёмага пакалення.

1 Лісейчыкаў Д. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг. Мн.: Беларусь, 2015. С. 377, 446–447.

2 НГАБ. Ф. 2892. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 1.

3 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр.2. Арк. 135 адв.–136.

4 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 249 адв.–250.

5 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 206 адв.–207.

6 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 36 адв.–37, 70 адв.–71.

7 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 208 адв.–209.

8 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 258 адв.–259.

9 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 64 адв.–65, 67 адв.–68.

10 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 213 адв.–215.

11 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 109 адв.–110, 147 адв.–148.

12 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 1 адв.–2, 79 адв.–80.

13 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 154 адв.–155, 176 адв.–177.

14 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 40 адв.–41, 42 адв.–43.

15 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 123 адв.–124, 229 адв.–230.

16 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 8 адв.–10, 12 адв.–13; Спр. 2. Арк. 32 адв.–34.

17 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 94 адв.–95, 234 адв.–235; Спр. 3. Арк. 7 адв.–8, 72 адв.–73.

18 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 3 адв.–4, 24 адв.–25.

19 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 16 адв.–18, 170 адв.–171.

20 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 159 адв.–162, 164 адв.–165.

21 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 189 адв.–190, 234 адв.–235.

22 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 22 адв.–23.

23 НГАБ. Ф. 2762. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 43 адв.–44.

24 НГАБ. Ф. 2635. Воп. 1. Спр. 791. Арк. 3 адв.–4 адв.

Публікуецца па:

Урублеўскі, В.В. Кубліцкі праваслаўны прыход Лепельскага павета Віцебскай губерні ў метрычных кнігах сярэдзіны ХІХ ст. (да гісторыі малой радзімы і генеалогіі роду Васіля Быкава) / В.В. Урублеўскі // Герольд Litherland. – Мінск : Горадня, 2021. – № 22. – С. 63 – 69.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 3 = 6