Як дазнацца больш пра свой радавод?

Удзельнік гуртка “Радавод”, Юрась Адамовіч, выступіў на папулярных курсах беларускай мовы МОВА НАНОВА.
Пазнаёміў слухачоў курсаў з генеалогіяй а таксама распавёў пра тое, як скласці свой радавод.

Кароткія тэксты да прэзентацыі

radavod

СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ (pdf) 

1) Першыя крокі

а) Матэрыялы вуснай гісторыі (oral history) – успаміны і сведчанні, якія збіраюцца з дапамогай апытання. Інтэрв’ю можа быць біяграфічным (наратыўным) і тэматычным. Па форме правядзення спецыялісты вылучаюць адкрытае інтэрв’ю (вольны аповяд рэспандэнта) і закрытае (строга па апытальніку). Найбольш папулярная форма – наратыўнае напаўадкрытае інтэрв’ю. Найбольш важнымі блокамі пытанняў прадстаўляюцца сямейна-роднасныя повязі і асабістае жыццё. Эфектыўней усяго весці запіс на дыктафон.

Асноўны сайт з матэрыяламі па дадзенай тэме – Беларускі архіў вуснай гісторыі www.nashapamiac.org.

б) Матэрыялы некрапалістыкі. Некрапалістыка – спецыяльная гістарычная і культуралагічная дысцыпліна, якая займаецца пошукам, апісаннем, зберажэннем гістарычных могілак, навуковым асваеннем іх гісторыка-культурнага і генеалагічнага патэнцыялу. Надмагільныя надпісы змяшчаюць прозвішча, імя, імя па бацьку чалавека, даты жыцця і эпітафію, а таму прадстаўляюць значную генеалагічную цікавасць.

У 1990-я гг. узрастала і напачатку ХХІ ст. аформілася грамадская ініцыятыва, накіраваная на зберажэнне могілак як месца сацыяльнай памяці і важнага сувязнога звяна паміж пакаленнямі. Згодна з рэкамендацыі Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры РБ распрацаваны прыклад апісання могілак з інвентарызацыяй кожнага пахавання. На яго падставе складзены план агульнага апісання могілак.

У 2013 з’явіўся інтэрнэт-партал www.niekropali.by, на якім прадстаўлены артыкулы па згаданай дысцыпліне, а таксама прыклады апісання асобных могілак адпаведна вышэй згаданых патрабаванняў. Сайт папаўняецца звесткамі дзякуючы дзейнасці добраахвотнікаў.

в) Матэрыялы асабістых архіваў. У склад аднаго асабістага архіва могуць уваходзіць дакументы самых розных тыпаў: пісьмовыя, кінафотафонадакументы, малюнкі, жывапіс, навукова-тэхнічныя даку­менты. Сярод пісьмовых дакументаў асабліва важна вылучыць мемуары, дзённікі, матэрыялы прыватнага ліставання. Нярэдка ў сямейных архівах зберагаюцца дамавыя кнігі (пералік жыхароў дому з дадзенымі аб датах і месцах нараджэння, а таксама аб прапісцы) дакументы куплі-продажу (часта дарэвалюцыйнага і даваеннага перыяду), працоўныя кніжкі (з асноўнымі фактамі біяграфіі).

Матэрыялы асабістага архіва варта захоўваць у сухіх цёмных месцах у канвертах. Канверты ў сваю чаргу рэкамендуецца змяшчаць у спецыяльных папках. Папкі належна размяшчаць асобна ў спецыяльных шафах.

 

Неабходна мець на ўвазе, што кола патрэбнай інфармацыі мусіць быць на сайтах і іх форумах:

1) База дадзеных аб грамадзянах СССР, рэпрэсаваных у 1920 – 1950-я гг.: www.lists.memo.ru;

2) База дадзеных аб узнагароджаных у гады Вялікай айчыннай вайны ваеннаслужачых савецкай арміі: www.podvignaroda.mil.ru

3) База дадзеных аб ваеннаслужачых савецкай арміі, якія загінулі, прапалі бяз вестак, трапілі ў палон падчас Вялікай айчыннай вайны 1941 – 1945 гг.:

www.obd-memorial.ru

4) Сайт Згуртавання беларускай шляхты, прысвечаны шляхецкай генеалогіі Беларусі (адміністратар – Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта): www.nobility.by

5) Сайт Канстанціна Шастоўскага, прысвечаны генеалогіі насельніцтва Беларусі: www.radzima.net

6) Вольная генеалагічная энцыклапедыя (Radavod Wiki) (праект Максіма Гацака), дзе кожны жадаючы можа апублікаваць свой радавод: http://be.radavod.wikia.com/wiki/Radavod_Wiki

7) Сайт з інфармацыяй аб ахвярах блакады Ленінграда:

http://visz.nlr.ru/search/lists/blkd/230_8.html

8) Міжнародны сайт па генеалогіі “Генеалогія – даведайцеся свае карані, захавайце сямейную гісторыю”: www.myheritage.com

9) “Усерасійскае генеалагічнае дрэва”: база дадзеных са звесткамі аб людзях, спасылкамі на генеалагічныя дрэвы, адрасамі хатніх старонак і паштовымі адрасамі і г.д.: www.vgd.ru

Усе гэтыя матэрыялы і звесткі з сайтаў неабходна збіраць, апрацоўваць і сістэматызоўваць. Толькі пасля гэтага варта звяртацца ў архіў.

 

2) Да якога калена трэба ведаць свой радавод

Чым глыбей тым лепш. Справа пасціжэння гісторыі на ўласным прыкладзе вельмі захоплівае і можа зрабіць падарожжа ў былое бясконцым. Традыцыйна лічыцца, што ведаць радавод трэба да пятага калена, пры гэтым не ўдакладняецца па якой лініі. Продкаў у чацвёртым пакаленні ў нас па восем, значыць у пятым – па 16. На жаль, нават масцітыя генеалогі не могуць пахваліцца веданнем імёнаў і прозвішчаў усіх сваіх прапрадзядуль і прапрабабуль. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны незахаванасці дакументаў у часе і іх расцярушанасці ў прасторы (за часамі войнаў і іншых бедстваў, напрыклад пажараў). Ведаць трэба роўна столькі пакаленняў колькі ўдаецца спазнаць.

 

3) Сэнс шляхецкіх гербаў

Аб’яднанне ВКЛ і Польскага каралеўства пад уладай караля Уладзіслава ІІ Ягайлы ў выніку Крэўскай уніі спрыяла афармленню па правілах геральдыкі выявы коннага рыцара з мячом з партрэтнай пячаткі вялікага князя літоўскага. У выніку геральдызацыі вершніка быў створаны дынастычны герб Гедзімінавічаў, да якіх належаў новы кароль Польшчы, і адначасова дзяржаўны герб ВКЛ. У канцы XV – пачатку XVI ст. ён атрымаў назву “Пагоня”.

Пранікненне заходнееўрапейскай прыватнаўласніцкай геральдычнай традыцыі ў абшары літоўска-беларускіх земляў пачало адбывацца пасля Гарадзельскай уніі 1413. Паводле адной з умоў яе 47 найбольш знатных родаў Вялікага Княства атрымалі гербы польскай шляхты.

Кожны колер на гербе і гербавая выява маюць асаблівы сакральны сэнс. Для прыкладу разгледзім герб “Корвін”.

hierb-korwin

Корвін (Korwin, Corvus) – герб часоў ВКЛ, які мела 250 дваранскіх родаў. У чырвоным полі чорны воран, які стаіць на адціне з чатырма сукамі, двума зверху і двума знізу. У птушкі ў роце залаты пярсцёнак з каштоўным камянем.

Чорны колер – сімвал асцярожнасці, мудрасці, пастаянства ў выпрабаваннях а таксама смутку і жалобы.

Чырвоны колер азначае храбрасць, мужнасць, любоў, а таксама кроў, якая была пралітая ў барацьбе.

 

Па геральдычных сімвалах:

™Воран – сімвал, які азначае прынцып: кантраляванне думкі, пазбаўлення ад стараху смерці; дабрадзейнасць– пакорнасць;
™Пярсцёнак – сімвал духоўнага аб’яднання людзей, улады над людзьмі дадзенай ад бога
™Адцін з чатырма сукамі – сімвал дрэва продкаў.

Дзесяць канкрэтных якасцяў герба: 1) храбрасць; 2) мудрасць; 3) мужнасць; 4) трываласць у выпрабаваннях; 5) любоў; 6) кантроль над думкамі; 7) пакорнасць; 8) пазбаўлення ад страху смерці; 9) асцярожнасць; 10) духоўнае аб’яднанне людзей;

 

Пасланне герба нашчадкам:

Трымай слова, пакорна і годна выконвай любую чорную працу (воран), нават тую, якая не ў пашане, але неабходная, як рабілі твае продкі у чатырох пакаленнях (адцін з чатырма сукамі) і дасягнеш узроўня, калі зможаш аб’яднаць людзей (пярсцёнак) для таго, каб наступіў мір і  дабрабыт (чырвоны колер).

 

4) Генеалогія ў Беларусі на сучасным этапе

Дэмакратычныя пераўтварэнні ў грамадстве ў сярэдзіне 1980-х – пачатку 1990-х гг., аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі паспрыялі з’яўленню ў шырокіх колах насельніцтва вялікай цікавасці да гісторыі сваіх продкаў. Было адноўлена вывучэнне генеалогіі ў навуковых і вышэйшых навучальных установах краіны. Пра актывізацыю навуковай генеалогіі сведчаць і абароненыя ў апошні час кандыдацкія дысертацыі, а менавіта М. Ялінскай “Источники о дворянских родах западноевропейского происхождения в белорусских губерниях конца XVIII – начала XX вв.” (2005) і С. Рыбчонкам “Крыніцы масавага паходжання па генеалогіі Беларусі сярэдзіны XVII – пачатку ХХ ст. (па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)” (2010). Пэўную ўвагу крыніцам па генеалогіі шляхты прысвяціла і Н. Казлоўская ў сваёй кандыдацкай дысертацыі “Шляхта белорусских земель Великого Княжества Литовского: рос. дореволюц. и совет. историография и источниковедение проблемы” (2001).

У апошняе дзесяцігоддзе ХХ – пачатку ХХІ ст. з’явіўся шэраг важных работ, прысвечаных самым розным тэарэтычным і практычным пытанням. Самым выбітным беларускім генеалогам-навукоўцам на сённяшні момант з’яўляецца кандыдат гістарычных навук Сяргей Рыбчонак. Назіраюцца цесныя сувязі спецыялістаў па генеалогіі Беларусі, Польшчы, Расіі і іншых краін, у т.л. распрацоўка сумесных праектаў. Генеалагічныя пошукі актыўна практыкуюцца рознымі грамадскімі аб’яднаннямі ў Беларусі і за яе межамі.

На хвалі агульнага інтарэсу да генеалогіі ўзнік і распачаў сваю дзейнасці гурток даследчыкаў генеалогіі “Радавод”, што дзейнічае на гістарычным факультэце БДУ з 10 сакавіка 2009. Увесну 2011 г. адбылося зацвярджэння Статута ГДГ “Радавод” на гістфаку БДУ і яго эмблемы ў выглядзе радаводнага дрэва Беларусі. Мэта, задачы, прадмет, асноўныя накірункі і механізмы дзейнасці гуртка, правы і абавязкі сябраў і кіраўніцтва, арганізацыйная структура, маёмасць і парадак спынення дзейнасці акрэслены ў Статуце “ГДГ Радавод”. Асобным дакументам з’яўляецца праграма дзейнасці гуртка, распрацаваная на падставе асноўных накірункаў дзейнасці. Спасылка на статут і накірункі дзейнасці гуртка: http://hist.bsu.by/kafedry/kafedra-istochnikovedeniya/nauchnye-kruzhki.html. У бліжэйшы час пабачыць свет асобны генеалагічны партал, макет і зместавае напаўненне якога таксама вынік працы прадстаўнікоў гуртка “Радавод” В.В. Урублеўскага і Ю.С. Адамовіча.

З 10 красавіка 2013 абвясціла пра пачатак сваёй дзейнасці навуковая ініцыятыва “Цэнтр генеалагічных даследаванняў”, які закліканы спрыяць стварэнню творчых навуковых калектываў па напісанні актуальных для айчыннай гісторыі калектыўных манаграфій па генеалогіі і гісторыі шляхты ВКЛ.

З 8 верасня 2013 пры мінскім праваслаўным прыходзе Свяціцеля Мікалая, асветніка Японіі, праводзіць свае заняткі першая ў Беларусі Школа практычнай генеалогіі (ці ёсць на сайце праграма заняткаў). Кіраўнік праекта – В.В. Урублеўскі. Расклад заняткаў на сайце прыхода: www.n-do.by. Інфармацыя аб школе: www.nn.by/?с=ar&i=117041.

З’явіўся вялікі пласт генеалагічных даследаванняў, падрыхтаваных аматарамі (З. Дрозд, Ф. Чарняўскі, В. Юрша і інш). Шмат для дадзенай справы робіць мецэнат і выдавец Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў. У цэлым генеалогія Беларусі на сучасным этапе развіваецца вельмі дынамічна і ў агульным рэчышчы з сусветнай генеалогіяй.

Генеалагічныя даследаванні сучаснай беларускай гістарыяграфіі будуюцца на падставе дакументальных крыніц. Для Беларусі гэта – метрычныя кнігі рэлігійных супольнасцей XVIII – ХХ стст., перапісы насельніцтва, інвентары і іншыя матэрыялы.

MOVANANOVA.BY

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


+ 2 = 11