Вадзім Урублеўскі
Канец ХІХ ст. Падобна апосталу Пятру адзін збяднелы шляхціч займаўся рыбалоўствам, каб забяспечыць сваю сям’ю. Яго мясцовасць на возеры Луодзіс ва Ўсходняй Літве здаўна была заселена рыбакамі (па-літоўску “салакай”), ад чаго суседняе мястэчка называлася Салакас. Берагі возера поўніліся ракавінкамі, а воды былі багатыя разнастайнай рыбай. Яго жыццё мала чым адрознівалася ад жыцця іншых рыбакоў. Адрозненне заключалася толькі ў замацаваным жыццёвым крэда: ён дваранін, а значыць нясе адказнасць за тых, хто побач. Ён не прымаў удзелу ў паўстанні сваіх аднаверцаў-каталікоў, бо разумеў: ваяваць чалавек мусіць не супраць другога, а супраць духаў злобы паднябеснай у сабе самім, супраць сваіх заган і грахоў. Поздна ажаніўшыся ён стаў бацькам траіх дзяцей.
Аднаго разу, у лістападзе 1891 года, будучы ў суседнім паселішчы, ён занядужыў і памёр ва ўзросце 65 год. Яго жонка сыйшла ўслед за ім – на наступны дзень пасля яго пахавання. Ёй было 50 і яна хварэла на сухоты… У метрычнай кнізе аб памерлых Салакскага касцёла запісы аб смерці мужа і жонкі суседнічаюць.
Некаторыя людзі як лебедзі не жывуць доўга адны. Яны сыходзяць у след за тымі, каго любяць…
Валянцін і Людавіка Ўрублеўскія, шостае калена ад мяне…
Дзень святога Валянціна трывала замацаваўся ў нашай свядомасці як дзень усіх закаханых і мы проста прымаем гэта. Але ці многія задумваюцца, што гэта і многія іншыя свецкія і рэлігійныя святы нясуць непасрэдна для нас? Няўжо адну толькі форму, якая як штамп спадарожнічае нам з году ў год? Ад таго, што форма часта не напоўнена асабістым зместам, чалавек не да канца ўсведамляе каштоўнасць канкрэтнага свята для сябе. Што для нас Вялікдзень? Ці толькі яйкі і кулічы? Успрымаць форму – значыць зрабіць імпульсіўны выбар, прыняць тое, што прымаюць усе, і пры гэтым сур’ёзна і змястоўна не прыняць нічога.
Аднак маецца другі шлях. Магчыма зрабіць выбар асэнсаваўшы яго з дапамогай уласнага жыццёвага вопыту, які праз церніі адкрыццяў і расчараванняў, можа стварыць у свядомасці трывалае абгрунтаванне таго, чаму мы прымаем канкрэтнае свята на нашым свецкім ці царкоўным календары. Такое свята будзе сапраўды святам і віньшаванні атрыманыя з яго нагоды будуць успрыняты па належнаму, з духоўнай радасцю.
Генеалогія як высвятленне свайго паходжання – гэта не спосаб пахваліцца перад гасцямі заслугамі продкаў, […], не пусты пералік імён родзічаў і сваякоў. Генеалогія – гэта адзін са шматлікіх шляхоў для самапазнання і пазнання Божага ўдзела ў жыцці чалавека. Адзін са шматлікіх сродкаў рабіць выбар усвядомлена, а значыць мацней стаяць на зямлі, трымаючы свае ідэалы і веру побач.
Той, хто здольны даць трывалы адказ на пытанне што для яго Троіца, хто для яго Хрыстос, што значаць для яго вобразы анёла, святога, бацькоў і продкаў, той заўсёды будзе здатны зрабіць выбар надзейна, не расчараваўшыся ў ім.
Разам з гэтым чалавек будзе здольны, як апостал Пётр, лавіць не толькі рыбу, але і настаўляць людзей на шлях трывалай і духоўнай радасці – на шлях Божы…