Краснапольскі раён — адзін з самых малазаселеных на тэрыторыі Беларусі. На 01.01.2017 г. яго насельніцтва налічвала 9 520 чал., з іх 5 749 чалавек пражывала ў самім гарадскім пасёлку Краснаполле. Краснапольскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР і на той год там пражывала 52 247 чал. Зніжэнне дэмаграфічных паказчыкаў пачалося пасля Вялікай Айчыннай Вайны 1941-1944 гг., а асабліва хуткімі тэмпамі адбывлася пасля Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе. Краснапольскі раён — рэкардсмен па колькасці адселеных з яго тэрыторыі вёсак (59). Пералік па спасылцы: https://ethno.by/charnobyl
У 1802-1917 гг. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі і фарміравала яго паўднёвую частку. На сярэдзіну ХІХ ст. праваслаўнае насельніцтва раёна было прыхаджанамі васьмі праваслаўных прыходаў, якія ўваходзілі ў склад Самацеевіцкага благачыння. Да іх ліку належылі прыходы Краснапольскай Успенскай, Нова-Ельнянскай Мікалаеўскай, Горскай Пакроўскай, Палужскай Мікалаеўскай, Мхініцкай Траецкай, Кляпінскай Пакроўскай, Папарацкай Раства-Багародзіцкай, Собальскай Іаанаўскай і Гарэзнянскай Мітрафанаўскай цэркваў.

У адміністратыўным плане гэта былі тэрыторыі Брацькавіцкай, Дубровіцкай, Краснапольскай, Мхініцкай, Нова-Ельнянскай, Палужскай і Старынскай валасцей.
Найбольш блізкім касцёлам для каталікоў быў касцёл у Чэрыкаве. Метрычныя кнігі праваслаўных цэркваў па Краснапольшчыне не захаваліся. На сённяшні момант аб іх лёсе дакладна нічога невядома. Верагодна, мела месца нейкая трагедыя 1941 г., звязаная з эвакуацыяй архіваў НКУС на ўсход (архівы ЗАГС з метрыкамі належылі да іх кампетэнцыі). Метрычныя кнігі Чэрыкаўскага раёна выбарачна захаваліся за 1784-1916 гг.
Аднак фатальная незахаванасць метрычных кніг часткова кампенсуецца іншым генеалагічным матэрыялам:
1. Спіс гаспадарак Краснапольскага раёна за 01.01.1925 год і матэрыялы Усеагульнага перапісу насельніцтва па Краснапольскім раёне за 17.12.1926 (НАРБ). Гэтыя матэрыялы ў выглядзе спісаў гаспадароў захаваліся 100% па тэрыторыі тагачаснай БССР. Наяўнасць такога матэрыяла па Краснапольскім раёне стварае перспектыву даведацца імёны і імёны па бацьку прадзедаў, народжаных у 1890-1900 гг., і прапрадзедаў, народжаных у 1860-1870 гг. Адпаведна гэтага вымалёўваецца перспектыва выхаду на генеалагічныя крыніцы сярэдзіны і першай паловы ХІХ ст.
Перапіс 1925 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.1470.
Перапіс 1926 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.6262, 6263.

2. Рэвізскія сказкі Чэрыкаўскага павета зберагаюцца ў фондзе 2151 («Магілёўская казённая палата»). У прыватнасці, сельскае насельніцтва Краснапольскага раёна сустракаецца ў складзе сваіх населеных пунктаў у справах № 179 (т.1-2), 181, 187, 188, 189 (т.1-2), 196. Гэта рэвізскія сказкі за 1816 год (179, 181, 187, 188), 1834 год (189), 1850 год (196). Аднак, за 1850 год сустракаюцца далёка не ўсе вёскі Краснапольшчыны, у той жа час, добра прадстаўлена прыгоннае насельніцтва маёнткаў Выдранка, памешчыка Бараноўскага, і Старынка, памешчыка Бенкендорфа. Большасць населеных пунктаў Краснапольшчыны трапляецца ў рэвізіях 1816 і 1834 гг. Па асобных вёсках захаваліся перапісы толькі за 1816 год (напрыклад, Бірулі, Гарэзна, Мхінічы), а некаторыя не прадстаўлены наогул (Нова-Ельня, Усцінавічы).
Дадатковымі матэрыяламі па тэрыторыі, якія могуць парадаваць генеалагічнымі звесткамі, з’яўляюцца такія фонды НГАБ па Магілёўскай губерні і Чэрыкаўскім павеце як:
а) «Магілёўская губернская прысутнасць» (ф.2014), дзе маюцца матэрыялы аб выкупе зямлі ў памешчыкаў пасля 1861 г., пазямельных спрэчках сялян, куплі-продажу зямлі, унутраных справах сялянскіх таварыстваў, атрыманні грашовай дапамогі па прычыне прызыву адзінага кармільца на вайсковую службу, перасяленні ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі. Пералічанае дае падставы меркаваць, што дадзены фонд з’яўляецца адным з самых інфарматыўных і перспектыўных па Магілёўскай губерні другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст.
б) «Магілёўскі губернскі камітэт для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў» (ф.2221) змяшчае афіцыйныя дзяржаўныя інвентары 1840-х гг., з пазначэннем сямейнага складу жыхароў канкрэтных памешчыцкіх вёсак.
в) «Чэрыкаўская павятовая земская управа» (ф.2091) змяшчае выбаркава захаваныя матэрыялы па земскай справе ў павеце ў пачатку ХХ ст.
г) «Чэрыкаўская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф.2200) змяшчае матэрыялы пазямельнага ўладкавання ў пачатку ХХ ст.
д) «Чэрыкаўскае павятовае папячыцельства па доглядзе за сем’ямі прызваных воінаў» (ф.2295) змяшчае матэрыялы па справах аб выдачы пасобій сем’ям мабілізаваных падчас Першай сусветнай вайны кармільцаў.
е) «Падатны інспектар Чэрыкаўскага павета» (ф.2176) змяшчае матэрыялы падаткаабкладання па павеце. У прыватнасці, адна з найбольш актуальных справа 73, дзе маюцца звесткі на 3 283 прызыўніка з Чэрыкаўскага павета за 1911-1916 гг. Па Краснапольскім раёне 1 280 запісаў.

ж) «Пасярэднікі па палюбоўным размежаванні зямель» Чэрыкаўскага павета з суседнімі (ф.2210-2214). Дадзеныя фонды змяшчаюць матэрыялы па размежаваннях уладанняў жыхароў Чэрыкаўскага павета з уладаннямі жыхароў суседніх паветаў у другой палове ХІХ ст.
Вопісы НГАБ: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat
У адносінах да яўрэйскага насельніцтва мястэчка Краснаполле найбольш захаванымі ўяўляюцца асноўныя рэвізскія сказкі яўрэяў мястэчка за 1851-1852 гг. (2151-1-196-арк. 209-282) і дадатковыя рэвізскія сказкі па ім жа за 1866-1874 гг. (2151-1-200-арк. 16-283).
Калі фінальна ацэньваць перспыктывы канструявання генеалогіі па тэрыторыі Краснапольскага раёна, то іх нельга назваць здавальняючымі. У працэнтных суадносінах пабудовы радаводу да другой паловы XVIII ст. я бы спыніўся на невысокім працэнце 20-25, бо па шэрагу населеных пунктаў лакуны паміж перапісам 1925 года і самай позняй захаванай рэвізіяй складаюць ад 73 да 109 гадоў.
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,
17.12.2021