Генеалагічныя крыніцы па раёнах: Круглянскі раён (ХІХ – першая трэць ХХ ст.)

Круглянскі раён размешчаны ў басейне буйнога прытоку Дняпра – ракі Друць,  на перасячэнні шляхоў зносін паміж Захадам і Усходам. Яго гістарычны шлях – наглядная дэманстрацыя драматычнага лёсу памежнай тэрыторыі. Балючыя ў дэмаграфічным плане падзеі 1654-1667, 1812, 1941-1945 гг. істотна змяншалі колькасць насельніцтва. Калі ў 1941 годзе ў раёне пражывала каля 40 тыс.чал., то ў 2009 г. – 15 761 чал. (у горадзе Круглае ў 2017 г. пражывалі 7 617 чал.). Раён утвораны 17 ліпеня 1924 г. і перажыў два скасаванні 1931–1935, 1959–1966 гг. Істотных змен у межах за час свайго існавання не зведаў.

Фрагмент “Атласа народанасельніцтва А.Ф. Рыцціха за 1864 г.”

У 1802-1919 гг. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Магілёўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. У 1919-1926 гг. у складзе Гомельскай губерні РСФСР. У адміністрацыйным плане ў часы Расійскай імперыі гэта былі тэрыторыі наступных валасцей Магілёўскага павета: Круглянскай, Паўлавіцкай, Цяцерынскай, Чарнаруцкай. На сярэдзіну ХІХ ст. праваслаўнае насельніцтва раёна было прыхаджанамі дзесяці праваслаўных прыходаў Бялыніцкага благачыння і двух прыходаў Отмутаўскага благачыння.

Да Бялыніцкага благачыння належылі прыходы Дудаковіцкай Пакроўскай, Друцкай Мікалаеўскай, Круглянскай Раства-Багародзіцкай, Кручанскай Троіцкай, Ількавіцкай Пятра-Паўлаўскай, Паўлавіцкай Пятра-Паўлаўскай, Шапялевіцкай Троіцкай, Шупенеўскай Успенскай, Цяцерынскай Параскеўскай і Цяцерынскай Мікалаеўскай цэркваў, да Отмутаўскага – Камсеніцкай Канстанціна-Аленінскай і Тубышкаўскай Мікалаеўскай.

Метрычныя кнігі, як і ў цэлым матэрыялы сакраментальнага характару па раёне, сур’ёзна пацярпелі ў 1920-1940-я гг.

Захаваліся:

Дудаковіцкая Пакроўская царква

Метрычныя кнігі (хрост): 1903 г. (НГАБ. Ф.2301, воп.12, спр.107, арк. 94-109).

Камсеніцкая Канстанціна-Аленінская царква

Метрычныя кнігі (шлюб): 1871-1889 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1912-1918 гг.

Тубышкаўская Мікалаеўская царква

Метрычныя кнігі (хрост): 1901, 1904-1906, 1908-1913 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб): 1901, 1904-1906, 1908-1913, 1916 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1901, 1904-1906, 1908-1913, 1916 гг.

Татальная незахаванасць метрык па раёне вымушае звяртаць увагу на комплексы захаваных метрычных кніг па суседніх тэрыторыях, галоўным чынам, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў, якія таксама ўваходзілі ў склад Магілёўскага павета. У метрыках аб шлюбе праваслаўных цэркваў могуць фігураваць жаніхі або нявесты з тэрыторыі Кругляншчыны.

Варыянт сучаснай выпіскі з метрык аб шлюбе Лозіцкай царквы Магілёўскага павета, дзе нявестай выступае жыхарка Кругляншчыны

Тэрыторыя раёна была падзелена паміж парафіямі пяці касцёлаў, у межах самога раёна касцёлаў не было (усё – НГАБ):

1) Бобрская, паўночна-заходняя частка з мястэчкам Круча (метрыкі за 1798-1861, 1908-1915 гг., спісы парафіян за 1842, 1853, 1865 гг.).

2) Бялыніцкая, паўднёвая частка з мястэчкамі Шапялевічы і Цяцерын (метрыкі за 1700-1875 гг., спісы парафіян за 1844, 1845, 1852, 1853, 1865, 1866 гг.).

3) Старасельская, паўночна-усходняя частка з сялом Дудаковічы (метрыкі за 1771-1918 гг., спісы парафіян 1852, 1853, 1864 гг.);

4) Талачынская, паўночна-заходняя частка з мястэчкам Круглае (метрыкі за 1713-1861, 1867, 1875 гг., спісы парафіян 1852, 1853, 1864 гг.);

5) Шклоўская, усходняя частка (метрыкі за 1750-1837 гг., спісы парафіян за 1853, 1865 гг.).

Па тэрыторыях Круглянскага раёна захаваліся матэрыялы дадатковых рэвізій па Магілёўскім павеце за 1860-1880-я гг. Так, маюцца фрагментарныя рэвізскія сказкі на прапушчаных па ранейшых рэвізіях сялян і  яўрэяў-мяшчан (Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 66, 68, 71, 72).

Каштоўнасцю фонда Магілёўскай казённай палаты з’яўляецца наяўнасць пасямейных спісаў сялян і былых аднадворцаў па Круглянскай воласці Магілёўскага павета за 1906 – 1918 гг. (Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 133. 763 арк.). На арк. 1-656 прадстаўлены 25 вёсак, 7 з якіх не падпісаны, бо адсутнічаюць першыя аркушы з назвай вёскі. На аркушах 657-760 прадстаўлены пасямейныя спісы былых аднадворцаў.

Пасямейныя спісы прадстаўлены ў дачыненні да сялян з наступных населеных пунктаў:

1) Ваўканосава, в.

2) Высочка, в.

3) Грыбіна, в.

4) [Дудаковічы, с.]

5) [Кацярынаў, засц.]

6) Елькаўшчына 1-я, в.

7) Елькаўшчына 2-я, в.

8) Загаранкі, в.

9) [Замышкі, в. ]

10) Вялікае Зубава, в.

11) Малое Зубава, ферма

12) [Казяброддзе, в. ]

13) Лавуткі, в.

14) Лясныя, в.

15) Лыскоўшчына, в.

16) Мехава, в.

17) Вялікая Арава, в.

18) Малая Арава, в.

19) Арэхаўка, в.

20) Пасырава, в.

21) Ражкі, в.

22) [Скляпава, в.]

23) [Скураты 1-я]

24) [Скураты 2-я]

25) Цёмныя, в.

*У квадратных дужках пазначаны населеныя пункты, чые назвы рэканструяваны пры аналізаванні складу жыхароў.

**Выказваю падзяку Ю.М. Снапкоўскаму за прадастаўленне звестак па гэтай крыніцы.

Дадатковымі матэрыяламі, якія могуць паведаміць генеалагічныя звесткі па тэрыторыі раёна, з’яўляюцца такія фонды НГАБ па Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні як:

а) «Магілёўская губернская прысутнасць» (ф.2014), дзе маюцца матэрыялы аб выкупе зямлі ў памешчыкаў пасля 1861 г., пазямельных спрэчках сялян, куплі-продажу зямлі, унутраных справах сялянскіх таварыстваў, атрыманні грашовай дапамогі па прычыне прызыву адзінага кармільца на вайсковую службу, перасяленні ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі. Пералічанае дае падставы меркаваць, што дадзены фонд з’яўляецца адным з самых інфарматыўных і перспектыўных па Магілёўскай губерні другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст.

 б) «Магілёўскі губернскі камітэт для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў» (ф.2221) змяшчае афіцыйныя дзяржаўныя інвентары памешчыцкіх маёнткаў Круглае памешчыка С.А. Крапоткіна за 1849 г. (воп. 1, спр. 14), Цяцерына памешчыка І.І. Ліпскага за 1848 г. (воп.1, спр.17), Паўлавічы памешчыка Салтыкова за 1847 г. (воп.1, спр.19).

в)  «Канцылярыя магілёўскага грамадзянскага губернатара» (ф.2001) змяшчае матэрыялы па паўстанні 1863 гг., сялянскіх выступленнях, люстрацыі казённых маёнткаў, справы аб спагнанні падаткаў і нядоімак і іншыя матэрыялу (воп. 1, спр. 1670, справа аб зняцці працэнтнага збору з сялян вёскі Лавуткі Круглянскай воласці Магілёўскага павета за 1896-1897 гг.).

Таксама інфармацыйнымі фондамі НГАБ у дачыненні да Кругляншчыны з’яўляюцца:

  1. «Магілёўскае губернскае праўленне» (ф.2003)
  2. «Магілёўская губернская земская ўправа» (ф.2084)
  3. «Магілёўская губернская па воінскай павіннасці прысутнасць» (ф.2053)
  4. «Магілёўская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф.2192)
  5. «Магілёўская павятовая па сялянскіх справах прысутнасць» (ф.2015)
  6. «Магілёўская павятовая па воінскай павіннасці прысутнасць» (ф.2054)
  7. «Магілёўская павятовая ўправа па справах земскай гаспадаркі» (ф.2080)
  8. «Міравы пасярэднік 1-га ўчастка Магілёўскага павета Магілёўскай губерні» (ф.2218)
  9. «Міравы пасярэднік 2-га ўчастка Магілёўскага павета Магілёўскай губерні» (ф.2219)
  10. «Міравы пасярэднік 3-га ўчастка Магілёўскага павета Магілёўскай губерні» (ф.2220)
  11. «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Быхаўскага, Гомельскага, Магілёўскага і Рагачоўскага паветаў» (ф.2215)
  12. «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Горацкага, Магілёўскага, Аршанскага і Сенненскага паветаў» (ф.2216)
  13. «Магілёўская павятовая па справах аб выбарах у Дзяржаўную Думу камісія» (ф.2426)

Вопісы: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat

Перапісы 1925 і 1926 гг. у НАРБ:

Спіс гаспадарак Круглянскага раёна за 01.01.1925 год і матэрыялы Усеагульнага перапісу насельніцтва па Краснапольскім раёне за 17.12.1926 (НАРБ) у выглядзе спісаў гаспадароў захаваліся 100% па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Наяўнасць такога матэрыяла па Круглянскім раёне стварае перспектыву даведацца імёны і імёны па бацьку прадзедаў, народжаных у 1890-1900 гг., і прапрадзедаў, народжаных у 1860-1870 гг. Адпаведна гэтага вымалёўваецца перспектыва выхаду на генеалагічныя крыніцы сярэдзіны і першай паловы ХІХ ст.

Перапіс 1925 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.1525.

Перапіс 1926 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.6337, 6338.

Фрагмент перапісу 1926 года па пасёлку Беларуссія
Цяцерынскага с/с Круглянскага р-на

Калі фінальна ацэньваць перспыктывы канструявання генеалогіі па тэрыторыі Круглянскага раёна, то яны стаяць на роўні з гэтакім жа фактарам у дачыненні да Краснапольскага раёна. Найбольш паспяховым тут можа быць радавод у дачыненні да генеалогіі каталіцкага насельніцтва. У працэнтных суадносінах пабудовы радаводу да другой паловы XVIII ст. я бы спыніўся на невысокім паказальніку ў 15 %.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

21.01.2022

2 thoughts on “Генеалагічныя крыніцы па раёнах: Круглянскі раён (ХІХ – першая трэць ХХ ст.)

  1. Добрый день, подскажите возможно ли вы где-то встречали фамилию Дембицкий. Проживали в Круглянском районе, хутор или поселок Подьяблонка? Мои данные основаны только на переписи населения за 1926 год

    1. Добры дзень! На жаль, на гэта пытанне няма адназначнага адказу. Дэмбіцкі — рэдкае прозвішча ў гэтых краях. Землі пасёлка Пад’яблынька Круглянскай воласці Талачынскай парафіі ў 1910 годзе належылі дваранцы Грабніцкай. З павагай!

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


3 × = 27