Генеалагічныя крыніцы па раёнах: Верхнядзвінскі раён (канец XVIII – першая трэць ХХ ст.)

Верхнядзвінскі раён – адзін з самых вялікіх па плошчы раёнаў Беларусі (6-е месца па рэспубліцы). На 01.01.2016 г. яго насельніцтва налічвала 21 876 чал., з іх 7 335 чалавек пражывала ў раённым цэнтры – горадзе Верхнядзвінск (да 25.12.1962 – Дрыса). Паслярэвалюцыйная гісторыя раёна пачынаецца ў 1924 годзе, калі на яго тэрыторыі былі створаны асобна Асвейскі, Валынецкі і Дрысенскі раёны. У 1929 годзе Валынецкі раён быў скасаваны і яго сельсаветы былі далучаны да Дрысенскага раёна. У 1959 годзе скасаваны і далучаны сваімі тэрыторыямі да Дрысенскага Асвейскі раён.

Фрагмент “Атласа народанасельніцтва” А. Рыцціха за 1864 г.

У дэмаграфічным і генеалагічным планах трагічнай і дагэтуль адчувальнай старонкай гісторыі з’яўляецца карная антыпартызанская аперацыя 16.02.-31.03.1943 года. Галоўным чынам, у выніку яе, рэгіён страціў 113 населеных пунктаў, з якіх многія не аднавіліся. Падчас аперацыі Дрысенскі раён недалічыўся каля трэці даваеннага насельніцтва, а Асвейскі – больш за палову.

Падрабязнасці “Асвейскай трагедыі” ўвайшлі ў зборнік матэрыялаў: «Зимнее волшебство»: нацистская карательная операция в белорусско-латвийском приграничье, февраль — март 1943 г. / А.Дюков. — Документы и материалы. — Минск—Москва: Фонд “Историческая память”, 2013. — 512 с.

У 1802-1924 гг. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Дрысенскага павета Віцебскай губерні Расійскай імперыі і фарміравала яго паўднёвую частку. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. праваслаўнае насельніцтва раёна належыла да прыходаў Асвейскай Праабражэнскай, Боркавіцкай Ануфрыеўскай, Дзёрнавіцкай Міхайлаўскай, Забяльскай Успенскай, Каханавіцкай Пятрапаўлаўскай, Прудзінкаўскай Успенскай, Росіцкай Еўфрасіньеўскай, Свольненскай Мікалаеўскай, Слабада-Дзісненскай Мікалаеўскай, Царкаўнянскай Успенскай цэркваў.

Захаванасць метрычных кніг і іншых матэрыялаў сакраментальнага характару (па цэрквах) у НГАБ:

Асвейская Праабражэнская царква ў мястэчку Асвея

Метрычныя кнігі (хрост): 1850-1853, 1857-1861 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб): 1850-1856 гг.

Боркавіцкая Ануфрыеўская царква на пагосце Боркавічы

Метрычныя кнігі (смерць): 1842-1843, 1850-1858 гг.

Дзёрнавіцкая Міхайлаўская царква ў сяле Дзёрнавічы

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1844-1849 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1850-1859 гг.

Шлюбныя экзамены: 1864-1886 гг.

Забяльская Успенская царква ў мястэчку Забялы (Валынцы)

Метрычныя кнігі (хрост): 1835-1840, 1842-1849, 1854 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб): 1835-1840, 1842-1845, 1850-1885 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1846-1859, 1871-1890 гг.

Каханавіцкая Пятрапаўлаўская царква ў сяле Каханавічы

Метрычныя кнігі (хрост): 1860-1863 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1865-1872 гг.

Прудзінкаўская Успенская царква ў сяле Прудзінкі

Метрычныя кнігі (хрост): 1841-1849 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб): 1834-1842 гг.

Росіцкая Ефрасіньеўская царква ў мястэчку Росіца

Метрычныя кнігі (хрост): 1835-1888 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб): 1827-1849, 1859-1889 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1827-1886 гг.

Шлюбныя экзамены: 1842-1868, 1881-1889, 1895-1910 гг.

Свольненская Мікалаеўская царква ў сяле Свольна

Метрычныя кнігі (шлюб): 1856-1872 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1850-1875 гг.

Слабада-Дзісненская Мікалаеўская царква ў горадзе Дзісна

Метрычныя кнігі (хрост): 1828-1843 гг.

Метрычныя кнігі (смерць): 1828-1848, 1850-1864 гг.

Царкаўнянская царква ў сяле Царкоўна

Метрычныя кнігі (смерць): 1859-1864 гг.

Захаванасць метрычных кніг і іншых матэрыялаў сакраментальнага характару (па касцёлах) у НГАБ:

Заходняе месца размяшчэння раёна абумовіла значную распаўсюджанасць каталіцтва сярод мясцовага насельніцтва, а таму шчыльную сетку парафіяльных касцёлаў і філіяльных капліц. Населенымі пунктамі, у межах якіх дзейнічалі каталіцкія храмы, былі Асвея, Баліна, Бароўск (цяпер Бароўка), Дзёрнавічы, Дрыса, Забялы, Княжыца (верагодна, цяпер Князева), Ляшчылава, Росіца, Сар’я, Таболкі, Шатрова.

Асвея, мяст.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1798-1852, 1857, 1861, 1871 гг.

Спісы парафіян: 1846, 1852-1854, 1864, 1866 гг.

Баліна, маёнт.

Метрычныя кнігі (хрост): 1824-1838 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб, смерць): 1827 г.

Бароўск, с.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1803-1804 гг.

Дзёрнавічы, маёнт.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1795-1841 гг.

Спіс парафіян: 1845 г.

Дрыса, гор.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1840-1853, 1871 гг.

Спіс парафіян: 1865, 1866 г.

Забялы, мяст.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1798-1853, 1871 гг.

Спіс парафіян: 1852-1854, 1865-1866, 1908 г.

Замошша, с.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1744-1853, 1857, 1861, 1871 гг.

Спіс парафіян: 1843, 1852-1854, 1865-1866 г.

Княжыцы, маёнт.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1701-1798 гг.

Ляшчылава, в.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1798-1853, 1857, 1861 гг.

Спіс парафіян: 1852-1854, 1865 г.

Росіца, мяст.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1780-1853, 1857, 1861, 1871 гг.

Спісы парафіян: 1842, 1852-1854, 1865, 1866 гг.

Сар’я, маёнт.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1783-1848, 1857 гг.

Таболкі, с.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1803-1804 гг.

Шатрова, в.

Метрычныя кнігі (смерць): 1802 г.

Юсцініанава, маёнт.

Метрычныя кнігі (хрост, шлюб, смерць): 1798-1799 гг.

Захаванасць рэвізскіх сказак і інвентароў у НГАБ, ДГАЛ і ЦНБ:

У адміністратыўным плане гэта былі тэрыторыі Асвейскай, Дзёрнавіцкай, Замашанскай, Зябкаўскай, Ігналінскай, Каменскай, Каханавіцкай, Сар’янскай, Стрыжынскай, Сушкоўскай, Таболкаўскай, Філіпаўскай, Юсцініанаўскай, Юхавіцкай валасцей Дрысенскага павета, Замшанскай воласці Полацкага павета.

Да нашага часу дайшла толькі адна асноўная рэвізская сказка па тэрыторыі цяперашняга Верхнядзвінскага раёна – гэта рэвізская сказка маёнтка Сар’я, уласнасці І.І. Лапацінскага, за травень 1858 года.

Месца яе захавання ў НГАБ: Ф. 2640 (Віцебская казённая палата). Воп. 1. Спр. 184. Арк. 1-268 адв.

У крыніцы прадстаўлена генеалагічная інфармацыя адносна насельніцтва наступных населеных пунктаў: Абразеева, Абухава, Аніськава, Асобнасць Калюты, Асобнасць Паташня, Асобнасць Юралава, Атокі, Бабы, Барсукі (Барсукова), Булы, Вознава, Вусце, Гавенькава, Гарбулі, Глінішчы, Горнікі, Громаўкі, Дзегцярова Вышняе, Дзегцярова Ніжняе, Жарнасекі, Забалотнікі, Забораўцы, Заломы, Зарачане, Зулы (Зулава), Ілгачы, Кавелева, Калюты, Каменцы, Каржанікі (Каранікі), Колбішча, Крэўнікі, Леснікова, Ліпаўкі, Лугаўцы, Мушына, Найдава, Падваране, Папартнае, Паташня (вёска), Паташня (засценак), Пашанькі, Плейкі Вялікія, Плейкі Малыя, Пултаракава, Пунькі, Пушалаты, Ракшні, Росіца (мястэчка), Росіца (засценак), Сандорава, Сап’янава, Сардыкі, Сар’я (двор), Сатункі, Сініцы, Смароднікі, Стунжава Вышняе, Стунжава Ніжняе, Сялянка, Сяргеева, Трыбухова, Трысцянцы, Фальваркава, Фаміно Вышняе, Фаміно Надрэчнае, Ходараўшчына, Хомкава, Шакалева, Шатрова, Шчунькі, Юралава.

У дачыненні да інвентароў памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай губерні перспектыўным прадстаўляецца фонд 2635 (Віцебскі губернскі камітэт для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў), дзе ў тым ліку прадстаўлены Дрысенскі павет.

Калі вяртацца да маёнтку Сар’я, то нельга абысці ўвагай дзве ўнікальныя картатэкі з анамастычнымі і тапанімічнымі матэрыяламі з фонда 1135 (Таварыства сяброў навук у Вільні) Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы. Картатэкі былі складзены ў 1867 годзе на падставе матэрыялаў родавага архіва Лапацінскіх у маёнтку Сар’я. Імаверна, што складаннем картатэк займаўся чалавек, абазнаны ў геаграфіі і гісторыі мікрарэгіёна, які быў мясцовым рэспандэнтам лінгвіста і этнографа Яна Карловіча (1836–1903). Менавіта са збораў апошняга і паходзяць згаданыя картатэкі. Анамастычная картатэка прадстаўляе сабой спіс прозвішчаў мясцовых сялян, складзены на падставе інвентароў маёнтка XVII–XVIII стст (112 прозвішчаў). Тапанімічная картатэка складаецца са спісу тапонімаў і мікратапонімаў маёнтка (111 назваў).

Падрабязней гл.: Варонін, В. Анамастычная і тапанімічная картатэкі парафіі Росіца са збораў Яна Карловіча / Васіль Варонін // ARCHE. Пачатак. – № 5. – 2011. – С. 257–268.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа пры Акадэміі Навук маецца інвентар маёнтка Сар’я за 1797 год (Ф. 23. Воп. 1. Спр. 254).

Па тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна сяляне згадваюцца ў матэрыялах фонда 2510 (Віцебскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка) НГАБ. Справы заводзіліся па пытаннях атрымання суды ў банку пры куплі зямлі. З 22 273 спраў у дачыненні да сялян Дрысенскага павета прадстаўлены 364 індывідуальных і групавых справы.

Захаванасць пасямейных спісаў па валасцях Дрысенскага павета ў НГАБ.

Па асобных валасцях захаваліся рэдкія генеалагічныя крыніцы другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., менавіта пасямейныя спісы сялян, якія ў гэты перыяд замянялі рэвізскія сказкі і служылі асновай для складання прызыўных спісаў.

Ф. 3136. Воп. 1. Спр. 1. Пасямейныя спісы сялян Юхавіцкай воласці Дрысенскага павета за 1874 год.

Ф. 2756. Воп. 1. Спр. 1. Пасямейныя спісы сялян Сушкоўскай воласці Дрысенскага павета за 1894 год.

Ф. 2521. Воп. 1. Спр. 1-2. Пасямейныя спісы сялян Таболкаўскай воласці Дрысенскага павета за 1906 год.

Іншыя генеалагічныя матэрыялы па Верхнядзвінскім раёне могуць быць адшуканы па наступных фондах НГАБ:

а) «Віцебскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход» (ф.2512) змяшчае матэрыялы па дваранскіх і шляхецкіх родах, у тым ліку дадзенага рэгіёна.

б) «Дрысенская павятовая рэкруцкая прысутнасць» (ф.2577) змяшчае фармулярныя спісы рэкрутаў 1863-1872 гг.

в) «Дрысенскі павятовы воінскі начальнік» (ф.2601), акрамя матэрыялаў палітычнага вышуку, змяшчае алфавітныя спісы запасных ніжніх чыноў і ратнікаў апалчэння за 1914-1915 гг. (воп. 1, спр. 47-50). 

Фрагмент фопіса фонда 2601 з пазначэннем спраў 47-50

г) «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Дрысенскага павета» (ф.2798) змяшчае матэрыялы па размежаванні сялянскіх валоданняў за 1910-1914 гг.

д) «Дрысенская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф.3103) змяшчае матэрыялы адносна землеўладкавання за 1910-1914 гг. Прыведзены справы па населеных пунктах: Дуброва Замашанскай воласці, Дубровы Асвейскай воласці, Каверышкі Пустынскай воласці, Корабы Таболкаўскай воласці, Малое Гудава Каханавіцкай воласці, Новыя Буды Ігналінскай воласці, Нямірава Юсцініанаўскай воласці, Радкова Стрыжынскай воласці, Сакалоўшчына Стрыжынскай воласці, Сухарукава Асвейскай воласці, Шворы Юсцініанаўскай воласці, Цясты Юсцініанаўскай воласці (спіс можа быць недакладным з-за недакладнасці загалоўкаў па вопісу).

Вопісы НГАБ: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat

Перапісы 1925 і 1926 гг. у НАРБ:

Паколькі тэрыторыя Верхнядзвінскага раёна ўваходзіла ў склад БССР у 1920-я гг., то па ёй у 1925-1926 гг. праводзіліся перапісы. У НАРБ на захаванні маюцца наступныя справы па трох раёнах, якія на той перыяд яе складалі:

Перапіс 1925 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.1531 (Валынецкі), 1533 (Дрысенскі), 1534 (Асвейскі).

Перапіс 1926 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.6350-6351 (Валынецкі), 6352-6354 (Дрысенскі).

Фрагмент Перапісу 1925 года па пасёлку Пляцы Росіцкага с/с Дрысенскага р-на

Адзін з ураджэнцаў цяперашняга Верхнядзвінскага раёна – Сцяпан Васільевіч Жук, селянін вёскі Шавёлкі Сушкоўскай воласці Дрысенскага павета, паводле рапарту Дрысенскага павятовага спраўніка за 07.07.1912 г., быў сучаснікам вайны 1812 года і пасля бітвы пры маёнтку Кульбава збіраў кулі. Яго меркавалася накіраваць на юбілейныя ўрачыстасці ў Маскву, але па прычыне слабага здароў 110-гадовага Жука было вырашана пакінуць дома.

Падрабязней гл.: Беларусь и война 1812 года: Сборник документов / сост. А.М. Лукашевич, Д.Л. Яцкевич; редкол.: В.И. Адамушко (гл. ред.) [и др.]. – Минск: Беларусь, 2011. – 559 с., [16] с.: ил.

Адносная захаванасць метрычных кніг, а таксама дадатковых крыніц ускоснага характару другой паловы ХІХ – пчатаку ХХ ст. і перапісаў 1925 і 1926 гг., стварае некаторую перспектыву ў даследаванні радаводаў мясцовага жыхарства.Тым больш перспектыўным уяўляецца пошук па Сар’янскай, Сушкоўскай, Таболкаўскай, Юхавіцкай валасцях з улікам захаваных па ім рэвізскай сказкі 1858 года (Сар’янская) і пасямейных спісаў (тры астатнія воласці). Працэнт верагоднасці пабудовы радаводу да канца XVIII ст., з улікам добрай захаванасці інвентароў памешчыцкіх маёнткаў за 1844-1846 гг., прыпыняецца лічбах  – 40-45%.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

24.12.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


6 − 3 =