Генеалагічныя крыніцы па раёнах: Чачэрскі раён (ХІХ – першая трэць ХХ ст.)

Чачэрскі раён — яшчэ адна рана Чарнобыльскай аварыі на тэрыторыі Беларусі. На 2009 г. яго насельніцтва налічвала 15 790 чал., з іх большая палова пражывала ў горадзе Чачэрск. Чачэрскі раён утвораны 8 снежня 1926 года падчас другога ўзбуйнення БССР у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года ў раёне зацверджаны 21 сельсавет, у тым ліку два нацыянальных польскіх (Нова-Малыніцкі і Рудня-Нісімкавіцкі) і адзін нацыянальны рускі (Наўхавіцкі). Асобныя тэрыторыі сучаснага Чачэрскага раёна на той момант таксама ўваходзілі ў склад Свяцілавіцкага і Рагачоўскага раёнаў. На працягу існавання раён зведаў значную колькасць адміністрацыйных зменаў і перажыў перыяд небыцця 1962–1965 гг.

Фрагмент “Атласа народанасельніцтва” А.Ф. Рыцціха за 1864 г.

Зніжэнне дэмаграфічных паказчыкаў пачалося пасля Вялікай Айчыннай Вайны 1941-1944 гг., а асабліва хуткімі тэмпамі адбывлася пасля падзей красавіка 1986 г. Чачэрскі раён падзяляе шостае і сёмае месцы з Касцюковіцкім раёне па колькасці адселеных з яго тэрыторыі вёсак (38). Пералік па спасылцы: https://ethno.by/charnobyl

У 1802-1919 гг. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Рагачоўскага і Гомельскага паветаў Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. У адміністрацыйным плане гэта былі тэрыторыі наступных валасцей: Чачэрскай, Мяркулавіцкай, Дудзіцкай (усе – Рагачоўскі павет), Покацкай, Палескай (усе – Гомельскі павет). На сярэдзіну ХІХ ст. праваслаўнае насельніцтва раёна было прыхаджанамі дзесяці праваслаўных прыходаў, большасць якіх уваходзіла ў склад Чачэрска-Засожскага благачыння. Да іх ліку належылі прыходы Дудзіцкай Мікалаеўскай, Залескай Васільеўскай, Малыніцкай Пятрапаўлаўскай, Нісімкавіцкай Георгіеўскай, Палескай Мікалаеўскай, Фёдараўскай Свята-Духаўскай, Чачэрскай Вазнясенскай і Чачэрскай Праабражэнскай цэркваў. Да Чачэрскага благачэння адносіліся Роўкавіцкая Троіцкая і Чачэрская Раства-Багародзіцкая цэрквы, да Літвінавіцкага – Мяркулавіцкая Васкрасенская. Метрычныя кнігі, як і ў цэлым матэрыялы сакраментальнага характару па раёне, сур’ёзна пацярпелі ў 1920-1940-я гг.

*Калі царквы няма ў спісе, то адпаведныя яе матэрыялы ў НГАБ адсутнічаюць.

Залеская Васільеўская царква ў сяле Залессе

Метрычныя кнігі (хрост): 1823-1845 гг.

Малыніцкая Пятра-Паўлаўская царква ў сяле Малынічы

Метрычныя кнігі (хрост): 1847-1858, 1887 гг.

Метрычныя кнігі (шлюб, смерць): 1887 гг.

Фёдараўская Свята-Духаўская царква ў сяле Фёдараўка

Шлюбныя экзамены: 1840-1920 гг.

Спавядальныя ведамасці: 1849, 1855, 1858, 1859, 1874-1884, 1889, 1890, 1892-1896, 1899-1904, 1907, 1908, 1910-1912 гг.

Найбольш блізкім касцёлам для каталікоў мясцовасці быў касцёл у Чачэрску. Метрычныя кнігі Чачэрскага касцёла выбарачна захаваліся за 1743-1873, 1914-1915 гг., спісы парафіян за 1842 г.

Па тэрыторыях Чачэрскага раёна, у дачыненні да сялянскага насельніцтва, захаваліся матэрыялы дзвюх асноўных рэвізій Рагачоўскага павета за 1816 і 1858 гг. Маюцца рэвізскія сказкі на яўрэяў мястэчка Чачэрск за 1858 г. (Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 170. Арк. 524–566). Асноўныя рэвізскія сказкі па Гомельскім павеце ў дачыненні да Чачэршчыны не захаваліся.

Фрагмент паказальніка па рэвізскіх сказках Рагачоўскага павета
В.В. Урублеўскага

Дадатковымі матэрыяламі, якія могуць паведаміць генеалагічныя звесткі па тэрыторыі раёна, з’яўляюцца такія фонды НГАБ па Рагачоўскім і Гомельскім паветах Магілёўскай губерні як:

а) «Магілёўская губернская прысутнасць» (ф.2014), дзе маюцца матэрыялы аб выкупе зямлі ў памешчыкаў пасля 1861 г., пазямельных спрэчках сялян, куплі-продажу зямлі, унутраных справах сялянскіх таварыстваў, атрыманні грашовай дапамогі па прычыне прызыву адзінага кармільца на вайсковую службу, перасяленні ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі. Пералічанае дае падставы меркаваць, што дадзены фонд з’яўляецца адным з самых інфарматыўных і перспектыўных па Магілёўскай губерні другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст.

 б) «Магілёўскі губернскі камітэт для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў» (ф.2221) змяшчае афіцыйныя дзяржаўныя інвентары памешчыцкіх маёнткаў, менавіта сяла Бартламееўка памешчыка Сянажацкага за 1852 г. (воп.1, спр.33) і маёнтка Фёдараўскае памешчыка І.Ф. Шырая з вёскай Бабічы за 1852 г. (воп.1, спр.38).

в)  «Упраўленне дзяржаўных маёмасцяў Магілёўскай губерні» (ф.2189) змяшчае афіцыйны дзяржаўны інвентар за 1848 г. казённага маёнтка Фёдараўка Рагачоўскага павета з вёскай Бабічы (воп.1, спр.264).

г) «Рагачоўская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф.2198) і «Гомельская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф.2428) змяшчаюць матэрыялы пазямельнага ўладкавання ў пачатку ХХ ст.

д) «Рагачоўская павятовая земская управа» (ф.2090) і «Гомельская павятовая земская управа» (ф.3071) выбаркава змяшчаюць захаваныя матэрыялы па земскай справе ў павеце ў пачатку ХХ ст.

е) «Рагачоўскае павятовае скарбніцтва» (ф.2159), «Гомельскае павятовае скарбніцтва» (ф.2154) змяшчаюць справы аб выдачы пасобій, ліставанне з рознымі асобамі па іх унёсках, дакументы аб прыёме на працу за другую палову ХІХ – пачатак ХХ ст.

ж) «Рагачоўская павятовая па воінскай павіннасці прысутнасць» (ф.2056) змяшчае прызыўныя спісы і справы аб выдачы пасобій звольненым у запас адстаўным ніжнім чынам за канец ХІХ – пачатак ХХ ст.

з) «Рагачоўская павятовая камісія па справах аб выбарах у II Дзяржаўную Думу» (ф.3335), « Рагачоўская павятовая камісія па справах аб выбарах у IV Дзяржаўную Думу» (ф.2062) са спісамі кандыдатаў у выбаршчыкі і прашэннямі аб унясенні ў спісы выбаршчыкаў.

і) «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Рагачоўскага павета» (ф.2205), « Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Гомельскага і Рагачоўскага паветаў» (ф.2208), « Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Быхаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага паветаў» (ф.2214), «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Быхаўскага, Гомельскага, Магілёўскага і Рагачоўскага паветаў» (ф.2215). Дадзеныя фонды змяшчаюць матэрыялы па размежаваннях уладанняў жыхароў Гомельскага і Рагачоўскага паветаў з уладаннямі жыхароў суседніх паветаў у другой палове ХІХ ст. – пачатку ХХ ст.

Вопісы: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat

Перапісы 1925 і 1926 гг. у НАРБ:

Паколькі тэрыторыя Чачэрскага раёна апынулася ў складзе БССР з 8 снежня 1926 г., то адпаведна і патрапіла ў матэрыялы перапісу 17 снежня таго году. У НАРБ на захаванні маюцца наступныя справы па трох раёнах, якія на той перыяд складалі сучасныя землі Чачэршчыны:

Перапісы 1926 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр.6243 (Свяцілавіцкі), 6256 (Чачэрскі), 6179-6180 (Рагачоўскі).

Фрагмент перапісу 1926 года па вёсцы Покаць Покацкага с/с Свяцілавіцкага р-на

Перспыктывы канструявання генеалогіі па тэрыторыі Чачэрскага раёна залежаць ад захавансці трох асноўных груп генеалагічных матэрыялаў – спісаў 1926 года, метрычных кніг ці іншых матэрыялаў сакраментальнага характару і рэвізскіх сказак. Нават пры адсутнасці другой з трох адзначаных груп захоўваецца перспектыва канструявання радаводаў на падставе дадатковых крыніц НГАБ. У працэнтных суадносінах адносна перспектыўнасці пабудовы радаводу да другой паловы XVIII ст. я бы спыніўся на наступных лічбах –  40-45 %

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

14.01.2022

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 4 = 3