Генеалагічныя крыніцы па раёнах: Бешанковіцкі раён (канец XVIII – першая палова ХХ ст.)

Бешанковіцкі раён размешчаны на пераважна раўніннай тэрыторыі ў басейне ракі Заходняя Дзвіна, на поўдзень ад яе. Буйнейшымі прырэчнымі мястэчкамі на гандлёвым шляху паміж Віцебскам і Полацкам з’яўляліся Астроўна, Бешанковічы і Вула. На 2009 г. яго насельніцтва налічвала 18 516 чал., (у раённым цэнтры Бешанковічах на 01.01.2022 пражывала 6 909 чал.).  Паслярэвалюцыйная гісторыя раёна пачынаецца ў 1924 годзе, калі на яго тэрыторыі былі створаны асобна Віцебскі, Бешанковіцкі, Сіроцінскі, Ульскі і Чашніцкі раёны. Апошняй значнай адміністрацыйнай зменай у адносінах да яго тэрыторыі стала перадача Каўлякоўскага сельсавета ў склад Шумілінскага раёна, якая адбылася 18 ліпеня 1985 г.

Атлас народанасельніцтва А.Ф. Рыцціха за 1864 г.

У 1802–1924 гг. усходняя частка раёна належыла да Сенненскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі, заходняя – да Лепельскага павета Віцебскай губерні.

У адміністрацыйным плане ў 1802-1924 гг. гэта былі тэрыторыі наступных валасцей:

  1. Бачэйкаўская воласць Лепельскага павета Віцебскай губерні (цэнтр – Бачэйкава).
  2. Бешанковіцкая воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Бешанковічы).
  3. Марцінаўская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Хоціна).
  4. Станіславаўская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Бешанковічы).
  5. Стрыжаўская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Слабодка).
  6. Ульская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Вула).
  7. Астроўненская воласць Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цэнтр – Астроўна).
  8. Латыгаўская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Латыгава).
  9. Лугінавіцкая воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Лугінавічы).
  10. Машканская воласць таго ж павета і губерні (цэнтр – Машканы).

Метрычныя кнігі і іншыя матэрыялы сакраментальнага характару

У ХІХ ст. – першай палове ХХ ст. праваслаўнае насельніцтва раёна было прыхаджанамі наступных праваслаўных (уніяцкіх) цэркваў:

  1. Астроўненская Успенская царква ў мяст. Астроўна Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  2. Бачэйкаўская Праабражэнская царква ў мяст. Бачэйкава Лепельскага павета Віцебскай губерніі;
  3. Бешанковіцкая Іллінская уніяцкая (затым праваслаўная) царква ў мяст. Бешанковічы Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  4. Бешанковіцкая Пятра-Паўлаўская уніяцкая  царква ў мяст. Бешанковічы Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  5. Буйская Спаса-Праабражэнская царква ў с. Буй Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  6. Вяжышчанская Праабражэнская царква ў с. Вяжышча Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  7. Вярхоўеўская Троіцкая царква ў с. Вярхоўе Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  8. Госьмірская Міхайлаўская царква ў маёнт. Госьмір Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  9. Дабрыгорская Успенская царква ў с. Дабрыгоры Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  10. Дарагакупаўская Праабражэнская царква ў в. Дарагакупава (цяпер Прыдзвінне) Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  11. Лугінавіцкая Праабражэнская царква ў маёнт. Лугінавічы Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  12. Марцінаўская Пакроўская царква ў с. Марцінава Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  13. Нізгалаўская Іаанна-Прадцечынская царква ў с. Нізгалава Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  14. Свецінская Барыса-Глебская уніяцкая царква ў в. Свеціна Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  15. Свячанская Раства-Багародзіцкая царква ў маёнт. Свяча Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  16. Скрыдлеўская Раства-Багародзіцкая царква ў маёнт. Скрыдлева Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  17. Соржыцкая Троіцкая царква ў маёнт. Соржыца Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  18. Стрыжаўская Мікалаеўская царква ў с. Стрыжава Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  19. Ульская Праабражэнская царква ў мяст. Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  20. Ходцаўская Пакроўская царква ў с. Ходцы Сенненскага павета Магілёўскай губерні;
  21. Хоцінская Іосіфаўская царква ў с. Хоціна Лепельскага павета Віцебскай губерні;
  22. Шарыпінская Раства-Багародзіцкая уніяцкая царква ў в. Шарыпіна Лепельскага павета Віцебскай губерні.

Падборка метрычных кніг і іншых матэрыялаў сакраментальнага характару прадстаўлена ў НГАБ Мінска (пазначаны агульныя храналагічныя рамкі захоўваемых крыніц):

Астроўненская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1873, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг.

Бешанковіцкая Іллінская царква

Метрычныя кнігі аб  хросце: 1897 (1 запіс), 1904-1905 гг.

Буйская царква

Метрычныя кнігі аб  хросце: 1852-1864 гг.

Вяжышчанская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878 г.

Вярхоўеўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1802-1810, 1878, 1891, 1905, 1907, 1909, 1911, 1912, 1914 гг.

Госьмірская царква

Метрычныя кнігі аб хросце: 1846-1856 гг.

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг.

Дабрыгорская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878, 1905, 1907, 1908, 1909, 1912, 1914 гг.

Метрычныя кнігі аб шлюбе: 1899 г.

Метрычныя кнігі аб смерці: 1891 г.

Дарагакупаўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1873, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг.

Лугінавіцкая царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1873, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг.

Марцінаўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878 г.

Метрычныя кнігі аб хросце: 1904 г. (1 запіс)

Нізгалаўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878 г.

Свячанская царква

Метрычныя кнігі аб хросце: 1878, 1899, 1901 (1 запіс), 1905, 1907 (частка), 1908, 1909, 1911, 1912, 1914 гг.

Метрычныя кнігі аб шлюбе і смерці:1878, 1899, 1905, 1907-1909, 1911, 1912, 1914 гг.

Скрыдлеўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце: 1841-1850, 1900 (1 запіс) гг.

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1873, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг. (акрамя метрыкі аб шлюбе за 1879 г.)

Соржыцкая царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1871, 1873, 1875, 1877-1879, 1881-1883, 1890, 1895 гг. (акрамя метрыкі аб шлюбе за 1873 г.)

Стрыжаўская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878, 1899, 1905, 1907, 1908, 1909, 1911, 1912 гг. (акрамя метрыкі аб смерці за 1909 г.)

Метрычныя кнігі аб шлюбе: 1914 г. (частка).

Метрычныя кнігі аб смерці: 1868-1874 гг.

Ульская царква

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1878 г.

Метрычныя кнігі аб смерці: 1841-1843, 1882-1913 гг.

Шлюбныя экзамены: 1867-1872, 1884-1892 гг.

Ходцаўская царква

Метрычныя кнігі аб  хросце: 1858-1865 гг.

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1873, 1875, 1882 гг.

Хоцінская Іосіфаўская царква

Метрычныя кнігі аб  хросце: 1855-1862, 1878, 1891 (1 запіс) гг.

Метрычныя кнігі аб  шлюбе: 1841-1856, 1878 гг.

Метрычныя кнігі аб  смерці: 1878 г.

Матэрыялаў па Бачэйкаўскай праваслаўнай, Бешанковіцкай Пятра-Паўлаўскай, Свецінскай Барыса-Глебскай і Шарыпінскай Раства-Багародзіцкай уніяцкіх цэрквах у межах НАФ не выяўлена.

У ХІХ ст. – пачатку ХХ ст. каталіцкае насельніцтва раёна было прыхаджанамі наступных каталіцкіх касцёлаў:

  1. Астроўненскі касцёл у мяст. Астроўна Сенненскага пав. (зачынены да пачатку 1870-х гг. і перададзены пад праваслаўную юрыздыкцыю);
  2. Бешанковіцкі касцёл у мяст. Бешанковічы Лепельскага пав.;
  3. Ульскі касцёл у мяст. Ула Лепельскага пав.

На 1910 г. існавала парафія з цэнтрам у Дарагакупава Сенненскага павета.

Падборка метрычных кніг і іншых матэрыялаў сакраментальнага характару прадстаўлена ў НГАБ Мінска (пазначаны агульныя храналагічныя рамкі захоўваемых крыніц):

Астроўненскі касцёл

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1798-1854 гг.

Спісы парафіян: 1842, 1852, 1853 гг.

Бешанковіцкі касцёл

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1798-1854, 1877 гг.

Спісы парафіян: 1846, 1852 гг.

Ульскі касцёл

Метрычныя кнігі аб хросце, шлюбе, смерці: 1802-1854, 1877 гг.

Спісы парафіян: 1852 г.

Больш падрабязна захаванасць матэрыялаў сакраментальнага характару ў НГАБ  Мінска прапісана тут:

https://archives.gov.by/home/genealogiya/metricheskie-knigi

Рэвізскія сказкі, інвентары, матэрыялы адмены прыгоннага права і перасяленняў, выкупаў зямлі (НГАБ)

Па тэрыторыях Бешанковіцкага раёна захаваліся матэрыялы дзвюх асноўных рэвізій на духавенства Лепельскага павета за 1811 і 1834 гг. («Віцебская казённая палата», ф. 2640), на яўрэяў-мяшчан Астроўненскага яўрэйскага таварыства Сенненскага пав. за 1858 г., на прыгонных сялян маёнткаў Аляксандрава, Астроўна, Ганькавічы, Дэкон, Застарынне, Лугінавічы, Соржыца Сенненскага пав. за 1858 г., казённых сялян маёнтка Гародна Сенненскага пав. за 1858 г. («Магілёўская казённая палата», ф. 2151).

Паказальнікі па фондах Віцебскай і Магілёўскай казённых палат, як і паказальнік па царкоўных і касцельных генеалагічных крыніцах варта запрошваць у чытальным зале НГАБ.

Прыналежнасць вёскі да маёнтка вызначаецца праз пошукавую сістэму “Дапаможнік”: https://helper.archonline.by/#

У дачыненні да інвентароў памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай губерні 1840-х гг. перспектыўным прадстаўляецца фонд 2635 («Віцебскі губернскі камітэт для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў»), дзе ў тым ліку прадстаўлены інвентары па “лепельскай частцы” тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. Інвентары на казённыя маёнткі па Віцебскай губерні за той жа перыяд варта шукаць у фондзе 2514 («Упраўленне дзяржаўных маёмасцяў Віцебскай губерні»).

Фрагмент фундушовага інвентара маёнтка Дабрыгоры Лепельскага павета за 1845 г.

У фондзе «Магілёўская губернская прысутнасць» (ф.2014) маюцца матэрыялы аб выкупе зямлі ў памешчыкаў пасля 1861 г., пазямельных спрэчках сялян, куплі-продажу зямлі, унутраных справах сялянскіх таварыстваў, атрыманні грашовай дапамогі па прычыне прызыву адзінага кармільца на вайсковую службу, перасяленні ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі.

Сяляне з тэрыторыі Бешанковіцкага раёна згадваюцца ў матэрыялах фонда 2510 (Віцебскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка) НГАБ. Справы заводзіліся па пытаннях атрымання ссуды ў банку пры куплі зямлі. З 22 273 спраў у дачыненні да сялян рэгіёна прадстаўлены 213 індывідуальных і групавых спраў. На сялян-пакупнікоў складаліся пасямейныя спісы.

Вопісы: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat

Матэрыялы валасных праўленняў

У НГАБ Мінска прадстаўлены матэрыялы Латыгаўскага (ф. 3112), Машканскага (ф. 3151), Станіславаўскага (ф. 2757), Стрыжаўскага (ф. 2534), Ульскага (ф. 3200) валасных праўленняў. У фондах змяшчаюцца справы аб выдачы сялянам прыгавораў аб праве валодання ўчасткамі зямлі, прызыўныя спісы, прыгаворы сельскіх сходаў, спісы народжаных з датамі народзінаў для падачы ў павятовую прызыўную прысутнасць і г.д. Асабліва багатым з’яўляецца фонд Стрыжаўскага валаснога праўлення, дзе прадстаўлены 473 справы.

Іншыя фонды

Дадатковымі матэрыяламі, якія могуць паведаміць генеалагічныя звесткі па тэрыторыі раёна, з’яўляюцца такія фонды НГАБ па як:

  1. «Віцебскі губернскі дваранскі сход» (ф. 2512),
  2. «Віцебская гарадская управа» (ф. 2496),
  3. «Лепельскае павятовае паліцэйскае ўпраўленне» (ф. 2532),
  4. «Лепельскі павятовы суд» (ф. 2574),
  5. «Лепельская павятовая дваранская апека» (ф. 2600),
  6. «Лепельская гарадская дума» (ф. 2620),
  7. «Лепельская павятовая земская управа» (ф. 2660),
  8. «Лепельская павятовая па справах аб выбарах у І Дзяржаўную думу камісія» (ф. 2710),
  9. «Лепельская павятовая рэкруцкая прысутнасць» (ф. 2722),
  10. «Лепельскі яўрэйскі кагал» (ф. 2731),
  11. «Лепельскі ніжні земскі суд» (ф. 2768),
  12. «Лепельская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф. 2792),
  13. «Лепельская камісія па раздачы судаў пагарэльцам» (ф. 2942),
  14. «Лепельскі камітэт Расійскага таварыства папячэння аб раненых і хворых воінах» (ф. 3128),
  15. «Лепельскі сіроцкі суд» (ф. 3143),
  16. «Маёнтак Бачэйкава П.С. Цеханавецкага» (ф. 3204) (воп.1, спр.1. Кніга кантрактаў за 1845-1868 гг.),
  17. «Сенненская павятовая камісія па справах аб выбарах у Дзяржаўную думу» (ф. 2063),
  18. «Сенненскае павятовае казначэйства» (ф. 2160),
  19. «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Сенненскага павета» (ф. 2206),
  20. «Пасярэднік па палюбоўным размежаванні зямель Гарэцкага, Магілёўскага, Аршанскага і Сенненскага паветаў» (ф. 2216),
  21. «Сенненская павятовая земская управа» (ф. 2561),
  22. «Сенненская павятовая землеўладкавальная камісія» (ф. 2594),
  23. «Сенненскі павятовы сход земскіх начальнікаў» (ф. 2622),
  24. «Сенненская павятовая па воінскай павіннасці прысутнасць» (ф. 2796),
  25. «Сенненская дзяржаўная ашчадная каса» (ф. 3105),
  26. «Сенненская павятовая управа па справах земскай гаспадаркі» (ф. 3106),
  27. «Сенненскае павятовае папячыцельства па наглядзе за сем’ямі воінаў» (ф. 3242),
  28. «Сенненская павятовая камісія па справах аб выбарах у ІІ Дзяржаўную думу» (ф. 3336),
  29.  «Сенненская яўрэйская сінагога» (ф. 3374).

Вопісы: https://niab.by/newsite/by/navukova-davedachny-aparat

Перапісы 1925 і 1926 гг. у НАРБ:

Паколькі тэрыторыя Бешанковіцкага раёна ўваходзіла ў склад БССР у 1920-я гг., то па ёй у 1925-1926 гг. праводзіліся перапісы. У НАРБ на захаванні маюцца наступныя справы па пяці раёнах, якія на той перыяд яе складалі:

Перапіс 1925 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр. 1455 (Бешанковіцкі), 1456 (Віцебскі), 1464 (Сіроцінскі), 1466 (Чашніцкі), 1537-1538 (Ульскі).

Перапіс 1926 года: НАРБ. Ф.30. Воп.2, спр. 6205-6207 (Бешанковіцкі), 6208-6209 (Віцебскі), 6232-6234 (Сіроцінскі), 6237-6238 (Чашніцкі), 6364-6366 (Ульскі).

Фрагмент перапісу 1925 года па мястэчку Бешанковічы Бешанковіцкага р-на

Канструяванне генеалогіі па тэрыторыі Бешанковіцкага раёна да канца XVIII ст. найбольш рэальна ў дачыненні да яго ўсходняй часткі, якая ўваходзіла ў склад Сенненскага павета, па прычыне добрай захаванасці рэвізскіх сказак на прыгонных сялян за 1858 г. У цэлым сітуацыя можа ўскладняцца з-за наяўнасці лакун у метрычных кнігах. Спынімся на 60 % верагоднасці паспяховага вываду радавода на XVIII стагоддзе.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

01.04.2022

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


7 × = 63