Досвед даследавання сялянскай генеалогіі па Аршанскім павеце Магілёўскай губерні (на прыкладзе радаводу Уладзіміра Караткевіча па лініі бацькі)

Стан развіцця кожнай гістарычнай дысцыпліны можа быць ацэнены ў тым ліку з пазіцыі прысутнасці ў яе гістарыяграфіі даследаванняў, якія шчыльна звязаны з іншымі напрамкамі сацыягуманітарнай скіраванасці і відамі мастацтва, напрыклад, з літаратурай. З гэтай прычыны генеалогія насельніцтва Беларусі як раней, так і цяпер, мае патрэбу ў даследаваннях радаводаў асабліва знакавых культурных дзеячаў нацыянальнага маштабу, адным з якіх, безумоўна, з’яўляецца Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930–1984) – паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Уладзімір Караткевіч

Феномен і глыбіня асобы творчага чалавека ў пэўнай меры залежаць ад асяродку, у якім ён фарміраваўся, у тым ліку ад сям’і і роду. У гэтым сэнсе вялікі адбітак на задаткі славутага пісьменніка наклаў род маці – прадстаўнікі і выхадцы са шляхецкага роду Грыневічаў герба «Прыяцель», прататыпы якіх згадваюцца ў творах «Нельга забыць», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш. Дзед Васіль Юльянавіч Грыневіч (1861–1945) аказаў істотны ўплыў на фарміраванне цікавасці ўнука да фальклору, этнаграфіі і гісторыі як Падняпроўя (калыскі Грыневічаў), так і ў цэлым Беларусі.

Радавод Грыневічаў разглядаўся літаратуразнаўцамі і даследаваўся гісторыкамі [1, с. 210–212; 25]. Найбольш раннімі адшуканымі продкамі «караткевічаўскіх Грыневічаў» могуць лічыцца браты Ілля і Панька Хведаравічы Грыневічы, якія ў 1551 г. атрымалі ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста канфірмацыйны прывілей на валоданне маёнткамі Дуброўка, Жываціна, Сожына і Язьва Мсціслаўскага княства. Нашчадак Панькі Тамаш Грыневіч прымаў удзел у грамадска-палітычным жыцці Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў у другой палове XVIII ст., тады ж валодаў маёнткамі ў Мсціслаўскім і Бабруйскім паветах. Апошнім верыфікаваным землеўладальнікам у родзе быў яго ўнук і цёзка Тамаш (Фама Міхайлавіч; 1817–1863), якому належаў маёнтак Верхняя Тошчыца Рагачоўскага павета [25, с. 573–574].

У той жа час спробы даследаваць радавод па бацькоўскай лініі аказаліся няўдалымі з-за цьмянага паходжання дзеда пісьменніка, прозвішча якога аказалася даволі распаўсюджаным у Падняпроўі, у тым ліку сярод шляхты. Сам Уладзімір Караткевіч дакладна ведаў пра існаванне шляхецкага роду Караткевічаў герба «Корвін». У сваім вядомым лісце да прафесара Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Здзіслава Нядзелі ад 4 ліпеня 1982 г. ён пісаў наступнае: «Продкі, якіх я асабіста не ведаў, мяне ніколі спецыяльна не цікавілі. Магчыма, і сваяк. Справа ў тым, што Караткевічы – вельмі распаўсюджанае на Беларусі сярод шляхты прозвішча (і не сярод шляхты). Род герба Корвін вялікі, у 2-й палове мінулага стагоддзя моцна збяднелы (некаторыя галіны пасля паўстання 1863–64 гг.), разгубіўшы адзін аднаго, вымушаны (дзякуй богу!) жыць працай рук сваіх. Некаторыя і зямлю аралі. Некаторыя былі арандатарамі, упраўляючымі, ляснічымі, адвакатамі, дактарамі, а часцей за ўсё чыноўнікамі, якія служылі за жалаванне» [1, с. 208]. У далейшым гэтыя развагі пісьменніка і паўплывалі на папулярызаванае ў публіцыстыцы меркаванне аб шляхецкіх каранях яго продкаў па бацьку.

Галоўная праблема ў стварэнні радаводу пісьменніка па мужчынскай лініі заключаецца ў тым, што ў яго аўтабіяграфіі за 1964 год, аўтабіяграфічнай кнізе «Дарога, якую я прайшоў» за 1966 год і ўспамінах яго сястры Наталлі Кучкоўскай імя па бацьку дзеда Цімафея Караткевіча, як і яго паходжанне з колам роднасных повязей, не фігуруюць. Праўдападобна, што сястра пісьменніка не валодала інфармацыяй пра гэта, як і ён сам. Усё вышэйапісанае паспрыяла ўзнікненню шырокага кола версій.

Асабліва часта меркаванымі продкамі пісьменніка называліся прадстаўнікі шляхецкага роду Караткевічаў гербу «Корвін» з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падставамі для гэтага былі іх распаўсюджанасць, пражыванне менавіта на Рагачоўшчыне, з якой шчыльна звязана жыццё і дзейнасць творцы і, перадусім, меркаванне самога Уладзіміра Сямёнавіча. У вывадзе, зробленым Караткевічамі ў Магілёўскім Галоўным земскім судзе ў 1773 г., згаданы прывілей караля Жыгімонта Аўгуста для Данілы Караткевіча на пусташы Раманоўшчыну і Лятаўшчыну ў Чачэрскім тракце, датаваны 19 студзеня 1546 г. [26, с. 272–273].

Пасля паўстання 1863–1864 гг. прадстаўнікі роду, у сваёй большай масе не будучы зацверджанымі ў дваранстве, апынуліся перад выбарам месца адміністрацыйнай прыпіскі. У пасямейных спісах магілёўскіх мяшчан за 1888 г. адзначана 80 сем’яў Караткевічаў, некаторыя з якіх названы жыхарамі Кармянскай воласці Рагачоўскага павета (большасць сем’яў фігуруе без адзнакі аб месцы пражывання) [9, арк. 166 адв.–172, 178–194, 196 адв.–197, 200 адв.–215, 219 адв.–222, 226 адв.–227, 241 адв.–242]. У тым выпадку, калі сям’я Цімафея Караткевіча была прыпісана да магілёўскіх мяшчан, то мусіла быць там адзначана. Між тым, ніводнага кандыдата на статус дзеда пісьменніка ў перапісе няма.

Сярод Караткевічаў Магілёўскай губерні сустракаюцца і зацверджаныя дваране. Так, 51-гадовы Якаў Андрэевіч і 44-гадовы Самсон Андрэевіч Караткевічы згадваюцца як дваране Магілёўскага павета ў рэвізскай сказцы ад 23 снежня 1864 г. [11, арк. 59 адв.–60]. Аднак і ў гэтым выпадку ўсялякія рэальныя доказы сувязі з імі роду пісьменніка адсутнічаюць.

Сяляне Караткевічы згадваюцца па тэрыторыі Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Так, сялянка Марыя Мацвееўна Караткевіч з вёскі Паўсцюхова Стара-Талачынскай воласці Сенненскага павета 15 жніўня 1906 г. хадайнічала аб прыняцці ў першае аддзяленне 3 класа Аршанскага гарадскога вучылішча яе сына Аляксандра Сямёнавіча Караткевіча, хрышчанага ў Варанцэвіцкай царкве ў 1888 г. [16, арк. 54]. Адстаўны радавы Сеўскага пяхотнага палка 41-гадовы Іван Рыгоравіч Караткевіч 26 ліпеня 1868 г. далучаўся пастановай Магілёўскай казённай палаты да Пуськаўскай сялянскай грамады Замачаскай воласці Сенненскага павета [12, арк. 309–310]. У цэлым, усе гэтыя і іншыя дадзеныя аб сялянах Караткевічах з Магілёўскай губерні гавораць толькі пра тое, што прозвішча распаўсюджана, а яго носьбіты могуць быць ніяк не звязаны з радаводам пісьменніка.

Больш слушным з’яўляецца зварот увагі да горада Орша, павятовага цэнтра Магілёўскай губерні, дзе, паводле ўспамінаў Наталлі Кучкоўскай, і нарадзіўся яе бацька Сямён Цімафеевіч Караткевіч (1887–1959). Метрычныя кнігі гарадскіх цэркваў за 1880-я гг. не захавалася, але ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (далей – НГАБ) зберагаюцца споведныя ведамасці і шлюбныя экзамены Аршанскай Раства-Багародзіцкай царквы, у тым ліку за неабходны перыяд. Менавіта яны і сталі аб’ектам увагі Сяргея Рыбчонка ў 2010 г. [18–20]1. У ходзе даследавання ім была вылучана асоба аршанскага мешчаніна Сазонція Караткевіча (1840? – 1889/1895), удава і дзеці якога жылі ў горадзе ў пачатку ХХ ст. [19, арк. 5 адв.; 20, арк. 12 адв.]. У адным выпадку, 3 лютага 1889 г., будучы сведкам на шлюбе, ён распісаўся за сябе як «Созан Караткевич» [18, арк. 87–87 адв.]. Паралельна быў выяўлены аршанскі мешчанін Цімафей Аляксандравіч, які згадваецца як сведка на шлюбе 2 лютага 1887 г. [18, арк. 63–63 адв.]. Аднак Цімафей фігуруе без прозвішча, а ў Сазона адсутнічае імя па бацьку. Усё гэта стварае падставу для дапушчэнняў і прастору для інтэрпрэтацый. Можа быць дапушчана, што Сазон і Цімафей маглі быць братамі, але рэальных доказаў гэтага выяўлена не было.

Значнай знаходкай у даследаванні тэмы, якая фактычна абвергла ўсе згаданыя версіі, стала вытрымка з асобніка «Магілёўскіх губернскіх ведамасцяў» ад 17 мая 1906 г., дзе згадваецца аб прыёме ў штат канцылярыі Аршанскага казначэйства 17 красавіка таго ж года Сямёна Караткевіча («Короткевича») – селяніна вёскі Барсукі Высоцкай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні [2, с. 1]2. Такім чынам, даследаванне радаводу пісьменніка набыло новы напрамак, які ўжо з самага пачатку абяцаў складанасці, звязаныя з адсутнасцю ў НГАБ на захаванні амаль усяго комплексу метрычных кніг і іншых матэрыялаў Юрцаўскай Успенскай царквы, да прыходу якой адносілася праваслаўнае насельніцтва вёскі Барсукі да 1917 г. Аднак спачатку варта закрануць дарэвалюцыйную частку біяграфіі Сямёна Цімафеевіча Караткевіча.

Іл. 1. Прашэнне сялянкі вёскі Барсукі Высоцкай воласці Аршанскага пав.
Наталлі Караткевіч ад 2 верасня 1896 г. аб прыняцці ў Аршанскае гар.вучылішча сына Сямёна [13, арк. 20]

У 1904 г. ён скончыў поўны курс навучання ў Аршанскім чатырохкласным гарадскім вучылішчы, дзе вучыўся з 1898 г. [15, арк. 68]. Пры выдатных паводзінах паспяховасць яго была нераўнамернай. Так, па рускай і царкоўна-славянскай мовах, гісторыі, прыродазнаўстве і фізіцы ён прадэманстраваў здавальняючыя поспехі. Адзнака «добра» была пастаўлена яму за Закон Божы, арыфметыку, геаметрыю, геаграфію, чарчэнне і маляванне. На «выдатна» было ацэнена чыстапісанне. Апрача таго, ён навучаўся спевам і гімнастыцы. У выпускным атэстаце дадаткова прапісвалася вайсковая ільгота, якая, паводле Статута аб воінскай павіннасці (арт. 56 пункт 2), давалася выпускнікам гарадскім вучылішчаў. Як выпускнік ён таксама меў права без іспыту прэтэндаваць на першы класны чын пры паступленні на дзяржаўную службу (гл. іл. 2).

Іл. 2. Атэстат выпускніка Аршанскага гарадскога вучылішча
Сямёна Кароткага (Караткевіча) ад 4 чэрвеня 1904 г.
[15, арк. 68]

Паступіўшы на службу ў 1906 г. пасля сканчэння Аршанскага гарадскога вучылішча канцылярскім службоўцам трэцяга разраду, Сямён да часу рэвалюцыйных змен працягваў служыць у Аршанскім казначэйстве, паступова павышаючыся ў чынах – у 1916 г. ён згадваецца як тытулярны радца [24, с. 173]. З будучай жонкай Надзеяй Васільеўнай Грыневіч ён пазнаёміўся падчас яе працы вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў Рагачоўскага павета. Як далей адзначае А. Верабей, «шлюбнымі пярсцёнкамі абмяняліся ў 1915 г. Сымон служыў у войску. У. Караткевіч сцвярджае ў аўтабіяграфіі, што пажаніліся яны ў 1917 г. і пераехалі ў Оршу» [1, с. 212]. Метрычных кніг Рагачоўскай Аляксандра-Неўскай царквы, да прыходу якой адносіўся Збароў, за патрэбны перыяд у НГАБ на захаванні не маецца, таму немагчыма праверыць факт вянчання ў Рагачове.

У далейшым Сямён Цімафеевіч Караткевіч працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле, падчас вайны знаходзіўся ў эвакуацыі. У 1946 г. узнагароджаны медалём за годную працу падчас Вялікай Айчыннай вайны, у 1953 г. служыў кантралёрам-рэвізорам Міністэрства фінансаў па Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Леніна.

Як згадвае яго дачка Наталля, «бацька быў стрыманым, памяркоўным, ураўнаважаным. Да дзяцей ставіўся строга: яны мелі ўсё, але нічога лішняга. Калі трэба было, сам шыў дзецям абутак» [1, с. 212]. Што ж тычыцца дзеда, то яна прыгадвае наступнае: «дзед Цімафей недзе на пачатку ХХ стагоддзя паехаў у Растоў шукаць лепшага жыцця і не вярнуўся» [1, с. 209]. Магчыма, маецца на ўвазе горад Растоў Яраслаўскай губерні, вядомы як Растоў Вялікі. У цэлым, пошук звестак пра лёс Цімафея на сённяшні дзень не даў значнага плёну з-за ўмоўнасці і недакладнасці пошукавай інфармацыі. Даводзіцца дапусціць, што Сямён Караткевіч не вельмі імкнуўся пазнаёміць дзяцей са сваім сялянскім паходжаннем, з-за гэтага ў памяці сям’і Караткевічаў адсутнічае ўсялякі іншы ўспамін пра дзеда і цалкам адсутнічаюць успаміны пра вёску Барсукі. Прычынай гэтаму магла быць розніца ў саслоўным паходжанні паміж Сямёнам і яго жонкай. Невыпадкова ў самым аўтабіяграфічным рамане «Нельга забыць» аўтар падае бацькоў героя, фактычна прататыпаў сваіх бацькоў, прадстаўнікамі аднаго шляхецкага роду і носьбітамі аднаго прозвішча Грынкевіч (відавочная адсылка да прозвішча Грыневіч).

Мала звестак і пра жонку Цімафея Наталлю Якаўлеўну Караткевіч, чыё дзявочае прозвішча засталося невядомым. Адзіным выяўленым дакументам у НГАБ, які тычыцца яе асобы, з’яўляецца прашэнне Наталлі Караткевіч («Короткевичевой») у Аршанскае гарадское вучылішча аб прыняцці ў першы клас першага аддзялення яе сына Сямёна («Симеона Короткевича») ад 2 верасня 1896 г. [13, арк. 20]3. У дакуменце яна фігуруе як сялянка вёскі Барсукі Высоцкай воласці, якая пражывала на той час на Слабадской вуліцы горада Оршы, у доме Праскоўі Марушкінай (гл. іл. 1).

Пра бабулю пісьменніка ў даследаванні А. Вераб’я занатавана наступнае: «Бабуля працавала ў панскіх дамах. Жыла ў сям’і сына Сямёна. Мела цудоўны характар. Для нявесткі была як маці». Яна памерла ў Оршы ў 1924 г. ва ўзросце 56 гадоў. Усе трое іх дзяцей, у тым ліку старэйшы Сямён, лічацца народжанымі ў Оршы, як і сама Наталля Якаўлеўна [1, с. 209–210]. Магчыма, іх шлюб адбыўся ў адной з аршанскіх цэркваў або ў Юрцаўскай царкве паміж 1884 і 1886 гг. Адпаведна, датай нараджэння селяніна вёскі Барсукі Цімафея Караткевіча можна ўмоўна лічыць 1860 г. Што тычыцца ад’езду Цімафея ў Растоў, то гэта магло адбыцца паміж 1892 г., калі нарадзілася Вольга Цімафееўна, і 1896 г., якім датуецца залічэнне Сямёна ў Аршанскае гарадское вучылішча.

Важным дакументам, які змяшчае звесткі па масавай генеалогіі вёскі Барсукі ў першай палове ХХ ст., з’яўляецца пасяленны спіс гаспадароў, складзены ў рамках Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926 г., матэрыялы якога знаходзяцца на захаванні ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). Вёска Барсукі на той час уваходзіла ў склад Шапкаўскага сельсавета Аршанскага раёна Аршанскай акругі і налічвала 83 двары, дзе пражываў 451 чалавек [3, арк. 1–2 адв.]. Больш за чвэрць гаспадароў і гаспадынь складалі носьбіты прозвішча Кароткі ці Кароткая (у адным выпадку прозвішча адзначана як Кароткін) – усяго 26 двароў, дзе пражывала 142 чалавекі.

Паводле храналагічнага прынцыпу менавіта ў фондах НГАБ павінен захоўвацца комплекс прамых і ўскосных крыніц па дадзеным населеным пункце, які да рэвалюцыі ўваходзіў у склад Высоцкай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Аднак да сённяшняга дня не захаваліся пасямейныя спісы сялян Высоцкай воласці ў матэрыялах валаснога праўлення, у фондах Магілёўскай губернскай і Аршанскай павятовай земскіх упраў адсутнічаюць матэрыялы гаспадарчых перапісаў 1916 і 1917 гг. У фондах НГАБ адсутнічае таксама фонд Аршанскай павятовай па воінскай павіннасці прысутнасці, у фондах Магілёўскай казённай палаты і фамільным зборы «Любамірскія, князі» адсутнічае рэвізская сказка за 1858 г.

Яшчэ больш азмрочвае перспектывы паспяховага пошуку ўжо акрэсленая вышэй амаль поўная адсутнасць на дзяржаўным захаванні метрык Юрцаўскай Успенскай царквы, акрамя метрычных запісаў за 1909 г., што зберагліся ў асобнай справе разам з падшыўкамі іншых метрык па шэрагу цэркваў Аршанскага і часткова Горацкага паветаў [17, арк. 625–687 адв.]. На нашу думку, згаданая справа была з нейкімі мэтамі вынята да пачатку Вялікай Айчыннай вайны з агульнага комплексу метрык, які размяшчаўся ў Аршанскім ЗАГС, і такім чынам захавалася. Таксама не збярогся комплекс споведных ведамасцяў і шлюбных экзаменаў царквы за ўвесь перыяд іх абавязковага вядзення.

З прычыны адсутнасці шэрагу першасных крыніц за другую палову ХІХ – пачатак ХХ ст. у ходзе даследавання ўвага была звернута на ўскосныя крыніцы – разнастайныя спісы маёмасці і прашэнні, дзе маглі быць згаданы жыхары вёскі Барсукі. Матэрыяламі пачатку ХХ ст. з’яўляюцца спіс гаспадароў ад 12 студзеня 1914 г. з пералікам і ацэнкай іх нерухомай маёмасці і спіс гаспадароў ад 12 лістапада 1916 г. з указаннем віду і колькасці свойскай жывёлы, а таксама кармавых культур [7, арк. 30–35; 8, арк. 23 адв.–24 адв.]. У абодвух выпадках прозвішчы ў гаспадароў не пазначаны і высвятляць іх даводзіцца шляхам супастаўлення імёнаў і імёнаў па бацьку з аналагічнымі дадзенымі з перапісу 1926 г. Такім спосабам удалося ідэнтыфікаваць як Кароткіх 10 сялян з вёскі Барсукі, а менавіта Пракопа Парфёнавіча, Емелляна Самсонавіча, Іллю Раманавіча, Агрыпіну Сцяпанаўну, Максіма Анісімавіча, Захара Анікеевіча, Аляксея Анікеевіча, Якава Анікеевіча, Міхаіла Маісеевіча, Дзяміда Маісеевіча. Абедзве справы складаюць фонд Высоцкага валаснога праўлення.

Сярод захаваных крыніц з генеалагічнай інфармацыяй па Аршанскім павеце за другую палову ХІХ – пачатак ХХ ст. асобны блок складаюць прашэнні сялян на імя памешчыка або дзяржаўных устаноў.

У справе «Ліставанне па пытаннях Юрцаўскай царквы» з калекцыі «Князі Любамірскія» змяшчаецца рэестр дакументаў і самі дакументы, якія маюць дачыненне да гісторыі гэтага прыходу, за 1711–1858 гг. [23]. Справа была заведзена ў Барыстэнаўскай вотчыннай канторы князя Канстанціна Любамірскага з нагоды неабходнасці рэагавання на цыркуляр начальніка Магілёўскай губерні ад 26 кастрычніка 1864 г., у якім старшыням міравых сходаў ставілася ў абавязак прасачыць за абменам зямельных участкаў праваслаўных духоўных асоб, што знаходзіліся ў кутках, аддаленых ад месцаў іх пражывання, на зямельныя надзелы, якія прылягаюць да саміх храмаў [23, арк. 17–18 адв.]. Палюбоўная сказка паміж павераным князя Канстанціна Любамірскага і прычтам Юрцаўскай царквы была складзена 27 жніўня 1865 г. [23, арк. 16–16 адв.]. Паводле яе, патрабаванні клірыкаў адносна незарослага ворыва і незатопленых сенажацяў былі цалкам выкананы адміністрацыяй вотчыны Барыстэнава. Участкі замянілі на блізкія да месца пражывання прыдатныя землі. Пасля атрымання звесткі аб смерці памешчыка Любамірскага ўдзячны святар Аляксей Бекарэвіч адслужыў літургію аб супачыне яго душы, што адбылося 28 красавіка 1870 г. [23, арк. 14–15]. Апрача гэтага, за дабрадзейства памешчыка было вырашана ўнесці яго імя ў сінодзік Юрцаўскай царквы для вечнага ўзгадвання. Магчыма, з мэтай справаводнай уніфікацыі рэестр і дакументы ранняга часу і былі падшыты да гэтай – больш позняй – справы.

Сярод дакументаў асабліва карыснымі з’яўляюцца тыя, дзе згадваюцца мясцовыя сяляне. Апрача стандартных згадак сялян без прозвішчаў, быў выяўлены спіс асобных мужчын-прыхаджан Юрцаўскай царквы, якія 26 лютага і 5 сакавіка 1851 г. прыходзілі ў двор хадайнічаць аб замене ўласнай працы на патрэбы кліру чыншавымі выплатамі. Усе просьбіты адзначаны з прозвішчамі. У ліку сялян вёскі Барсукі згаданыя Нічыпар Цімафеевіч Караткевіч, Казьма Рыгоравіч Караткевіч і Анісім Іванавіч Караткевіч (ва ўсіх выпадках «Короткевич») [23, арк. 111 адв.]. Звернем увагу на напісанне прозвішча.

Далей сустракаецца такая антрапанімічная форма пад прашэннем сялян вёсак Муханава, Івашкі і Барсукі Высоцкай воласці на імя магілёўскага губернатара аб атрыманні дазволу на перасяленне ў Томскую ці іншыя губерні «Азіяцкай Расіі» ад 4 мая 1896 г. [4, арк. 7–8]. Сярод просьбітаў з вёскі Барсукі называюцца Майсей Сямёнавіч, Самсон Цімафеевіч і Ілля Раманавіч Караткевічы (ва ўсіх выпадках «Короткевич»). У прыватнасці, сяляне адзначалі ў прашэнні наступнае: «У 1861 годзе нашыя айцы і дзяды, пасля вызвалення нас з прыгоннай залежнасці, атрымалі ад Ураду ў надзел пры сваіх сяленнях, неабходныя зямельныя ўчасткі, з таго часу народанасельніцтва настолькі памножылася і павялічылася, што атрыманыя ў надзел землі, давялося раздрабіць і падзяліць паміж намі, гэта значыць усімі сваімі аднавяскоўцамі, на самыя дробныя кавалкі, так што многія з нас, аднавяскоўцаў, абцяжараныя вялікімі сем’ямі, апынуліся цяпер на нязначных зямельных участках, з якіх у цяперашні час немагчыма забяспечваць свае сямействы». У дадатак да гэтага прычынай перасяленчых настрояў называліся: 1) адсутнасць дадатковых заробкаў; 2) забеспячэнне дабрабыту выключна з зямлі, без далучэння да адыходніцтва ў рамяство і інш.; 3) адсутнасць магчымасці набыць зямлю праз Пазямельны банк з-за павышэння коштаў.

Пад больш познім прашэннем Максіма Васільевіча Барабана з вёскі Барсукі 20 чэрвеня 1902 г. распісаўся нехта «Ю. Короткевич» [5, арк. 2–2 адв.].

У прашэнні Агрыпіны Стэфанаўны і Іллі Раманавіча з той жа вёскі ад 17 сакавіка 1903 г. імі ўжываецца форма Кароткіны [6, арк. 8]. Аднак пры гэтым, што характэрна, у пасямейных спісах, складзеных у валасным праўленні, з пералікам інфармацыі эканамічнага плану аб сям’і, прозвішча падаецца як Кароткі [6, арк. 1–2]. Тое, што Караткевічы, Кароткія і Кароткіны з Барсукоў з’яўляюцца прадстаўнікамі аднаго і таго ж роду, пацвярджае фіксацыя ўсіх гэтых форм у дачыненні да асобы селяніна Іллі Раманавіча.

У рэвізскай сказцы 1795 г. Барсукі называюцца ўласнасцю Вінцэнта Гардзялкоўскага, які памёр да 1829 г. [23, арк. 216]. У 1830 г. вёскай ужо валодаў генерал-маёр князь Канстанцін Ксавер’евіч Любамірскі (1786–1870) [23, арк. 209].

Па дадзенай вёсцы Барсукі Аршанскага павета ў НГАБ захаваліся тры рэвізскія сказкі – 1795, 1834 і 1850 гг. Колькасць двароў за ўвесь час заставалася прыкладна аднолькавай – 28 адзінак. Насельніцтва ў 1795 г. складала 202 чалавекі, у 1850 – 201 чалавек. Дзякуючы таму, што Аршанскі павет закранула яшчэ рэвізія 1782 г., вядома пра памер вёскі на той час – 29 двароў, 190 жыхароў. Сялянскія прозвішчы па гэтым населеным пункце ў рэвізскіх сказках падаюцца бессістэмна – месцамі адсутнічаюць, месцамі пазначаюцца.

У рэвізскай сказцы 1795 г. за прозвішчам Кароткі адзначана пяць двароў – № 6 (нашчадкі Пракопа, каля 1700 г.н.), № 21 (нашчадкі Ціхана, каля 1710 г.н.), № 22 (нашчадкі Івана, каля 1710 г.н.), № 24 (нашчадкі Аўсея, каля 1720 г.н.), № 26 (нашчадкі Мацвея, каля 1730 г.н.) [10, арк. 480 адв.–488.]. У рэвізскай сказцы 1834 г. за прозвішчам Кароткі адзначана таксама пяць двароў – № 20 (нашчадкі Ціхана, каля 1710 г.н.), № 22 (нашчадкі Івана, каля 1710 г.н.), № 29 нашчадкі таго ж Ціхана), № 37 (нашчадкі Мацвея, каля 1730 г.н., лінія згасла ў 1830 г.), № 28 (нашчадкі Сямёна, каля 1730 г.н., у 1795 – без прозвішчаў) [21, арк. 332 адв.–340]. Такім чынам, умоўных пачынальнікаў асобных галін атрымалася шэсць. У рэвізскай сказцы 1850 г. прозвішчы ўжо былі замацаваны за кожным дваром, і тут варта абмежавацца іх пералікам – № 14, 18–24, 27. Агулам – дзевяць двароў [22, арк. 229 адв.–241]. Пры гэтым неабходна адзначаць, што колькасць асобных галін вырасла да адзінаццаці, як за кошт сялян без прозвішчаў па папярэдніх рэвізіях (№ 14, нашчадкі Івана, каля 1740 г.н.; № 18, нашчадкі Ларыёна, каля 1730 г.н.), так і за кошт сем’яў, запісаных раней пад іншымі прозвішчамі (№ 17, нашчадкі дваюрадных братоў Сазончыкаў – Рыгора Нічыпаравіча, каля 1752 г.н., і Данілы Арцем’евіча, каля 1768 г.н.; № 19, нашчадкі Сямёна Свірыдавіча Сіўца, каля 1781 г.н.; № 23, нашчадкі Фамы Рыгоравіча Чарняўскага, каля 1805 г.н., пераведзенага ў Барсукі з вёскі Стайкі ў 1824 г.).

Адносна адзінай захаванай метрычнай кнігі па Юрцаўскай царкве за 1909 г. варта адзначыць, што прозвішча Кароткі згадваецца ў ёй чатыры разы, Кароткін – адзін раз [17, арк. 626 адв.–627, 647 адв.–648, 658 адв.–659, 687 адв.]. Наяўная там інфармацыя ўдакладняе асобныя моманты з генеалогіі Кароткіх-Караткевічаў.

Лагічна задацца пытаннем – ці ёсць верагоднасць на падставе ўсіх прадстаўленых генеалагічных звестак узнавіць радаводныя лініі сялян Кароткіх, згаданых у перапісе 1926 г.? З выкарыстаннем толькі матэрыялаў НГАБ паддаюцца такой ідэнтыфікацыі жыхары 13-ці з 26-ці двароў. Так, нашчадкамі вышэйзгаданага Аўсея Кароткага, народжанага ў пачатку XVIII ст., з’яўляюцца Максім Анісімавіч (№ 64), Даніла Захар’евіч (№ 65), Захарый Анікеевіч (№ 66), Якаў Анікеевіч (№ 70), Пётр Аляксеевіч (№ 71), Аляксей Анікеевіч (№ 72). У Данілы Арцем’евіча Сазончыка былі наступныя праўнукі: Дзямід Маісеевіч (№ 74), Міхаіл Маісеевіч (№ 79). Праўнук Сямёна Свірыдавіча Сіўца-Кароткага – Емяльян Самсонавіч (№ 51). З пэўнай доляй умоўнасці ўнукамі і праўнукамі Фамы Рыгоравіча Чарняўскага з’яўляюцца: Яфім Навумавіч (№ 62), Парфён Яфімавіч (№ 63), Андрэй Навумавіч (№ 73), Карп Яфімавіч (№ 78).

Схема нашчадкаў Аўсея Караткевіча з вёскі Барсукі (адсутнічае ў артыкуле)

Адзначым, што сынам Міхаіла Маісеевіча з галіны Данілы Сазончыка з’яўляецца камбрыг Сямён Міхайлавіч Кароткін (1903–1942), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў 1941–1942 гг., член Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У далейшым асобныя дэталі да генеалогіі Кароткіх-Караткевічаў могуць дадаць і скарэктаваць матэрыялы НАРБ, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Аршанскага занальнага архіва, архіваў ЗАГС.

Вяртаючыся да асобы аршанскага мешчаніна Сазона Караткевіча даводзіцца адзначаць, што з вялікай доляй верагоднасці ён не мае сваяцкіх сувязей з прыгоннымі сялянамі з вёскі Барсукі, а мае іншае геаграфічнае, а, магчыма, і саслоўнае паходжанне.

Прыведзены матэрыял, хаця і не раскрывае ў поўнай меры сакрэт паходжання дзеда пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, але яскрава сведчыць пра наступнае. У той час, як у справаводстве землеўласніка, дзяржавы і царквы фіксавалася форма Кароткі, самі сяляне ў прашэннях пазначалі сябе з больш прымальнай для іх формай Караткевіч, у рэдкіх выпадках з формай Кароткін (менавіта апошняя форма замацавалася ў наш час у якасці прозвішча для большай часткі нашчадкаў роду). Як згадана ў даследаванні, форма Караткевіч ужыта ў прашэнні Наталлі Караткевіч ад 2 верасня 1896 г. Аднак пры гэтым у журнале паспяховасці за 1901/1902 навучальны год і ў атэстаце аб заканчэнні поўнага курса навучання ад 4 чэрвеня 1904 г. Сямён пададзены з прозвішчам Кароткі [14, арк. 39 адв.; 15, арк. 68]. Верагодна, менавіта праз фіксацыю ў прашэнні аб уладкаванні на службу ад красавіка 1906 г. прозвішча Караткевіч у далейшым стала нязменным прозвішчам сям’і Сямёна Цімафеевіча і распаўсюдзілася на яго нашчадкаў.

На дадзены момант даводзіцца лічыць, што канчатковую кропку ў пытанні аб месцы дзеда пісьменніка ў радаводзе сялян Кароткіх-Караткевічаў можа паставіць толькі знаходка дакумента, дзе фігуруе сам Цімафей Караткевіч. Калі такое адбудзецца, то ёсць вялікія падставы меркаваць, што дакумент будзе выяўлены не ў фондах НГАБ, а ў адным з дзяржаўных архіваў Расійскай Федэрацыі (напрыклад, метрычны запіс аб смерці Цімафея), або ў асабістым архіве пісьменніка (метрычны запіс аб нараджэнні і хрышчэнні Сямёна).

Крыніцы і літаратура

  1. Верабей, А. Л. Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць / А. Верабей. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 271 с.
  2. Могилевские губернские ведомости. – 1906. – 17 мая. – № 37. – С. 1.
  3. НАРБ. – Ф. 30 (Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне БССР). Воп. 2. Спр. 6341. – Матэрыялы перапісу насельніцтва па Аршанскім раёне Аршанскай акругі. 1926 г. – 256 арк.
  4. НГАБ. – Ф. 2014 (Магілёўская губернская прысутнасць). Воп. 1. Спр. 1589. – Справа паводле прашэнняў сялян вёсак Высоцкай і Мошкаўскай валасцей Аршанскага павета на імя магілёўскага губернатара аб перасяленні ў Сібір. 1896 г. – 59 арк.
  5. НГАБ. – Ф. 2014. Воп. 1. Спр. 2566. – Справа паводле прашэння Максіма Васільева Барабана і яго маці Сцепаніды Сазонавай, сялян вёскі Барсукі Высоцкай воласці Аршанскага павета, аб перасяленні у Усцьеўскую воласць Канскага павета Енісейскай губерні. 1902 г. – 6 арк.
  6. НГАБ. – Ф. 2014. Воп. 1. Спр. 2722. – Справа паводле прашэння Агрыпіны Стафанавай, Іллі Раманава Кароткіных, Кузьмы Фёдарава Чыжыка, сялян вёскі Барсукі Высоцкай воласці Аршанскага павета, аб перасяленні ў Заходнюю Сібір. 1903 г. – 8 арк.
  7. НГАБ. – Ф. 2043 (Высоцкае валасное праўленне). Воп. 1. Спр. 1. – Спіс сялян-гаспадароў Высоцкай воласці Аршанскага павета з пералікам і ацэнкай іх нерухомай маёмасці, належнай да абавязковага страхавання, студзень 1914 г. – 37 арк.
  8. НГАБ. – Ф. 2043. Воп. 1. Спр. 2. – Спіс сялян-гаспадароў Высоцкай воласці Аршанскага павета з відам і колькасцю свойскай жывёлы, а таксама кармавых культур. 12.11.1916 г. – 33 арк.
  9. НГАБ. – Ф. 2099 (Магілёўская гарадская ўправа). Воп. 1. Спр. 2а. – Пасямейныя спісы магілёўскіх мяшчан. 1888 г. – 497 арк.
  10. НГАБ. – Ф. 2151 (Магілёўская казённая палата). Воп. 1. Спр. 141. – Рэвізская сказка памешчыцкіх сялян і дваравых людзей Аршанскага пав. 1795 г. – 676 арк.
  11. НГАБ. – Ф. 2151. Воп. 1. Спр. 173. – Дадатковая рэвізская сказка на дваран і даводзячых дваранства па Магілёўскай губ. 1864 г. – 332 арк.
  12. НГАБ. – Ф. 2160 (Сенненскае павятовае казначэйства). Воп. 1. Спр. 5. – Дадатковая рэвізская сказка на асоб, якія прыпісваліся да розных грамад Сенненскага пав. Магілёўскай губ. 1868 г. – 421 арк.
  13. НГАБ. – Ф. 2274 (Аршанскае вышэйшае пачатковае вучылішча). Воп. 1. Спр. 270. – Прашэнні аб залічэнні вучняў у Аршанскае гарадское вучылішча. 1896 г. – 34 арк.
  14. НГАБ. – Ф. 2274. Воп. 1. Спр. 300. – Журнал для адзнак за чвэрць вучняў Аршанскага гарадскога вучылішча за 1901/1902 навучальны год. 1902 г. – 52 арк.
  15. НГАБ. – Ф. 2274. Воп. 1. Спр. 316. – Экзаменацыйныя ведамасці і атэстаты Аршанскага гарадскога вучылішча. 1903–1904 гг. – 81 арк.
  16. НГАБ. – Ф. 2274. Воп. 1. Спр. 342. – Прашэнні аб залічэнні вучняў у Аршанскае гарадское вучылішча. 1906 г. – 111 арк.
  17. НГАБ. – Ф. 2301 (Магілёўская духоўная праваслаўная кансісторыя). Воп. 15. Спр. 175. – Метрычная кніга аб хрышчаных, шлюбаваных і памерлых па дзесяці цэрквах Аршанскага павета і дзвюм цэрквам Горацкага павета Магілёўскай губерні. 1909 г. – 687 арк.
  18. НГАБ. – Ф. 2361. Воп. 1. Спр. 36. – Шлюбныя экзамены Аршанскай Раства-Багародзіцкай царквы. 1887 г. – 207 арк.
  19. НГАБ. – Ф. 2361. Воп. 1. Спр. 55. – Споведныя ведамасці Аршанскай Раства-Багародзіцкай царквы. 1895 г. – 28 арк.
  20. НГАБ. – Ф. 2361. Воп. 1. Спр. 68. – Споведныя ведамасці Аршанскай Раства-Багародзіцкай царквы. 1917 г. – 48 арк.
  21. НГАБ. – Ф. 3258 (Любамірскія, князі). Воп. 1. Спр. 62. – Рэвізская сказка памешчыцкіх сялян князя Любамірскага. 1834 г. – 353 адв.
  22. НГАБ. – Ф. 3258. Воп. 1. Спр. 76. – Рэвізская сказка памешчыцкіх сялян князя Любамірскага. 1850 г. – 666 арк.
  23. НГАБ. – Ф. 3258. Воп. 1. Спр. 82. – Ліставанне па пытаннях Юрцаўскай царквы. 1860–1870 гг. – 222 арк.
  24. Памятная книжка Могилевской губернии на 1916 год / издание Могилевского губернского статистического комитета, под ред. и. д. секретаря комитета И. И. Марченко. – Могилев : Губернская типография, 1916. – XVI, 256, Х, 69, 71 с., [1] л. портр.
  25. Урублеўскі, В. В. Грыневічы герба «Прыяцель» / В. Урублеўскі // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 4. Г. – Мінск : Беларусь, 2016. – С. 573–575.
  26. Яцкевіч, З. Л. Малы гербоўнік Рагачоўскай шляхты / З. Л. Яцкевіч // Архіварыус : зб. навук. паведамл. і арт. – Вып. 7. – Мінск : БелНДІДАС, 2009. – С. 267–281.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 22.04.2020

1 Факт прагляду С. Рыбчонкам дадзеных спраў адзначаны ў іх лістах выкарыстання.

2 Адкрыццё было зроблена па замове Вадзіма Станіслававіча Караткевіча, жыхара горада Кемерава Расійскай Федэрацыі, каардынатара сайта «Тры герба», і адзначана на тым жа сайце. Гэтую звестку ён 27 лютага 2017 г. даслаў па электроннай пошце генеалогу-аматару Алене Аляксандраўне Караткевіч.

3 Аўтар выказвае падзяку В. У. Чарвінскай за дапамогу ў выяўленні дадзенага дакумента (дакумент адшуканы 17.04.2020) і дапамозе ў пошуку іншых дакументаў па тэме ў фондзе НГАБ «Аршанскае гарадское вучылішча».

Публікуецца паводле: Урублеўскі, В.В. Досвед даследавання сялянскай генеалогіі па Аршанскім павеце Магілёўскай губерні (на прыкладзе радаводу Уладзіміра Караткевіча па лініі бацькі) // Архіварыус. Вып. 18. — Мінск : НГАБ, 2020. С. 276-289.

2 thoughts on “Досвед даследавання сялянскай генеалогіі па Аршанскім павеце Магілёўскай губерні (на прыкладзе радаводу Уладзіміра Караткевіча па лініі бацькі)

  1. Странно, что не удалось найти ревизскую сказку 1858 года. Насколько я знаю РС деревни Барсуки Оршанского уезда находится в деле 2151-1-149. Может быть это, конечно, другие Барсуки, но судя по “Дапаможнику” в Оршанском уезде была только одна такая деревня. Также деревня Барсуки есть в инвентаре Бористеновского имения (3258-1-78 листы 92 об.-98) за 1855 год. Причем у меня помечено, что в деле есть фамилии.

    1. Добры дзень! Акрэсленыя Вамі Барсукі пазней 1858 года належалі да Руднянскай воласці Аршанскага павета, цяпер у межах РФ. Што датычыць інвентару 1855 года, то не памятаю ці тычыўся гэтай крыніцы, таму за прыгаданае Дзякуй!

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


4 × 9 =