Агульная інфармацыя

radavodАдраджэнне нацыянальнай самасвядомасці немагчыма без усведамлення народам самога сябе як непарыўнай часткі сваёй краіны, яе гісторыі, мовы і культуры. Пры гэтым важна не толькі духоўная, але і кроўная повязь з Радзімай, дзесяткамі пакаленняў продкаў, што жылі на ёй да нас. Продкі – не маўклівая і аморфная маса без імёнаў і лікаў, а жывыя людзі мінулага, чые фізічныя рысы і рысы характару перададзены нам па спадчыне. Памяць аб іх патрэбна нам, як даніна павагі былым часам і надзея на лепшую будучыню.

Абуджэнне цікавасці да генеалогіі ў Беларусі асабліва адчуваецца ў апошняе двадцацігоддзе. На хвалі агульнага інтарэсу да генеалогіі ўзнік і распачаў сваю дзейнасці гурток даследчыкаў генеалогіі “Радавод”, што дзейнічае на гістарычным факультэце БДУ з вясны 2009 г.

На пасяджэннях гуртка “Радавод” ужо паспелі прыняць удзел многія слынныя беларускія даследчыкі генеалогіі, у тым ліку Ў. Вяроўкін-Шалюта, В.М. Папко, С.Я. Рассадзін, С.А. Рыбчонак, Ф.В. Чарняўскі; маладыя даследчыкі М.В. Гацак, В.Г. Караффа-Корбут, Ю.М. Снапкоўскі, В.В. Урублеўскі; пачаткоўцы С.П. Крывіцкая, А.С. Кулікоўскі.

Увесну 2011 г. адбылося зацвярджэнне Статута ГДГ “Радавод” на гістфаку БДУ і яго эмблемы ў выглядзе радаводнага дрэва Беларусі.
29 чэрвеня 2011 г. падведзены вынікі першага конкурса генеалагічных прац вучняў агульнаадукацыйных школ, студэнтаў і выпускнікоў ВНУ. Першае месца прысуджана Гацаку Максіму Віктаравічу, выпускніку факультэта міжнародных бізнэс-камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (2010). Другое месца – Крывіцкай Святлане Пятроўне, выпускніцы гістфака БДУ (2011). Трэццяе месца – Марозавай Ірыне Ўладзіміраўне, вучаніцы 10 класа Палатоўскай сярэдняй школы Полацкага р-на Віцебскай вобласці.

ГДГ “Радавод” сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі “Этна”, “Ікамос” і “Камяніца” выступіў арганізатарам прыборак і апісання старажытнай часткі могілак у мястэчку Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (колішняга Ашмянскага павета Віленскага ваяводства). Летнік адбываўся з 1 па 15 жніўня 2011 г. Усяго ўдзел у ім прыняла каля 30 чалавек, пераважна з ліку студэнцкай моладзі. Апісана каля 250 пахаванняў, большая частка якіх датуецца ХІХ ст.

Мэта, задачы, прадмет, асноўныя накірункі і механізмы дзейнасці гуртка, правы і абавязкі сябраў і кіраўніцтва, арганізацыйная структура, маёмасць і парадак спынення дзейнасці акрэслены ў Статуце “ГДГ Радавод”. Асобным дакументам з’яўляецца праграма дзейнасці гуртка, распрацаваная на падставе асноўных накірункаў дзейнасці.

Старшыня ГДГ “Радавод” – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістфака БДУ Андрэй Мікалаевіч Латушкін. Намеснік старшыні і сакратар – аспірант гістфака БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзім Валер’евіч Урублеўскі. Навуковы кансультант – кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік БелНДЦЭД, старшы выкладчык кафедры крыніцазнаўства гістфака БДУ, буйнешы спецыяліст па генеалогіі Беларусі – Сяргей Аляксандравіч Рыбчонак. Кіраўнік генеалога-бібліяграфічнага падраздзялення – студэнтка V курса БДУКіМ, літаратурны супрацоўнік Беларускага фонда культуры Анастасія Валер’еўна Кадыгрыб. Кіраўнік некрапалістычнага падраздзялення (“Родныя клады”) – намеснік старшыні і сакратар В.В. Урублеўскі. Кіраўнік навукова-даследчыцкага накірунка – навуковы кансультант С.А. Рыбчонак.

Кантакты

тэл. +375 17 222-36-07, +375 17 209-57-06
e-mail: archives@tut.by

2 thoughts on “Агульная інфармацыя

  1. Добры дзень

    Маю да шаноўнага спадарства адно пытанне: конкурс, аб якiм напiсана тут https://hist.bsu.by/konkurs-qgistoryya-i-genealogiya-majgo-roduq.html,
    ён ужо скончыўся цi працягваецца? На жаль, не знайшоу iнфармацыю аб тэрмiнах правядзення.

    З пошты гiстфака мне адказалi, каб звяртаўся на кафедру да Латушкiна Андрэя Мiкалаевiча. Але ж па ўказаным телефоне 2095706 яго ўжо колькi дзён знайсцi не ўдалося.

    1. Гэта даўно завершаны конкурс. Вынікі падведзены ў 2011 годзе.
      Аналагічных конкурсаў пакуль што не праводзілася. З павагай!

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


3 + = 7