АБ’ЯДНАННІ ЗЕМЛЯКОЎ ЯК СТЫМУЛ ДА РАЗВІЦЦЯ ГЕНЕАЛОГІІ Ў БЕЛАРУСІ

Найбольш значная на дадзены час задача генеалогіі ў яе грамадскім разрэзе – стымуляваць грамадства да даследавання сваіх каранёў. Сродкі дасягнення гэтага: 1) канферэнцыі, семінары, круглыя сталы; 2) грамадскі значныя разавыя і стацыянарныя праекты на тэму генеалогіі і гісторыі сям’і; 3) навуковыя і навукова-папулярныя кнігі і артыкулы; 4) праекты ў сацыяльных сетках з адказамі на ключавыя пытанні па асновах генеалагічнага пошуку; 5) міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя сустрэчы прадстаўнікоў роду; 6) выступленні на радыё і тэлебачанні.

Древо Жыцця

Аднак гэтыя напрамкі генеалагічнай актыўнасці не ахопліваюць усяго поля праблем. Актыўнасць яшчэ даволі слабая. Крыніцавыя базы інтэрнэта, нягледзячы на багатыя масівы звестак па масавай гісторыі ХХ стагоддзя, па аб’ектыўных прычынах не ахопліваюць пласта архіўных крыніц. Пэўным чынам ажывіць інтэрнэт-карыстальнікаў могуць фінансавыя ініцыятывы супольнасцяў зацікаўленых людзей.

Менавіта так. Наша звычка спадзявацца на ўласныя сілы прыводзіць: 1) да гераічных тамоў зборнікаў, якія ствараюцца адзінокімі кніжнікамі-волатамі (як навукоўцамі, так і аматарамі); 2) да акадэмічных аб’яднанняў з навуковымі, а таму дастаткова вузкімі задачамі; 3) да альтруістычных згуртаванняў аматараў генеалогіі, якія ў парадку хоббі збіраюць сканы дакументаў па сваім рэгіёне ці па тэматычным напрамку. Уласна, нашая генеалогія дужа бедная на арганізатараў-камерсантаў, якія пры гэтым здольныя клапаціцца не столькі пра ўласныя інтарэсы, колькі пра інтарэсы агульнай справы.  Аўтар гэтага артыкула не ведае ніводнага.

Мы нярэдка звяртаемся да пытання аб неабходнасці мець у Беларусі сваё рэспубліканскае генеалагічнае аб’яднанне. Аднак ужо зараз варта думаць над пытаннем таго як яно будзе функцыянаваць. Практыка падказвае, што кепска пастаўлены працэс рана ці позна, але прывядзе да выгасання ініцыятывы і мінімалізацыі вынікаў.

Перадумова да выспявання новай мадэлі генеалагічнай актыўнасці выспявае ўжо зараз. У інтэрнэце ў агульным доступе можна спампаваць вялікую колькасць некалі пераснятага мармонамі комплексу метрычных кніг і іншых генеалагічных крыніц, у тым ліку па тэрыторыі Беларусі. Дзеля спрашчэння задачы па апрацоўцы гэтых рэсурсаў патрэбна індэксацыя або стварэнне інфарматыўных геаграфічных і імянных паказальнікаў да гэтых ці да іншых  яшчэ не змешчаных для спампавання архіўных кніг.

Індэксацыю належным чынам у стане рабіць толькі спецыялісты, што разбіраюцца ў мовах, почырках і ўласна ў гістарычным кантэксце. Менавіта да паслуг такіх спецыялістаў могуць звяртацца супольнасці людзей, якія зацікаўлены ў якаснай апрацоўцы пласта крыніц па іх рэгіёне за канкрэтны прамежак часу.

Пры гэтым варта адзначыць, што юрыдычнымі правамі на новаствораны прадукт інтэлектуальнай уласнасці валодае толькі калектыў замоўцаў, якія могуць па дамоўленасці ім карыстацца, атрымліваючы з гэтага дэвідэнты. Дэвідэнты могуць быць як у выглядзе атрыманай інфармацыі, так і фінансавыя (базы могуць выкладацца ў інтэрнэт без спасылак на крыніцы, што прымусіць карыстальнікаў звяртацца да іх уласнікаў з мэтай атрымання больш дакладных спасылак).

Як гэта схема можа працаваць на практыцы? Дапусцім, што некаму патрэбны паказальнікі на метрычныя кнігі аб хрышчаных па N-м касцёле за 1850–1890 гг. Іх захаванасць пацвярджаецца наяўнымі звесткамі. У такім выпадку шукаецца спецыяліст, з якім абмяркоўваюцца ўмовы праекта (кошт, час, вынік і іншае). Рэчаіснасць палягае ў тым, што чым больш людзей збярэцца вакол гэтай задумы, тым меньш ім давядзецца ахвяраваць грошай на агульную справу – наём спецыяліста-наборшчыка.

Варта адзначыць, што такі парадак працы: 1) створыць нішу для заробка спецыялістаў; 2) дазволіць гуртаваць ініцыятывы зацікаўленых асоб.

Падключэнне да такіх ініцыятыў усё большай і большай колькасці людзей створыць  перадумовы да стварэння рэспубліканскага генеалагічнага аб’яднання, здольнага вырашаць канкрэтныя і злабадзённыя задачы.

Вадзім Урублеўскі

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


4 × 1 =