Самыя папулярныя прозвішчы: Жук і вытворныя формы

Па дадзеных кніг гісторыка-дакументальнай хронікі серыі «Памяць» у сярэдзіне ХХ стагоддзя прозвішча Жук з утворанымі ад яго разнастайнымі прозвішчамі сустракалася паўсюдна. Не сустрэліся яны толькі ў зборах звестак па Астравецкім і Мазырскім раёнах.

Мастак Станіслаў Юллянавіч Жукоўскі (1875-1944), ураджэнец в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобласці

Самым распаўсюджаным з гэтай кагорты для населеных пунктаў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі можна лічыць прозвішча Жук. Дамінуюць Асіповіцкі раён – 26 выпадкаў (па колькасці населеных пунктаў, дзе яно сустракаецца), Лагойскі – 24 выпадкі, Мастоўскі – 16 выпадкаў, Міёрскі – 16, Вілейскі – 15. Ва Ўсходняй Беларусі найбольш папулярнае прозвішча Жукаў. Тут перавага за Буда-Кашалёўскім – 20 выпадкаў, Полацкім – 17 выпадкаў, Жлобінскім – 17 выпадкаў. Больш раўнамерна па краіне, але ў меншай колькасці раёнаў і населеных пунктаў сустракаюцца прозвішчы Жуковіч, Жукевіч, Жукоўскі. Праўда, Жукоўскі асабліва пашырана ў Бярэзінскім раёне – 27 населеных пунктаў. Не вельмі распаўсюджанае прозвішча Жукавец трымае пальму першасці па Старадарожскім раёне – 21 выпадак. Рэдкімі прадстаўляюцца такія прозвішчы як Жуклевіч (Верхнядзвінскі, Міёрскі), Жукавень (Вілейскі), Жукалаў (Пастаўскі), Жукаўскі (Глускі), Жукель (Дзятлаўскі), Жукта (Вілейскі). Сустрэліся і два выпадкі здвоенага прозвішча – Ажахоўскі-Жук (Барысаўскі), Жукоўскі-Рудакоў (Лагойскі).

Асабліва шмат формаў прыходзіцца на Барысаўскі (Ажахоўскі-Жук, Жук, Жукаў, Жукевіч, Жуковіч, Жукоўскі), Вілейскі (Жук, Жукавень, Жукаў, Жукоўскі, Жукта), Лагойскі (Жук, Жукаў, Жуковіч, Жукоўскі, Жукоўскі-Рудакоў) раёны. Прозвішча Жукаў рэдка згадваецца на захадзе, а прозвішча Жук адпаведна на ўсходзе. Калі такое здараецца, то як правіла ў гарадах, і сведчыць пра адносна нядаўняе перасяленне носьбітаў. Выключэнне могуць складаць нашчадкі чыноўнікаў і старавераў часоў Расійскай імперыі.

У этнічных адносінах носьбіты прозвішчаў былі беларусы, апалячаныя беларусы, палякі і рускія. Саслоўнае прадстаўніцтва таксама даволі шырокае. Шляхецтва па Мінскай губерні выводзілі два роды Жукоў і 13 родаў Жукоўскіх. Прозвішча Жукоўскі насуперак памылковай думцы тычылася не толькі шляхты, але і сялян, мяшчан, чыноўнікаў. Да прыкладу возьмем судовыя справы Мінскага акруговага суда. Так, у 1890 годзе адзін з мяшчан Жукоўскіх, жыхар мястэчка Смалявічы, пакрыўдзіў валаснога старшыню, калі той рабіў вобыск у яго доме, шукаючы скрадзеныя ў Смалявіцкім валасным праўленні грошы. У 1887 гарадавы Жукоўскі атрымаў цялеснае пашкоджанне ад селяніна Русецкага з мястэчку Шацк. Сярод Жукоў былі не толькі сяляне і шляхта, але і мяшчане. Так, у 1890 слуцкі мешчанін Жук падазраваўся судом у намеры ўчыніць крадзеж. У 1889 бабруйскія мяшчане Жукавы абвінавачваліся ў нанясенні абраз маці.

У метрыках адной і той жа царкоўнай інстытуцыі могуць за адзін прамежак часу сустракацца абодва блізкіх прозвішча. Так, у метрыках Глыбоцкага касцёла аб хросце за 1900-1902 гг. згадваюцца як Жукі, так і Жукоўскія; у метрыках Гарбачэва-Абітоцкай парафі аб хросце за 1839-1864 гг. пазначаныя як Жукі, так і Жуковічы. Усё гэта можа сведчыць як проста пра супадзенні, так і пра магчымую замену прозвішча для адной з ліній аднаго роду ў больш даўнія часы.

Феномен, пры якім Жукі маглі стаць Жукоўскімі, бярэ пачатак у агульнай тэндэнцыі прэстыжнасці антрапонімаў на -оўскі ў XVIII стагоддзі. Кожны Жук мог праз асабістую службу ў пана, што была па азначэнні больш ганаровай за паншчыну, ці праз мяшчанскую заможнасць або ўласнае шляхецтва прадстаўляцца на хростах і вянчаннях як Жуковіч ці Жукоўскі і такім чынам увекавечвацца ў метрычных кнігах.

Этымалогія паходжання прозвішча Жук даволі празрыстая. Па-першае, прозвішча апелюе да невысокага росту і чорнага колеру валасоў; па-другое, так маглі называць спрытнага і жвавага чалавека. Жукоўскі, акрамя версіі паходжання з прозвішча Жук, можна таксама звязваць з населеным пунктам Жукі ці Жукава. Адназначна звязана з падобнай геаграфічнай назвай прозвішча Жукавец, якое аднак ніяк не прэтэндуе на шляхецкае паходжанне сваіх носьбітаў. Прозвішча Жукаў нездарма найбольш пашырана на ўсходзе. Яго карані трэба бачыць у матэрыялах перапісу 1897 года, калі за афіцыйна бесфамільнымі сялянамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў ўрэшце замацоўваліся прозвішчы і насілі яны часта ўсходні выгляд.

Прозвішчы Жук і Жукоўскі даволі праслаўленыя. Адразу мне прыгадваецца вуліца ў гонар Сяргея Паўлавіча Жукоўскага ў аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна, які добра ведаю. Гэта рэдкі выпадак, калі вуліцу назвалі ў гонар звычайнага воіна-земляка, які да вайны быў дырэктарам у мясцовай школе, і загінуў на фронце ў 1942 без значных узнагарод. Прозвішча Жук насіў селянін Сцяпан з вёскі Шавёлкі Верхнядзвінскага раёна. Ён, як верагодны сведак вайны 1812 года, ўдзельнічаў ва ўрачыстых святкаваннях стогоддзя Барадзінскай бітвы ў 1912.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі

30.05.2020

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


5 + 2 =