Згодна з кнігамі “Памяць” патранімічнае прозвішча Станкевіч у сярэдзіне ХХ стагоддзя сустракалася ў 85 раёнах Беларусі са 118. Асаблівай прадстаўленасцю адзначыліся цэнтральныя раёны краіны – рэгіёны найбольш частай фіксацыі прозвішчаў з фармантамі –овіч, евіч. Так, на першым месцы апынуўся Лагойскі раён (24 населеныя пункты, дзе зафіксавана прозвішча Станкевіч). Далей – Вілейскі, Валожынскі, Барысаўскі і Смаргонскі раёны (па 15 населеных пунктаў), Круглянскі (14), Магілёўскі (11), Ашмянскі (10), Верхнядзвінскі (10).

На распаўсюджанасць прозвішча паўплываў не толькі дамінантны ў Цэнтральнай Беларусі фармант, але і корань, што вызначае паходжанне сваіх носьбітаў ад Станькі (Станіслава) ці Сценькі (Сцяпана, Стафана). Безумоўна, перабольшаннем будзе лічыць усіх носьбітаў гэтага прозвішча выхадцамі з аднаго кораню. Для таго, каб вызначыцца з родапачынальнікам кожнага канкрэтнага роду Станкевічаў ці хаця б з заснавальнікам ліні, трэба правесці належнае генеалагічнае даследаванне.
У цэлым, кажучы пра паходжанне згаданага прозвішча, нялішне адзначыць, што сфарміравалася яно як самаіснае фамільнае ўтварэнне ў XVI–XVII ст. Так, у пачатку XVII стагоддзя на старонках актавых кніг Слонімскага гродскага суда ўжо ўпамінаюцца ўраднікі і зямяне Станкевічы.
Як і любое распаўсюджанае і старажытнае прозвішча, Станкевіч – антрапанімічная форма, уласцівая прадстаўнікам розных саслоўных, канфесійных, этнічных, прафесійных груп, ілюстрацыяй чаго для нас паслужыць перыяд Расійскай імперыі.
У ХІХ стагоддзі даволі значны працэнт Станкевічаў з Беларусі належыў да рознамаёмаснай шляхты, якая або атрымала зацвярджэнне ў дваранстве Расійскай імперыі або была залічана ў падушныя станы – мяшчанства і сялянства. Да прыкладу, напрыканцы стагоддзя дваранскімі лічыліся шляхецкія сем’і Станкевічаў з Барысаўскага, Магілёўскага, Лепельскага паветаў. Значны працэнт незацверджанай шляхты залічваўся ў мяшчане, дзякуючы чаму мы маем звесткі пра мінскіх мяшчан Станкевічаў з Вілейскага, Ігуменскага, Мінскага паветаў. Сям’я магілёўскіх мяшчан Станкевічаў пражывала ў ваколіцы Дальнія Цішоўкі пад Магілёвам (1911). Станкевічы з Мірскай воласці Навагрудскага павета, што паходзілі з чыншавай шляхты фальварка Крынкі таго ж павета, не будучы зацверджанымі ў дваранстве, пасля 1863 годы былі прылічаны да сялян. Незацверджаны дваранін Сцяфан Мацвеевіч Станкевіч у 1875 годзе быў залічаны да сялян вёскі Зазер’е Вялікадолецкай воласці Барысаўскага павета.
Мяшчане-гараджане Станкевічы зафіксаваны ў гарадах Мінск (1894), Слуцк (1858). Сяляне Станкевічы з прыгонным мінулым пражывалі ў Мінскім, Ігуменскім, Слуцкім паветах.
У перыяд Расійскай імперыі дамінантная частка Станкевічаў адносілася да трох хрысціянскіх дэнамінацый – каталікоў, праваслаўных, уніятаў. Пры гэтым веравызнанне было маркёрам нацыянальнай ідэнтычнасці, лагічна адводзячы каталікам “пальшчызну”, а праваслаўным – “рускасць”, а ў канцы ХІХ стагоддзя ўжо і беларускасць. Арыгінальнай на гэтым фоне з’яўляецца асоба Вітальда Казіміравіча Станкевіча, каля 1859 г.н., віленскага двараніна, які раз у пяць год стандартна трапляў на старонкі судовых спраў Мінскага акружнога суда, то за двубой, то за супраціўленне прыставу пры спробе апісаць яго маёмасць за пазыкі перад банкам, то за нанясенне прыставу абраз і, урэшце, за падробку заявы з прапісаным правам спагнання грошай па вэксэлі. Авантурысцкі лад жыцця, тым ня менш, не замінаў яму цвяроза глядзець на сваю нацыянальную ідэнтычнасць. У адным з судовых пратаколаў, за 1910 год, Вітальд Станкевіч дасціпна назваў сябе “беларусам польскай культуры”.
Акрамя Станкевічаў-хлебаробаў, якіх была большасць у імперскі час, носьбіты прозвішча займалі таксама дробныя чынавенскія ўрады ў горадзе і ў правінцыі, і проста працавалі па найме. Так, мінскія мяшчане Міхіл Гаўрылавіч, 1877 г.н., і Васіль Іванавіч, 1869 г.н., Станкевічы на момант прызыву ў войска працавалі адпаведна пісьмаводам і тэлеграфістам. Абавязкі дзясяцкіх выконвалі Юллян Вікенцьевіч Станкевіч, каля 1860 г.н., з вёскі Чанавічы Ланьскай воласці Слуцкага павета і Мацвей Якаўлевіч Станкевіч, каля 1830 г.н., з вёскі Белае Карэліцкай воласці Навагрудскага павета. Паліцэйскім соцкім у мястэчку Ляхавічы Слуцкага павета служыў Іван Сцяпанавіч Станкевіч. Нехта Уладзімір Геранімавіч Зак-Станкевіч, каля 1857 г.р., ураджэнец Хорскай воласці Мазырскага павета, у 1886–1887 гады з адмоўнага боку праявіў сябе ў Пінскім павеце як пісар Пагост-Загародскай воласці і пісьмавод Пінскага дэканата. Дваранін Ян Антонавіч Станкевіч, каля 1854 г.н., з Панявежскага павета Ковенскай губерні працаваў у 1889 годзе грузчыкам на станцыі Мінск. Селянін Уладзімір Станкевіч, каля 1871 г.н., з вёскі Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета згадваецца як столяр у 1902 годзе.
Малазямелле на Навагрудчыне спрыяла адцёку працаздольнай сілы на працоўныя адыходы ў Бабруйскі павет. Так, 30 красавіка 1900 года ў Новадарожскай царкве Бабруйскага павета вянчаліся Аляксандр Гаўрылавіч Станкевіч, 1878 г.н., ураджэнец вёскі Белае Карэліцкай воласці Навагрудскага павета, і Еўдакія Тарасаўна Емельянава, дачка селяніна са Старых Дарог.
Самымі вядомымі Станкевічамі ў Беларусі на сённяшні дзень з’яўляюцца Янка, Адам і два Станіславы Станкевічы з вёскі Арляняты Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай губерні). Янка (1891–1976), мовазнаўца, гісторык, палітычны дзеяч; Адам Вінцэнтавіч (1892–1949), літаратуразнавец, выдавец, каталіцкі святар; Станіслаў Лявонавіч (1886–1964), выдавец і паэт; Станіслаў Іосіфавіч (1907–1980), доктар філасофіі і адзін з лідэраў пасляваеннай эміграцыі.
Імя па бацьку Янкі Станкевіча дакладна невядома і дагэтуль (справа за касцельнымі метрыкамі). Як узорны знаўца беларускай антрапаніміі, згаданы філолаг прынцыпова не пазначаў за сабой імя па бацьку ў афіцыйных паперах. Цікава, што калі ў 2009 годзе мне ўдалося сустрэцца ў Мінску з яго сынам Юркам Станкевічам, той застаўся верным перакананням бацькі і таксама забараніў афіцыйна пісьмова пазначыць яго імя па бацьку. Права маюць. Але, у кантэксце генеалогіі, гэтая прынцыповасць – значная перашкода для доследу. Як бы там ні было, псеўданім Янкі Станкевіча Янучонак ускосна сведчыць пра адпаведнае імя па бацьку, кшталту Янавіч.
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 11 лютага 2020.