Самыя папулярныя прозвішчы Беларусі: Маліноўскі

Па дадзеных кніг «Памяць», дзе прадстаўлены ў тым ліку звесткі па генеалогіі Беларусі за 1930-1940-я гады, прозвішча Маліноўскі на той час дакладна было прадстаўлена ў 74 раёнах са 118. Гэтая акалічнасць дазваляе лічыць яго адным з распаўсюджаных прозвішчаў у межах Беларусі.

Вокладка апублікаваных успамінаў М. Маліноўскага

Па колькасці населеных пунктаў, жыхарамі якіх з’яўляліся адзначаныя ў кнігах «Памяць» Маліноўскія, першае месца займае Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці. Прозвішча Маліноўскі адзначана тут па 16-ці населеных пунктах: Балоціна, Барадуліна, Вышнарава, Грулёва, Іванцова, Казлоўшчына, Мушына, Мядзведзі, Нямыцькі, Палыкаўшчына, Росіца, Сінічына. Другое месца падзяляюць Вілейскі і Капыльскі раён, дзе месцамі пражывання Маліноўскіх адзначана па 10 населеных пунктаў. На трэцім месцы Асіповіцкі, Маладзечанскі і Нараўлянскі раёны – па 8 населеных пунктаў. Безумоўна, прозвішча сустракалася таксама на заходніх абшарах Беларусі (Гродзенскі, Зэльвенскі, Маларыцкі раёны) і на ўсходнім узмежжы (Кармянскі, Краснапольскі, Лёзненскі, Чачэрскі раёны).

Такая шырокая геаграфія вынікае з дзьвюх асноўных прычын: 1) з прыналежнасці большай часткі Маліноўскіх да мабільнага шляхецкага стану; 2) з папулярнасці ў XVIII стагоддзі прозвішчаў польскай фамільнаўтваральнай традыцыі, якія маглі засвойваць прамежкавыя катэгорыі насельніцтва і нават прыгонныя сяляне, у былым Маліны ці Маліновічы.

У 1830-я гады шляхецкія роды Маліноўскіх былі вядомыя ў Бабруйскім, Барысаўскім, Вілейскім, Дзісненскім, Мінскім, Слуцкім паветах толькі адной Мінскай губерні. Пры гэтым чыншавая шляхта пераважала.

Безумоўна, не ўсе Маліноўскія былі зацверджаныя ў дваранстве Расійскай імперыі, а таму мусілі папоўніць у першай палове ХІХ стагоддзя катэгорыі аднадворцаў і мяшчан. Пасля скасавання аднадворчага стану ў 1864 годзе выбар тычыўся мяшчанскіх і сялянскіх таварыстваў. Так, у 1877 годзе 50-гадовы Людвік Маліноўскі, аднадворац з Вілейскага павета, быў залічаны ў сяляне сяла Косіна Юр’еўскай воласці Барысаўскага павета. Аднак большасць Маліноўскіх рабілі выбар наконт мяшчанскага таварыства. Так, у парэформенны час статус мінскіх мяшчан набылі Маліноўскія з фальварка Асмолава Лагойскай воласці і засценка Высокае Ляда Смалявіцкай воласці Барысаўскага павета, Маліноўскія з маёнтка Ляды Ігуменскага павета і мястэчка Астрашыцкі Гарадок Мінскага павета. Да «некарэнных мяшчан горада Магілёў» у 1900 годзе далучылі пазашлюбных Сімеона і Паўла Маліноўскіх.

Аднак сам «шляхетны характар» прозвішча не сведчыць аб тым, што яго носьбіты не маглі быць у ліку прыгонных сялян. Так, у 1854 годзе ў мястэчку Астроўна Сенненскага павета Магілёўскай губерні браў шлюб у мясцовым касцёле 22-гадовы Ян сын Марка Маліноўскі, адзначаны як «звольнены з сялян» ураджэнец Віцебскай парафіі (такі адвольны рускі пераклад польскага выразу аб вызваленні з прыгоннай залежнасці). Праваслаўныя сяляне Маліноўскія ў 1860 годзе пражывалі ў сяле Засулле Мінскага павета.

Дарэвалюцыйных носьбітаў прозвішча Маліноўскі нельга лічыць выключна адэптамі каталіцтва, хаця каталікоў сярод іх сапраўды была значная колькасць, на што паўплываў яшчэ перыяд Рэчы Паспалітай. Тады сярод Маліноўскіх складана было знайсці некаталіка, але такія знаходзіліся. Так, 40-гадовы Стэфан Маліноўскі з вёскі Невашоўшчына на Наваградчыне у 1763 годзе разам з сям’ёй належыў да парафіян Навагрудскай Свята-Янаўскай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі. У перыяд Расійскай імперыі частка Маліноўскіх як па сваёй волі, так і без яе былі пераведзены з каталіцтва і ўніяцтва ў праваслаўе. Так, калі мы звернем увагу на матэрыялы перапісу гаспадарак Дрысенскага р-на (цяпер Верхнядзвінскі р-н) за 1925 год, то ўбачым за Маліноўскімі з вёсак Барадуліна, Казлоўшчына, Палыкаўшчына, Мядзведзі, Сінічына Каркалецкага с/с выключна праваслаўныя імёны і імёны па бацьку (Васіль Раманавіч Маліноўскі з Барадуліна, Ціхан Сяргеевіч Маліноўскі з Казлоўшчыны, Нічыпар Антонавіч Маліноўскі з Сінічына).

Не ўсе Маліноўскія былі беларусамі або апалячанымі беларусамі. Носьбіты гэтага прозвішча маглі патрапляць у Беларусь і з-за яе этнічных межаў. Так, гісторык, архівіст, бібліёграф Мікалай Маліноўскі (1799-1865) (на малюнку), які большую частку жыцця пражыў у Вільні, паходзіў з Махноўкі Брацлаўскага павета Падольскай губерні (цяпер Вінніцкая вобласць Украіны). З мяшчан горада Білгарай Люблінскай губерні быў Канстанцін Станіслававіч Маліноўскі, упраўляючы маёнтка Целякова Ігуменскага павета, у пачатку ХХ ст.

Этымалогію прозвішча ў цэлым варта звязваць з назвай населенага пункта – Малінава, Маліны, Малінаўка, адкуль маглі паходзіць яго носьбіты.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

19.11.2019

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 − 5 =