Па афіцыйных сведчаннях, самым распаўсюджаным у Беларусі з’яўляецца прозвішча Іваноў. У маім жыцці гэта сапраўды знайшло сваё адасабленне. У школе я вучыўся разам з разумным Мішам Івановым, ва універсітэце маім аднакурснікам быў харызматычны Лёша Іваноў, маёй выкладчыцай там жа была абаяльная Вольга Іванова, маёй калегай па працы была і з’яўляецца інтэлігентная Людміла Сяргееўна Іванова. І ўсе гэтыя людзі ніяк не звязаны паміж сабой крэўнымі ці сваяцкімі сувязямі.
Прозвішча Іваноў, як падобныя яму Пятроў, Сідараў, Міхайлаў і іншыя, сфарміравана ў рэчышчы праваслаўнай традыцыі ўсходняй краіны-суседкі. Узнікае слушнае пытанне: якім парадкам яно так шырока распаўсюдзілася на Беларусі. Тут мы пакінем у спакоі савецкую эпоху з яе перасяленнямі з Расіі ў Беларусь партыйнай наменклатуры, пралетарыяту і вайскоўцаў, а звернемся да перыяду дарэвалюцыйнай Беларусі.
У дарэвалюцыйнай Беларусі ў асяроддзі дваранства і чынавенства быў дастаткова значны кампанент рускага насельніцтва. Адпаведна, асобныя дваране і чыноўнікі Івановы па-просту былі рускімі. Так, мінскім натарыусам у 1880-я гг. быў Дзмітрый Арсеньевіч Іваноў, сын чыноўніка з Вялікіх Лук Пскоўскай губерні. Апроч гэтага шэраг Івановых паходзілі з мясцовага ўсходнебеларускага мяшчанства і сялянства. Так, магілёўскі мешчанін Аркадзь Іваноў служыў назіральнікам Магілёўскай губернскай турмы.
Яшчэ адной значнай супольнасцю Івановых былі вайскоўцы. Нярэдка гэта былі рускія афіцэры, што выходзілі ў адстаўку, набывалі маёнткі і займалі кіроўныя пасады, як адстаўны генерал-маёр Андрэй Грыгор’еў Іваноў, што ў 1880-я з’яўляўся старшынёй з’езда міравых суддзяў Гомельскай акругі. Але пераважалі ўсё ж ніжнія чыны – былыя рэкруты з сялян ці мяшчан, якія, у пераважнай большасці, вярталіся ў родныя губерні і паветы. Да прыкладу, такім жаўнерам быў 56-гадовы Аляксей Іваноў, адстаўны ніжні чын з сялян вёскі Замошша Уллянавіцкай воласці Сенненскага павета, які ў 1868 годзе быў паказальна адзначаны ў дадатковай рэвізскай сказцы як Аляксей Іванавіч Іваноў. З гэтага вынікае, што прозвішчы простых па паходжанні ніжніх чыноў часта ўтвараліся на аснове імёнаў па бацьку. Па ўсім відаць, такі ж механізм меў месца ў дачыненні да дробных чыноўнікаў мяшчанскага і сялянскага паходжання.
Лагічна, што нямала мяшчан праваслаўнага і стараабрадніцкага веравызнанняў таксама насілі такое прозвішча. Так, у дакументах мы знаходзім: барысаўскага мешчаніна Іосіфа Іванава Іванова (1886), гомельскага мешчаніна Івана Грыгор’ева Іванова (1894), магілёўскага мешчаніна Георгія Іванова (1911), чавускага мешчаніна Гаўрылу Іванова (1911), бабінавіцкага мешчаніна Фёдара Іванова (1911). Мінскі мешчанін Канстанцін Аляксандравіч Іваноў, слесар, прызываўся ў войска ў 1892 годзе з Мінску. Стараверы Івановы пражывалі ў слабадзе Капусціна і вёсцы Радуш Сцепскай воласці Бабруйскага павета.
Першы ўсерасійскі перапіс насельніцтва, праведзены ў 1897 годзе, замацаваў за значнай часткай сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерняў цалкам усходнія канчаткі ў родавых прозвішчах. Зноў-такі месцамі прозвішчамі сталі імёны па бацьку. Так, у перадрэвалюцыйны час вядомыя: Іосіф Іваноў з вёскі Чачэвічы Чыгірынскай воласці Быхаўскага павета (1911), Максім Іваноў з вёскі Галынец-2 Вендаражскай воласці Магілёўскага павета (1911), Георгі Іваноў з вёскі Канашы Курынскай воласці Віцебскага павета (1915) і многія іншыя.
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,
12.11.2019