Слова «казак» упершыню згадваецца ў 1303 годзе ў значэнні «стража» ў слоўніку куманскай (старакыпчакскай) мовы. Дадзеная пісьмовая згадка дазваляе сведчыць, што тэрмін быў вядомы ўжо ў ХІІІ стагоддзі. Цюркская этымалогія тэрміну вызначае вольнага качэўніка, свабоднага чалавека і першасна магла выкарыстоўвацца ў дачыненні да валацугі, які адзін ці з крэўнымі аддзяліўся ад роду, абшчыны, племені ці дзяржавы, і вядзе незалежны лад жыцця. Паступова на ўскраінах дзяржаўных утварэнняў Усходняй Еўропы ў XV—XVI стагоддзях сфарміраваліся рознаплямённныя ваенізаваныя групы, якія карысталіся пэўнымі эканамічнымі свабодамі ўзамен на ваенную службу. Казакі ахоўвалі паўднёвыя і ўсходнія рубяжы. Іх вайсковыя адзінкі маглі фарміравацца стыхійна (Данское войска), але часцей ствараліся праз актыўнасць манархаў і іншых дзяржаўных дзеячоў (Запарожская Сеч).

Беларусь, аддзеленая лясамі ад небяспечных адкрытых стэпаў поўдня, была аддаленая і ад рэгіёнаў фарміравання казачых сацыяльна-палітычных і вайсковых адзінак, а таму першае судачыненне з казакамі зведала толькі падчас ваеннага канфлікту. Так, у сярэдзіне XVI стагоддзя у самым пачатку Лівонскай вайны на тэатр ваенных дзеянняў былі накіраваны «конныя казакі мяшчорскія» начале з казацкім галавой Іванам Бязкуднікавым. Другім буйным прышэсцем казакаў у нашы этнічныя межы можа лічыцца паўстанне Севярына Налівайкі, надворнага казака, які паводле Баркулабаўскага летапісу захапіў і зруйнаваў у 1595 годзе Магілёў.

Аднак найбольшую вядомасць на беларускіх землях казакі набылі ў час казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. і вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. У час першай вайны паказачылася немалая частка насельніцтва Палесся і Падняпроўя. У час другой вайны акрамя гэтага магілёўскім шляхцічам Канстанцінам Паклонскім летам 1654 года быў створаны Беларускі казачы полк, які быў закліканы забяспечыць ваеннай падтрымкай царскае войска, але праіснаваў толькі да лютага 1655 года. Пінска-Тураўскі полк на землях беларускага Палесся існаваў у 1657-1659 гг.
З казакамі і казацкімі фарміраваннямі жыхары Беларусі знаёміліся і ў наступныя стагоддзі. Так, у часы Паўночнай вайны 1700-1721 гг. запарожскія казакі Івана Мазепы прымалі ўдзел у супрацьстаянні войскаў Пятра І шведскай арміі Карла ХІІ. У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі казакі выкарыстоўваліся пры падаўленні паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863-1864 гг. Аднак улічваючы тое, што прозвішчы ў сэнсе трывалых і не вельмі трывалых родавых найменняў нават для прасталюдзінаў з большага склаліся ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі ўжо ў канцы XVI—XVII стагоддзях, можна зрабіць выснову, што на фарміраванне і замацаванне ў пісьмовай традыцыі прозвішчаў з казацкай асновай наклалі адбітак менавіта ваенныя і сацыяльныя падзеі таго перыяду. Відавочна, менавіта казацтва часоў Рэчы Паспалітай спрычынілася да той багатай беларускай фальклорнай спадчыны, дзе вобраз казака набыў рамантычныя і драматычныя абрысы.

Якія прозвішчы ёсць сэнс лічыць казацкімі? Па-першае, прозвішчы з «казацкай» кораневай асновай — Казак, Козак, Казакевіч, Казачок, Казачонак, Казачэнка, Казакоў, Казачкоў, Казацкі і інш. Па-другое, прозвішчы, чыя этымалогія бярэ пачатак у найменнях казацкіх этна-сацыяльных і ваенных фарміраванняў — Лісоўчык, Сярдзюк, Сяўрук, Чэркас з утворнымі формамі. Важна зрабіць агаворку, што кожны выпадак з даследаваннем гісторыі і генеалогіі асобнага роду індывідуальны і неабавязкова зводзіцца на чалавеку, які быў казаком. Ён мог атрымаць мянушку за асаблівасці характару, уласцівыя казакам. Акрамя таго, нярэдка прозвішча магло перапасці ад цесця, што адпавядае беларускім рэаліям. Таксама важна разумець, што такія найменні як Лісоўчык, Сярдзюк і Сяўрук у дачыненні да асобных радоў могуць і не мець дачынення да казацтва. Аднак, у гісторыі вядомыя атрады нерэгулярнай кавалерыі з найменнем «лісоўчыкі», атрады ваенізаванай гетманскай аховы пад назвай «сярдзюкі», а таксама служылыя людзі гістарычнай Северскай зямлі «сяўрукі». «Чаркасамі» ў ваенных канфліктах XVII ст. у Беларусі трывала называліся запарожскія казакі. Нельга выключаць, што пералік казацкіх прозвішчаў можа быць з часам працягнуты.

Паводле звестак з кніг серыі «Памяць», на тэрыторыях Заходняй і Цэнтральнай Беларусі у сярэдзіне ХХ стагоддзя сярод казацкіх прозвішчаў дамінуюць Казак, Козак, Казакевіч. Прозвішча Казачок асабліва пашырана ў Цэнтральнай Беларусі, напрыклад у рэгіёне Прыпяцкага Палесся. Казачонак, Казачэнка, Казакоў пераважна сустракаюцца на Падзвінні, але маюцца арэалы распаўсюду згаданых прозвішчаў у Падняпроўі. Казачкоў — выключна асацыюецца з Падняпроўем. Прозвішча Казацкі зафіксавана ў Стаўбцоўскім раёне. Прозвішча Лісоўчык двойчы фіксуецца ў Брэсцкім раёне (вёскі Неплі і Шумакі). Прозвішча Сярдзюк сустракаецца з большага на Палессі (Брагінскі, Лельчыцкі, Маларыцкі раёны), але маецца кропкавая лакацыя і ў вёсцы Барыскі Лагойскага раёна. Прозвішчы Сяўрук, Чаркас і Чэркас ахопліваюць Цэнтральную Беларусь, з пераважнай лакацыяй на Палессі. Прозвішча Чаркасаў дамінуе на Падзвінні.
Калі не ўдавацца ў загадкі этнічнага паходжання сапраўдных продкаў казакаў, то мясцовых жыхароў, носьбітаў казацкіх прозвішчаў, паводле іх мовы і культуры можна лічыць прадстаўнікамі беларускага этнасу. Выключэнне могуць скласці дваране, ваеннаслужачыя, чыноўнікі і духавенства, якія перасяліліся на нашыя землі ў часы Расійскай імперыі і, галоўным чынам, аселі ў гарадах. Паводле рэлігійнай прыналежнасці маглі належыць да розных хрысціянскіх дэнамінацый. У якасці своеасаблівага выключэння згадаем татар-мусульман Казакевічаў з паселішча Орда Клецкай воласці Слуцкага павета (цяпер Клецкі раён Мінскай вобласці).
Саслоўныя межы ў XVI—пачатку ХХ стагоддзях, нягледзячы на ўсю сваю ўяўную трываласць, стваралі пэўныя перадумовы для сацыяльнага росту для розных катэгорый насельніцтва. Гэта безумоўна ўплывала на тое, што казацкія прозвішчы ў саслоўным сэнсе рабіліся больш прадстаўнічымі. Сярод носьбітаў мясцовага паходжання пераважалі сяляне, мяшчане, адстаўныя вайскоўцы. Аднак мы ведаем пра згаданы вышэй дваранскі род татар Казакевічаў са Слуцкага павета, таксама пра шляхецкія роды Казакевічаў з Вілейскага павета і Сяўрукоў са Слуцкага павета (апошнім нават прысвечана частка кнігі даследчыка і мецэната Анатоля Стацкевіча-Чабаганава).

У ліку вядомых носьбітаў згадаем мастака-жывапісца з вёскі Дулебы Бярэзінскага раёна Мікалая Канстанцінавіча Казакевіча (1934 г.н.), гісторыка з вёскі Альшаны Столінскага раёна Кузьму Іванавіча Козака (1955 г.н.), выхадца з вёскі Усушак Чавускага раёна першага міністра аховы здароўя незалежнай Беларусі Васіля Сцяпанавіча Казакова (1935-2018), героя сацыялістычнай працы з вёскі Старцы Верхнядзвінскага раёна Аляксандра Іосіфавіча Казачонка (1934-1992), паэта са Скідзеля Пятра Якаўлевіча Сяўрука (1905-1929).
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,
04.07.2020