Інфармацыя аб дысцыпліне

Геральдыка (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік), гербазнаўства, сістэма ведаў пра гербы, правілы іх складання і выкарыстання; дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае старажытныя (тэарэтычная геральдыка) і стварае новыя (практычная геральдыка) гербы. Геральдыка цесна звязана з генеалогіяй, мастацтвазнаўствам, сфрагістыкай, нумізматыкай, іншымі гістарычнымі дысцыплінамі.

З’яўленне гербаў у ВКЛ было звязана з узмацненнем заходнееўрапейскіх геральдычных уплываў у другой палове XIV ст. спачатку праз Лівонію і Прусію, а пазней праз Венгрыю, Польшчу і Мазовію, што было вынікам знешнепалітычных падзей, у першую чаргу – заключэння дынастычнай Крэўскай уніі 1385. Аб’яднанне ВКЛ і Польскага каралеўства пад уладай караля Уладзіслава ІІ Ягайлы спрыяла афармленню па правілах геральдыкі выявы коннага рыцара з мячом з партрэтнай пячаткі вялікага князя літоўскага. У выніку геральдызацыі вершніка быў створаны дынастычны герб Гедзімінавічаў, да якіх належаў новы кароль Польшчы, і адначасова дзяржаўны герб ВКЛ. У канцы XV – пачатку XVI ст. ён атрымаў назву “Пагоня”.

Першыя зямельныя гербы ў ВКЛ з’явіліся ў час праўлення вялікага князя літоўскага Вітаўта. У пачатку XV ст. у ВКЛ уведзена пасада герольда, які меў афіцыйны тытул “Litherland”. Ён стварыў першыя 4 зямельныя гербы, што адносіліся да Наўгародскай, Віленскай, Троцкай і Смаленскай зямель, чым падкрэсліваліся палітычныя амбіцыі і цэнтралізатарская палітыка вялікага князя літоўскага.

Прыватнаўласніцкая геральдыка з’явілася на беларускіх землях пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413, паводле адной з умоў якой 47 найбольш знатных родаў Вялікага Княства атрымалі гербы польскай шляхты. У XVI – XVII ст. былі пашыраны эпіграмы і ўрачыстыя вершы-панегірыкі, прысвечаныя гербам знаных асоб.

З наданнем беларускім гарадам і мястэчкам магдэбургскага права у XIV – XVIIІ стст. з’явілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі прыватнаўласніцкай, гарадской і зямельнай геральдыкай займаўся Дэпартамент Герольдыі Сената. На сённяшні дзень адпаведна закона РБ “Аб афіцыйных геральдычных сімвалах” ад 26.05.2012 каардынацыю дзейнасцi па правядзенню адзiнай дзяржаўнай палiтыкi ў галiне стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгiстрацыi i выкарыстання афiцыйных геральдычных сiмвалаў ажыццяўляе Геральдычны савет пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь (далей – Геральдычны савет).

Крыніцы: Цітоў, А.К. Геральдыка / А.К. Цітоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Том 2: Беліцк – Гімн. – Мінск, 1994. – С. 512–513; Шаланда, А.І. Дзяржаўная і зямельная сімволіка / А. Шаланда // Вялікае княства літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1: Абаленскі – Кадэнцыя. – Мінск, 2005. – С. 51–54; Закон Республики Беларусь от 26.05.2012 N 384-З “Аб афiцыйных геральдычных сiмвалах”.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


8 + = 17