Антрапаніміка – накірунак спецыяльнай гістарычнай і філалагічнай дысцыпліны анамастыка, які займаецца даследаваннем паходжання, фарміравання і варыятыўнасці імён, прозвішчаў і мянушак.
Сярод сучасных аўтараў, якія займаліся адпаведнай праблематыкай варта вылучыць В. Дзяружынскага, У. Ліпскага, У. Юрэвіча. У шэрагу выпадкаў тлумачэнні прозвішчаў гучаць даволі наіўна і не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю, хаця некаторыя іх назіранні прадстаўляюць пэўную цікавасць.
Увогуле найбольш аб’ектыўнымі і навукова вытрыманымі публікацыямі па антрапаніміцы (менавіта так называецца раздзел анамастыкі, які займаецца тлумачэннем чалавечых уласных найменняў – імёнаў, імёнаў па бацьку, прозвішчаў, мянушак) адзначыліся адзін з ідэёлагаў беларускага адраджэння Янка Станкевіч і філолаг Мікалай Бірыла. Філолаг і гісторык Янка Станкевіч (1891–1976) у сваім грунтоўным артыкуле “Нашы прозьвішчы”, надрукаваным у часопісе “Беларускі Сьцяг” (№ 4, 1922), фактычна запачаткаваў справу даследавання айчыннай антрапанімікі, упершыню класіфікаваўшы беларускія прозвішчы на пяць груп, згодна іх паходжання. Акадэмічная антрапаніміка як анамастычны накірунак развівалася ў савецкі час выключна намаганнямі Мікалая Васільевіча Бірылы (1923–1992), які ў 1960-1980-я гг. выдаў даволі значны збор манаграфій па гэтай дысцыпліне. Аднак разглядаючы антрапаніміку толькі скрозь прызму развіцця мовы шаноўны даследчык не браў пад увагу антрапалагічны чыннік, што дазволіла б яму разглядаць антрапонім як вынік жыццядзейнасці канкрэтнага індывіда. Адзначаны аспект больш датычыцца гістарычнай антрапанімікі, якая дагэтуль не атрымала значнага навуковага асвятлення.
Крыніцай антрапанімічнай інфармацыі з’яўляецца па-сутнасці кожны архіўны дакумент, які змяшчае інфармацыю аб намінатыўных адзінках, што вылучаюць чалавека з ліку сабе падобных. Асноўнымі намінатыўнымі адзінкамі або элементамі ідэнтыфікацыі, такім чынам, выступаюць: прозвішча, імя і імя па бацьку. Кожная крыніца з генеалагічнай інфармацыяй мусіць быць адначасова і антрапанімічнай крыніцай. Антрапанімічнымі крыніцамі з’яўляюцца прамыя (метрычныя кнігі, рэвізскія сказкі, інвентары, пасямейныя і прызыўныя спісы) і ўскосныя генеалагічныя крыніцы (асабовыя спісы, судовыя справы, разнастайныя прашэнні).