Прозвішчы, першыя вядомыя носьбіты, месцы іх паходжання і пражывання, мянушкі і этымалогія прозвішчаў
Адамовіч – нашчадкі селяніна Самуся Адамовіча (*каля 1701 г.н.), жыхара вёскі Крынкі (цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.), чый сын Тамаш называецца ў рэвізіі 1795 года баярынам, а тройчы праўнук Гілярый Іванавіч Адамовіч (каля 1872 г.н.), ураджэнец Крынак, пісьменны парабак у маёнтках Бабруйскага павета, пасля рэвалюцыі пасяліўся ў пасёлку Каменка (цяпер не існуе, Старадарожскі р-н Мінскай вобл.). Прозвішча шырока распаўсюджана ў межах Беларусі, належыць да патранімічных і паходзіць ад імя Адам. Нашчадкі Гілярыя мелі родавую мянушку Гілёры.

Ананіч – нашчадкі селяніна Пархіма Сцяпанава Ананіча (1759? – 1809), ураджэнца мястэчка Цялякава (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.). Прозвішча Ананіч фіксуецца ў межах маёнтка Цялякава, пачынаючы з 1710 года. У 1736 годзе згадваецца верагодны дзед Пархіма – Фёдар Ананіч. Яно належыць да патранімічных прозвішчаў і паходзіць ад імя Ананія. Нашчадкі яго сына Герасіма Ананіча ў Цялякаве насілі мянушку Булачнікі.
Астаневіч – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Людавікі Юзафавай Астаневіч (у шлюбе Урублеўскай; 1841? – 1891), якая паходзіла з тэрыторыі сучаснага Утэнскага павета (Літва). У XVIII–XIX стагоддзях прозвішча сустракалася на Браслаўшчыне, асабліва найбольш Астаневічаў пражывала ў аднайменным населеным пункце на поўдзень ад Ахрэмаўцаў ля возера Дрысвяты (верагодна цяпер мае назву Астанеўцы Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прозвішча належыць да патранімічных і паходзіць ад формы Астанька, якая з’яўляецца вытворнай ад імён Станіслаў ці Яўстафій.

Бакун – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Юзэфы Ігнатаўны Бакун (у шлюбе Ананіч; 1863? – 1943), ураджэнкі засценка Гарбаты (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). У адрозненні ад гарбатоўскіх Бакуноў, маючых цмянае паходжанне, іх суседзі з засценка Ясень былі нават зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі ў 1842 годзе з гербом “Папрыца”. Да гэтага роду належаў заслужаны трэнер СССР і заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР Герман Мацвеевіч Бокун (1922–1978). Прозвішча паходзіць ад формы Абакун, якая з’яўляецца вытворнай ад імя Авакум.
Берасцевіч – нашчадкі селяніна Кандрата Сымонава Берасцевіча (1730? – 1795), ураджэнца сяла Цялякава (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.). Першым з Берасцевічаў у Цялякаве згадваецца Сымон, яго бацька, у 1766 годзе. Прозвішча належыць да патранімічных і паходзіць ад старажытнага імя-мянушкі Бераст або Берасцень (верагодна ў значэнні “жыхар бярэзніка”).

Бука – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Кацярыны Максімавай Бука (у шлюбе Пяткевіч; 1840?–?), сялянкі вёскі Кухцічы (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.). Прозвішча яе было найбольш распаўсюджана ў суседнім духоўным уладанні Сыманчыцы, дзе вядома з 1766 года. Да роду сыманчыцкіх Букаў належыў генерал-маёр Навум Іванавіч Букаў (1903–1972). Прозвішча паходзіць ад мянушкі Бука, што сведчыла пра ўнурлівы і няветлівы характар родапачынальніка.
Буры – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Сафіі Грыгор’евай Бурай (у шлюбе Рудзінскай; 1839?–?), сялянкі вёскі Міханавічы (цяпер Мінскі р-н Мінскай вобл.). Яе прадзед Стафан Мікалаеў Буры (1750?–?) пражываў там жа. Таксама прозвішча Буры насілі продкі і родзічы Ганусі Бураўны з парафіі Уздзенскай уніяцкай царквы, што ў 1769 годзе выйшла замуж за Саўку Клімку. Паходзіць ад мянушкі Буры, што вызначае колер валасоў.

Вайшвіла – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Катарыны Вайшвілы (у шлюбе Урублеўскай), што жыла ў першай палове ХІХ ст. у межах Дусяцкай і Антузаўскай парафій (цяпер Утэнскі павет Літвы). Прозвішча паходзіць ад старажытнага балцкага імя Вайшвіл.
Войцах – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Сафіі Восіпаўны Войцах (у шлюбе Рудзінскай; 1878–1969), сялянкі вёскі Мачулішчы (цяпер Мінскі р-н Мінскай вобл.), якая каля 1898 выйшла замуж за Палікарпа Іванавіча Рудзінскага з Новага Двара. Яе тройчы прадзед Апанас Сцяпанаў Войцах (1745?–?) пражываў там жа, у Мачулішчах, уласнасці Менскага бернардынскага кляштару. Прозвішча паходзіць ад заходнеславянскага імя Войцах.

Гагалушка – гэта прозвішча насілі сяляне Павел N. (1860? – да 1922) і Іван N. (1874? – 1924?) Гагалушкі, продкі па дзвюх лініях радаводу, што пражывалі ў сяле Бабры і вёсцы Пяскі (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.) адпаведна. З прыходу Баброўскай царквы паходзілі дзве дынастыі – свяшчэннаслужыцеляў і царкоўнаслужыцеляў першай паловы ХХ ст.: 1) нашчадкі святароў Адама і Васіля Мітрафанавічаў Гагалушак; 2) сям’я дыякана Рамана і псаломшчыка Аляксандра Аляксеевічаў Гагалушак. Гагалушка – памяншальна-ласкавая форма назвы птушкі гогаль.
Герман – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы сялянкі Ганны Германаўны з вёскі Боркі Ігуменскага павета, якая ў 1837 годзе выйшла замуж за Антона Пяткевіча з вёскі Сыманчыцы. Прозвішча паходзіць ад імя Герман.

Дабрылка – нашчадкі і продкі мужа і жонкі Восіпа Восіпавіча Дабрылкі (1876?, в. Вугальнікі Забалацкай парафіі Лідскага павета – пасля 10.04.1940) і Юзэфы Фларыянаўны Дабрылкі (1881?, в. Зеняпішы Новадворскай парафіі Лідскага павета – 1929), сялян-фамільятаў. Восіп быў патомным гаёвым (ляснічым). У міжваенны час пражывалі ў межах маёнтка Радзівонішкі на хутары Мяхоўшчына, побач з вёскай Цвербуты (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча паходзіць ад мянушкі, якая вызначала найдобрага чалавека.
Емяллянаў – гэта прозвішча, паводле рэвізскіх сказак, насілі нашчадкі, продкі і родзічы Грыгорыя Васілёва Емяллянава (1735?–1798?), селяніна вёскі Старыя Дарогі. Яго праўнучка Стафаніда (Сцяпаха) Піліпава ў 1833 годзе выйшла замуж за Паўла Паляка, называючыся дачкой Піліпа Зубрыцкага. Гэта можа сведчыць аб тым, што ў метрыках гэтая сям’я называецца менавіта такім прозвішчам. Прозвішча мае нетыовы для рэгіёна канчатак і паходзін ад імені Емяллян.
Жукавец – гэта прозвішча насілі сяляне Грыгор Васілёў Жукавец (1755?–1807?) з вёскі Слабодка і Сава Радзівонаў Жукавец (1780?–1815?) з вёскі Шапчыцы, продкі па дзьвюх лініях радаводу (цяпер Старадарожскі р-н Мінскай вобл.). Дзеці Грыгора ў асобных дакументах пісаліся як Узвараняты паводле мясцовага прозвішча Узвар, якое таксама прымянялася за сям’ёй. Унучка Грыгора Кацярына Нічыпараўна ў 1840 годзе выйшла замуж за Лук’яна Сямёнава Праташчыка ў Старыя Дарогі. Яна прабабуля маёй бабулі праз жаночае і мужчынскае пакаленні. Сава Радзівонаў у 1797 годзе быў пераведзены ў Хвалічы (Новыя Фалічы). Пасля ранняй смерці Савы яго сын Сцяпан і ўнук Макар атрымалі прозвішча Лапанік (магчыма па жаночай лініі), пасля адмены прыгоннага права пражывалі ў вёсцы Старыя Фалічы. Макар – прадзед бабулі праз мужчынскае і жаночае пакаленні. Прозвішча пашыранае ў рэгіёне, можа паходзіць ад тапонімаў Жукі ці Жукава.
Зык – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Еўдакіі Грыгор’еўны Зык (у шлюбе Лапанік; 1835–?), ураджэнкі вёскі Шапчыцы, якая каля 1857 года выйшла замуж за Івана Лявонавіча Лапаніка з вёскі Новыя Фалічы. Яе дзед Сцяпан Ігнатавіч Зык нарадзіўся каля 1795 года. Прозвішча вызначае чалавека з зычным (гучным) голасам.
Канопка – гэта прозвішча маглі насіць верагодныя продкі і родзічы Марыі Вікенцьеўны Канопка (у шлюбе Адамовіч; 19?? – 1944), сялянкі-жыхаркі вёскі Каменка (цяпер не існуе, у межах Старадарожскага р-на Мінскай вобл.). Прозвішча Канопка на час першай паловы ХХ ст. зафіксавана ў Бабруйскім (Дзедна), Глускім (Сіманавічы), Старадарожскім (Новыя Дарогі) раёнах. У сярэдзіне ХІХ ст. у вёсцы Завалочыцы (цяпер Глускі раён) зафіксавана калонія аўстрыйскіх падданых-каталікоў, сярод якіх былі Канопкі. Прозвішча паходзіць ад мянушкі. Канопка – заходнеславянскае найменне птушкі канаплянкі.
Клімко – нашчадкі Савелія (1755? – 1804), селяніна вёскі Боркі (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.), запісанага ў 1769 годзе ў метрычную кнігу Уздзенскай царквы як Саўка Кленба (пры шлюбе з Ганнай Бураўнай), а ў 1800 годзе ў рэвізскую сказку як Савелій Лукін сын Кленба. Для нашчадкаў прозвішча гучала як Клімко.

Купчык – нашчадкі Пятра Пятровіча Купчыка (1858? – 1928), селяніна вёскі Яманты (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча паходзіць ад мянушкі і можа быць звязана з тэрмінам “купа” і дзеясловам “купляць” і сведчыць аб камерцыйных здольнасцях родапачынальніка.
Лапанік – гэта прозвішча насілі сяляне Міхал Васілёў Лапанік (1745?–1804?, двор № 13 па рэвізіі 1811) і Пётр Яўстафіеў Лапанік (1765?–1809?, двор № 16 па рэвізіі 1811), продкі па дзьвюх лініях радаводу, што пражывалі ў вёсцы Хвалічы (цяпер Новыя Фалічы Старадарожскі р-н Мінскай вобл.). Нашчадкі Міхала праз сына Давыда (Дзяміда), унука Лявона, праўнука Івана і прапраўнука Яўхіма – дзеда маёй бабулі па прамой мужчынскай лініі – засталіся ў Новых Фалічах. Сям’я Яўхіма Іванавіча Лапаніка (1861–1916/1924) празывалася Лахманамі. Нашчадкі Пятра праз сына Пракопа і ўнука Івана пасля адмены прыгоннага права перамясціліся ў вёску Старыя Фалічы. Грыгорый Іванавіч Лапанік (1844?–?) з’яўляўся прадзедам маёй бабулі праз два жаночыя пакаленні. Прозвішча можа паходзіць ад рэгіянальнага тэрміна, які вызначаў майстроў, што спадчынна плялі лапці.

Ляпешка – нашчадкі і родзічы Якуба Іванавіча Ляпешкі (1869/1872 – 1942), селяніна сяла Бабры (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча паходзіць ад мянушкі і можа быць звязана з асаблівай схільнасцю родапачынальніка да ўжывання булак з ляплёнага цеста. Невыключаецца варыянт з дзеясловам “лапатаць”.
Мароз – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Еўдакіі Іванаўны Мароз (у шлюбе Гагалушка; 1904 – 1990), якая паходзіла з вёскі Малыя Асабнякі Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Прозвішча паходзіць ад мянушкі і можа быць звязана з асаблівасцямі тэмпераменту родапачынальніка.
Махнач – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Марыяны Іванаўны Махнач (у шлюбе Клімко; 1840? – ?), сялянкі вёскі Забалацце (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.). Шырока распаўсюджана ў Забалацці. Да роду належыў пісьменнік Аляксандр Іванавіч Махнач (1922 – 2001). Прозвішча паходзіць ад мянушкі і можа быць звязана з асаблівасцямі валасянога покрыва чалавечага цела.

Мінец – нашчадкі Васіля Вікенцьевіча Мінца (1871? – 1934), селяніна вёскі Чаплеўшчына (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча паходзіць ад формы імя Міна.
Міхалькевіч – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Зінаіды Аляксееўны Купчык (у шлюбе Мінец) па лініі яе бабулі Ганны (з боку бацькі) і дзеда Аўксенція (з боку маці), што пражывалі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у вёсцы Яманты (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча належыць да патранімічных і можа паходзіць ад формы Міхалька, якая з’яўляецца вытворнай ад імя Міхаіл.
Навіцкі – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Разаліі Навіцкай (у шлюбе Урублеўскай), што жыла ў другой палове XVIII ст. – першай палове ХІХ ст. у межах Вількамірскай, Дусяцкай і Анталепцкай парафій (цяпер Утэнскі павет Літвы). Прозвішча ўтворана ад назвы паселішча, якая магла гучаць як Новікі.
Паляк – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Стафаніды Паўлаўны Паляк (у шлюбе Лапанік; 1846?–?), ураджэнкі вёскі Старыя Дарогі, прамога продка па жаночай лініі маёй маці. Пры выхадзе замуж за Грыгора Лапаніка з Новых Фаліч у 1864 годзе яе імя па бацьку адзначана як Нічыпараўна, так яна і праходзіла ў метрычных кнігах. Яе дзед Харлам (Харытон) Міхайлаў Паляк (1755?–1839?), пражываў у аднайменнай вёсцы Палякі, якая пасля паўстання 1863–1864 гг. была па просьбе жыхароў перайменавана ў Аляксандраўку са зменай прозвішча Паляк на Аляксандраў. Прозвішча паходзіць ад мянушкі, якая магла апеляваць да якасцяў адпаведнай нацыі.

Пракас (варыянт Прак) – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Тэафіліі Вікенцьеўны Прак (у шлюбе Урублеўскай; 1873–1953), якая паходзіла з Новааляксандраўскага павета (цяпер Утэнскі павет Літвы). Прозвішча можа быць утворана ад мянушкі Прак, верагодна балцкага паходжання.
Праташчык – нашчадкі Васіля Праташчыка (1760? – да 1816), селяніна вёскі Старыя Дарогі (цяпер Старадарожскі р-н Мінскай вобл.). Прозвішча належыць да патранімічных і паходзіць ад імя Пратасій.

Пяткевіч – нашчадкі Уласа Андрэева Пяткевіча (1733?–1805), селяніна вёскі Сыманчыцы (цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню згадваюцца ў Сыманчыцах у 1795 годзе. Прозвішча паходзіць ад формы Петка, якая з’яўляецца вытворнай ад імя Пётр.
Радзюкевіч – гэта прозвішча насілі сяляне Юрый Мацвееў Радзюкевіч (1818? – пасля 1893) і Сцяпан Фёдараў Радзюкевіч (1795? – пасля 1850), продкі па дзвюх лініях радаводу жонкі, што пражывалі ў вёсцы Вялікія Канюшаны (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Прозвішча належыць да патранімічных і можа паходзіць ад формы Радзюк, якая з’яўляецца вытворнай ад імя Радзівон.
Раманоўскі – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Юзэфы Раманоўскай, сялянкі Лідскага павета Віленскай губерні, жонкі Ігната Стракоўскага. Прозвішча пашыранае ў рэгіёне, можа паходзіць ад тапонімаў Раманы ці Раманава.
Рудзінскі – нашчадкі Базыля Рудзінскага (1680? – да 1744), баярына вёскі Новы Двор (цяпер Мінскі р-н Мінскай вобл.). Рудзінскія ўпершыню згадваюцца ў Новым Двары ў 1723 годзе. Прозвішча ўтворана ад назвы паселішча, якая магла гучаць як Рудня.

Стракоўскі – продкі селяніна Станіслава Ігнатавіча Страка (1902? – 1957), жыхара в. Цвербуты (цяпер Лідскі р-н). Першасна прозвішча Станіслава гучала як Стракоўскі (так быў запісаны яго брат Браніслаў (1904–1969)). Рэгіён паходжання Стракоўскіх не вызначаны.
Сухадольскі – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Ганны Сухадольскай (у шлюбе Урублеўскай), што жыла ў XVIII ст. у межах Ганушышскай парафіі (цяпер Панявежскі павет Літвы). Прозвішча ўтворана ад назвы паселішча, якая магла гучаць як Сухадол.
Сямашка – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Анастасіі Вікенцьеўны Сямашкі (у шлюбе Гагалушкі; 1931–2016), ураджэнкі в. Феліксава Лябёдскага праваслаўнага прыходу (цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Яе бацька Вінцэнт быў каталік, маці Соф’я (Зося) – праваслаўная. Прозвішча можа паходзіць ад формы імя Сямён, а таксама ад назвы царкоўна-каляндарнага свята Сёмухі (Тройцы) у значэнні народжанага ў гэты час.
Урублеўскі (варыянты Вроблеўскі, Врублеўскі, з Партысаў Врублеўскі) – нашчадкі Якуба Урублеўскага (1675? – 1740-я?), арандатара земляў у межах Панямуньскай, Ганушышскай і Парадольскай парафій Вількамірскага павета (цяпер Панявежскі павет Літвы). Яго нашчадкі былі зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі ўказам Сената ад 18.07.1850 з наданнем герба “Слепаўрон”. Прозвішча ўтворана ад назвы паселішча, якая магла гучаць як Урублева (паводле родавай легенды паходзілі з вёскі Малое Урублева Праснышскага павета Мазавецкага ваяводства, цяпер Польшча). Назва Урублева паходзіць ад польскага ‘wrobel’ (верабей).

Чаховіч – гэта прозвішча насілі продкі і родзічы Дароты Чаховіч (у шлюбе Урублеўскай; 1675? – 1730?), што жыла ў межах Панямуньскай, Ганушышскай і Парадольскай парафій Вількамірскага павета (цяпер Панявежскі павет Літвы). Прозвішча ўтворана ад патранімічнай мянушкі Чэх, якая магла вызначаць этнічную прыналежнасць.
2017-2021 гг.