Завяршыўся IX сезон Школы практычнай генеалогіі

Напярэдадні Вялікадня праваслаўных, 23 красавіка 2022 г. адбыўся апошні ў гэтым навучальным сезоне занятак Школы практычнай генеалогіі. Адбылося 8 тэарэтычных і 8 практычных заняткаў. Удасканаліўся навучальны працэс, курс узбагаціўся новымі аўтарскімі лекцыямі. З 16-ці 14 заняткаў адбылося ў рэжыме офлайн (выключэнне склалі дыстанцыйныя лекцыі, прачытаныя ў лютым).

З першага занятку ШПГ (11.09.2021)

Заняткі тэарэтычнай часткі праводзіліся ў першым паўгоддзі і тычыліся агульных пытанняў генеалогіі, даархіўнага пошуку, антрапанімікі, інтэрнэт-рэсурсаў, апублікаванай тэматычнай літаратуры, пытанняў архівазнаўства, фінальных стадыяй сістэматызацыі і публікацыі матэрыялу.

Практычнаарыентаванае другое паўгоддзе традыцыйна з’яўляецца перыядам навучальных навацый і лекцыйных эксперыментаў. Мэта такога падыходу – максімальнае ўдасканаленне адукацыйнай схемы, накіраванай на матываванне навучэнцаў і максімальны вынік іх працы. У гэты раз былі праведзены заняткі па ДНК-генеалогіі, польскай палеаграфіі, шляхецкай і сялянскай генеалогіі. Новымі ў праграме праекта сталі аўтарскія лекцыі Вадзіма Урублеўскага, прысвечаныя междысцыплінарнаму сінтэзу генеалогіі з этнаграфіяй (этнагенеалогія), псіхатэрапіяй (псіхагенеалогія), культурай сямейнай памяці і рэпрадукталогіяй (культурагенеалогія). Упершыню ў гісторыі праекта кіраўнік ініцыятывы падзяліўся ўласнымі напрацоўкамі па генеалогіі сваіх продкаў – шляхецкага роду Урублеўскіх герба “Сляпы воран” з усходніх рэгіёнаў Літвы і сялянскага роду Ананічаў з сяла Цялякава Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.  

Таксама ініцыятывай вядзецца стварэнне асобных баз дадзеных з індэксіраванай архіўнай інфармацыяй.

З выпускнога занятку ШПГ (23.04.2022)

У кантэксце курса навучэнцамі выконваліся заданні па даархіўным пошуку (апісанне сямейнага архіва, апісанне вясковых могілак, інтэрв’юіраванне прадстаўнікоў роду, вызначэнне адміністрацыйна-тэрытарыяльнай і прыходска-парафіяльнай прывязкі свайго населенага пункта). Асобныя з вучняў, якія адзначыліся сваёй актыўнасцю, былі ўганараваны бонусамі – падказкамі па ўласнай генеалогіі.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 26.04.2022.

5 thoughts on “Завяршыўся IX сезон Школы практычнай генеалогіі

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 9 = 0