У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі 19 красавіка 2021 года адбылася сустрэча актыву валанцёрскай групы па індэксацыі вопісаў з кіраўніцтвам установы

19 красавіка 2021 г. у НГАБ упершыню адбылася сустрэча валанцёрскай групы, створанай у кастрычніку 2020 г., з кіраўніцтвам установы – дырэктарам Дзмітрыем Уладзіміравічам Яцэвічам і намеснікам дырэктара па навуковай працы Дзянісам Васільевічам Лісейчыкавым. Удзел у сустрэчы прынялі 16 валанцёраў на чале з кіраўніком ініцыятывы Аленай Валер’еўнай Кароўчанка (усяго група складаецца са 138 чалавек, што працуюць над наборам вопісаў у розных частках свету). Запрошанымі на сустрэчу былі кіраўніца аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Марына Тарасаўна Скіданава, в.а. кіраўніка аддзела аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Аліна Антонаўна Шкарына, кіраўніца аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Вольга Уладзіміраўна Чарвінская.

Сустрэча ў НГАБ (слова Д.У. Яцэвіча) (фота Вадзіма Урублеўскага)

Пачаткам паслужыў афіцыйны зварот да прысутных дырэктара Д.У. Яцэвіча з інфармацыяй аб працы супрацоўнікаў установы над навукова-даведачным апаратам, функцыях аддзелаў інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій, узроўні алічбаванасці вопісаў, які складае на дадзены момант 97%. Пры гэтым была падкрэслена важнасць добраахвотнай дзейснай падтрымкі архіва прадстаўнікамі грамадскасці, якія ўзялі на сябе функцыю аказання дапамогі ў індэксацыі выкладзеных на сайце архіва вопісаў, вынікам чаго стала стварэнне аўтаматызаванага пошукавага софта з пастаянна папаўняемай базай дадзеных. Агучана, што праграміст НГАБ ужо атрымаў заданне інтэграваць базу валанцёраў у сістэму пошука спраў на сайце архіва.

Кіраўнік праекта А.В. Кароўчанка выказала падзякі за супрацоўніцтва асобным прадстаўнікам НГАБ, паведаміла пра плён шасцімесячнай працы, які праявіўся ў наборы ў аўтаматызаваных софце 172 тысяч загалоўкаў спраў. Праанансаваныя дзве асноўныя стратэгіі развіцця праекта: 1) індэксацыя вопісаў, метрычных кніг і рэвізскіх сказак НГАБ; 2) аб’яднанне звестак з загалоўкаў асобных вопісаў фонда Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі (№ 136) са звесткамі з “Мінскіх епархіяльных ведамасцяў”, індэксаваных у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у агульную базу дадзеных аб перамяшчэннях праваслаўнага духавенства ў межах Мінскай епархіі.

Выступленне кіраўніцы праекта А.В. Кароўчанка (фота Вадзіма Урублеўскага)

Абмеркаваны наступныя праблемы супрацоўніцтва валанцёраў з НГАБ:

  1. Валанцёры заявілі патрэбу ў карэктарах з ліку супрацоўнікаў НГАБ (пакуль карэктарскія абавязкі на добраахвотных пачатках выконваюць былы дырэктар БелНДЦЭД В.Л. Насевіч, супрацоўнік НГАБ Ю.М. Снапкоўскі, адміністратар софта А.І. Іванічкін, валанцёр А. Моўчан). Дырэктар агучыў, што на наступны год у план працы архіва можа быць уключана афіцыйная карэктарская дапамога калектыву валанцёраў сіламі супрацоўнікаў НГАБ.
  2. Кіраўніцтву НГАБ была прапанавана фінансавая дапамога ў пытанні набыцця новага сканера. Інфармацыя была прынята да ведама. На дадзены момант у архіве функцыянуюць  два сканера, адзін з якіх, кніжны, 2018 года эксплуатацыі, а другі — планшэтны — 15 гадоў знаходзіцца ў эксплуатацыі. Акрэслена, што пры набыцці новага сканера, у першую чаргу, патрэбна яго абнаўленне. Аднак было заўважана, што новая тэхніка істотна не паўплывае на павелічэнне тэмпаў адлічбоўкі без прыцягнення дадатковых рэсурсаў у пытаннях эксплуатацыі.
  3. Прысутнасць у складзе валанцёрскага актыву знаўцаў нямецкай мовы абумовіла прапанову да індэксацыі нямецкамоўных метрык евангельска-лютэранскіх канфесійных устаноў, якія маюцца на заховаўнні ў НГАБ. Рэалізацыя гэтай прапановы адкладаецца да таго часу, пакуль не будзе створаны і запушчаны праект анлайн-чытальні, дзе карыстальніку даваўся бы доступ да крыніц інфармацыі, у тым ліку індэксаваных.
  4. Немалаважным пытаннем стала матывацыя валанцёраў, якія добраахвотна ахвяруюць сваім часам і навыкамі. На думку абодвух бакоў, актывісты маюць права на бонусы ў выпадку самастойнай працы ў архіве над сваімі пошукавымі тэмамі. Парадак такога ўзаемадзеяння будзе абмеркаваны дадаткова.
  5. Пры абмеркаванні дапрацоўкі загалоўкаў з вопісаў з улікам зместу спраў была агаворана важнасць таго, каб загалоўкі з валанцёрскай базы адпавядалі вопісам НГАБ, за выключэннем памылак у вопісах, якія закліканы выпраўляць карэктары.
  6. Адносна часу размяшчэння ў адкрыты доступ міжфондавых паказальнікаў НГАБ па генеалагічных крыніцах канфесійных устаноў было адказана, што на сёння адпаведныя базы маюць патрэбу ў сістэмнай дапрацоўцы і іх выклад у інтэрнэт можа спарадзіць недобрасумленнае выкарыстанне прадукта і спекуляцыю на ім.

Па выніках валанцёрскай актыўнасці кніжнай прадукцыяй НГАБ былі ўзнагароджаны актывісты каманды – Тамара Міхайлаўна Лукша (завочна), Ірына Вітальеўна Мышкавец і Вікторыя Анатольеўна Пільнік. Падарункі чакалі і іншых удзельнікаў праекта.

Узнагароджанне актывістаў валанцёрскай ініцыятывы (фота Алесі Звягінцавай)

Далей намеснік дырэктара Д.В. Лісейчыкаў правёў для валанцёраў лекцыю па гісторыі архіўнай справы і экскурсію ў архівасховішчы, дзе дэманастраваў пергаментныя граматы, актавыя кнігі, матэрыялы духоўных кансісторый.

Экскурсія ў архівасховішчах НГАБ (фота Марыны Куляўцавай, Вікторыі Пільнік, Алены Кароўчанка)

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 20.04.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


7 − 6 =