У МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ АРХІВАЎ У НГАБ АДБЫЎСЯ КРУГЛЫ СТОЛ НА ТЭМУ “ГЕНЕАЛОГІЯ ШЛЯХТЫ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ: ГІСТАРЫЧНЫЯ, ГІСТАРЫЯГРАФІЧНЫЯ І КРЫНІЦАЗНАЎЧЫЯ АСПЕКТЫ”

Фармальнай нагодай для мерапрыемства паслужыла падзея выдання першай часткі 8 тома «Гербоўніка беларускай шляхты» на літару «К». З вітальным словам выступіў Максім Дзмітрыевіч Макараў, кандыдат гістарычных навук, в.а. намесніка дырэктара НГАБ. У яго паведамленні былі адзначаны асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, анансаваны дасягненні па асноўных навуковых тэмах. З найбольш выбітных праектаў хацелася б адзначыць «Генеалогія і геральдыка беларускіх шляхецкіх родаў», «Беларусь у актавых кнігах XVI–XVIII ст.», «Чыноўнікі беларускіх губерняў перыяду Расійскай імперыі (1772–1917 гг.), «Фатаграфічныя матэрыялы НГАБ і інш».

Изображение
Вокладка “Гербоўніка беларускай шляхты” на літару “К” (Том 8, Ч.1)

У кантэксце першай з акрэсленых тэм рэалізуецца серыйнае выданне «Гербоўніка беларускай шляхты», дзе на падставе матэрыялаў Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу працягваюць публікавацца радаводы шляхты Мінскай губерні.

Асноўная частка круглага стала распачалася з выступлення В.Ф. Голубева. Доктар гістарычных навук Валянцін Фёдаравіч Голубеў распавёў пра пачаткі даследаванняў у напрамку гісторыі шляхты ў БССР. Па-сутнасці, першымі працамі, якія істотна закраналі шляхецкае пытанне ў беларускай гістарычнай навуцы, былі манаграфіі і артыкулы Георгія Галенчанкі і Міхаіла Спірыдонава. У эпоху перабудовы цікавасць да шляхты была дваякай: 1) даследаванне сялянскай тэмы патрабавала вывучэння шляхецкай прыналежнасці маёнткаў і наштурхоўвала на разуменне таго, хто насамрэч быў перадавым класам у перыяд феадалізму; 2) даследаванне шляхецкай тэмы спрыяла масавай грамадскай эйфарыі і антынавуковым ідэям дылетантаў ад навукі. Падчас выступлення былі згаданыя навуковыя працы Інстытута гісторыі пра Алелькавічаў, Валовічаў, Друцкіх-Горскіх, Глябовічаў, Іллінічаў, таксама даведнікі Анішчанкі па шляхце з розных паветаў Рэчы Паспалітай.

На тэму “Спадчына графа Канстанціна Ажароўскага і яе выкарыстанне ў даследаваннях генеалогіі беларускай шляхты” выступіў кандыдат гістарычных навук Сяргей Аляксандравіч Рыбчонак. Адкрыццё гісторыка-генеалагічнай спадчыны графа Канстанціна Ажароўскага (1823–1893), ураджэнца маёнтка Булькава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, гофмейстара імператарскага двара, адбылося праз знаходку ў матэрыялах радзівілаўскага архіва ліста ўпраўляючага Радзівілаўскай масы Абламовіча да свайго паверанага, датаванага сярэдзінай 1890-х гг. У лісце адзначалася важнасць набыцця архіва нябожчыка-графа, які складаў на момант куплі 8 пудоў 36 фунтаў матэрыялу па гісторыі і генеалогіі беларускай шляхты. Архіў набыты Радзівіламі за 400 рублёў срэбрам. Граф Ажароўскі аказаўся той асобай, якая і была рэальным аўтарам прац “Пацы”, “Гедымінавічы”, “Сапегі”, “Князі літоўска-рускія”, тых даследаванняў, што агульнавядомы як творы Юзафа Вольфа (1852–1900). Вольф публікаваў іх пад сваім імем і са згоды графа па-польску, у той час як арыгіналы асобных прац былі напісаныя Ажароўскім па-французску («Пацы»).

Першыя 50 спраў з першага вопіса фонда 694 НГАБ уяўляюць сабой менавіта матэрыялы з архіва Ажароўскага. Частка дакументаў трапілі ў ДГАЛ Вільні, што можна звязаць з продажам ці перадачай асобных матэрыялаў з архіва Ажароўскага яго ўдавой яшчэ да продажу асноўнай часткі архіва.

Падрыхтаваныя да выдання матэрыялы Ажароўскага тычыліся 39 прозвішчаў па першым спісе і 30-ці прозвішчаў па другім. Да 1900 г. асобныя працы паспеў выдаць Вольф, але большая частка матэрыялаў адклалася ў Галоўным архіве Старажытных актаў у Варшаве ў выглядзе неапублікаванай спадчыны. Асобныя чыставікі Ажароўскага адтуль публікаваліся ў манаграфіі «Валовічы», выданні Інстытута гісторыі.

20220609_153645.jpg
С.А. Рыбчонак і В.Ф. Голубеў

Паведамленне кандыдата гістарычных навук Анастасіі Анатольеўны Скеп’ян на тэму “Праблемы вывучэння генеалогіі княжацкіх і магнацкіх родаў ВКЛ” тычылася пытанняў захавання ў Нарадовай бібліятэцы і ў архіве Каралеўскага замка ў Варшаве інфармацыі па беларускай шляхце, галоўным чынам, берасцейскай і наваградскай.

20220609_163137.jpg
А.А. Скеп’ян

У выступленні кандыдата гістарычных навук Вадзіма Урублеўскага на тэму «Метрычныя кнігі касцёлаў і цэркваў Паўночна-Заходняй Беларусі XVIII – ХІХ стст. як крыніца па генеалогіі шляхты (паводле матэрыялаў ЦНБ імя Я. Коласа)» былі зроблены два акцэнты. Па-першае, адзначаліся тыя інфармацыйныя блокі, якія ў метрыках найбольш спрыяюць генеалагічным знаходкам у дачыненні да шляхты; па-другое, адзначалася метрычныя кнігі па якіх тэрыторыях маюцца ў складзе калекцыі ЦНБ № 23 (з упорам на акрэслены рэгіён, па якім зберагаецца 102 справы са 111 адзінак – гэта, у асноўным, каталіцкія метрыкі па Пастаўскім, Докшыцкім, Глыбоцкім, Смаргонскім, Вілейскім, Мядзельскім раёнах).

З паведамленнем і прэзентацыяй на тэму “Справы аб дваранскім паходжанні як гістарычная крыніца: праблема верыфікацыі звестак за XVII-XVIII стст.” выступіў асноўны рухавік «Гербоўніка беларускай шляхты» Яўген Станіслававіч Глінскі, супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГАБ. У паведамленні адзначаліся выпадкі фальсіфікацый прывілеяў, судовых спраў, інвентароў, метрык і інш.

20220609_171025.jpg
Квэст па пытанні ўстанаўлення падробак

Выніковую рысу падвёў загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГАБ Дзмітрый Часлававіч Матвейчык, які, вяртаючыся да «Гербоўніка беларускай шляхты», адзначыў, што за час з 1994 года апрацавана 1825 спраў фонда 319 (вопіс 2) пры агульнай колькасці ў 4 050 спраў. Зараз рыхтуецца да выдання 2 частка Гербоўніка беларускай шляхты (том 8). Таксама ім было анансавана блізкае выданне новага шляхаводніка НГАБ.

20220609_163644.jpg
Д.Ч. Матвейчык, М.Д. Макараў і Я.С. Глінскі

У заключэнні неабходна сказаць, што тэма гісторыі і генеалогіі Беларусі дастаткова шырокая і ўзнята аказалася даволі шмат важных пытанняў: 1) гісторыя даследаванняў матэрыялаў па гісторыі і генеалогіі шляхты; 2) месцы захавання дакументаў па шляхецкай генеалогіі; 3) асобы рупліўцаў гэтага напрамку з ліку папярэднікаў; 4) даследчыцкая праца з фальсіфікатамі шляхецкай гісторыі і генеалогіі; 5) асноўныя крыніцы звестак па шляхецкай генеалогіі.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 09.06.2022

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


5 × = 40