21 жніўня 2017 года ў Мінску на базе кабінета сацыяльна-педагагічнага, метадычнага і псіхалагічнага кансультавання Дзяржаўнай установы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” быў праведзены майстар-клас для настаўнікаў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, выкладчыкаў вышэйшай школы і бацькоў “Укараненне культуры радаслоўя ў сучаснай сям’і”.
Майстар-клас праводзіла Алена Уладзіміраўна Чарных, маці пяці дзяцей, кіраўнік школы-студыі этыкета “Элегія” (Санкт-Пецярбург), выкладчык этыкету, вядучы кансультант Расійскага дома радаслоўя, метадыст вышэйшай катэгорыі дадатковай адукацыі дарослых, аўтар-складальнік праграм па этыкеце “Пецярбургскі этыкет”, “Этыкет для ўсіх” і праграмы “Культура радаслоўя ў сучаснай сям’і”.
Напрацягу сустрэчы падымаліся наступныя пытанні: 1) першыя крокі складання радаводу; 2) прычыны неабходнасці ведаць аб сваіх каранях; 3) роля генеалогіі ў выхаванні дзяцей; 4) методыка стварэння радаводу; 5) працэс стварэння радаслоўнай кнігі; 6) як скласці радаслоўнае дрэва; 7) дзе шукаць інфармацыю аб продках; 8) неабходнасць і сэнс “фамільнага герба”; 9) укараненне практыкі пошуку звестак па гісторыі роду ў традыцыі сям’і.
Таксама слухачы азнаёміліся з квэст-гульнёй па складанні радаводу для дзяцей (распрацавана Расійскім домам радаслоўя).
Падчас сустрэчы прысутныя вучыліся парадку запаўнення прадэманстраваных бланкаў персанальных лістоў і радаслоўных схем.
24.08.2017