Сустрэча валанцёрскай групы па індэксацыі вопісаў НГАБ з генеалагічным таварыствам “Вытокі” адбылася ў гор. Бабруйск (20-21.08.2021)

На сённяшні момант працягваецца праца па індэксацыі фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якую з кастрычніка 2020 года праводзяць ўдзельнікі валанцёрскага праекта пад кіраўніцтвам вядомага беларускага генеалога Алены Кароўчанка. Калектыў валанцёраў складае больш за 150 чалавек з розных краін і кантынентаў. Праведзена індэксацыя каля 300 тыс. спраў архіва, зараз праверку набранага матэрыялу вядуць карэктары. Спадзяемся, што ў хуткім часе база дадзеных будзе даступна не толькі для валанцёраў, але і для ўсіх жадаючых даведацца больш пра каштоўныя матэрыялы, што захоўваюцца ў архіве і, магчыма, знайсці звесткі пра сваіх продкаў.

Але ўдзельнікі валанцёрскага руху вырашылі не абмяжоўвацца толькі індэксацыяй фондаў архіва. За гэты час праведзена некалькі сустрэч для абмеркавання надзённых пытанняў і праблем, валанцёры наведалі з экскурсіямі Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску і мемарыяльны музей паэта “Фальварак Ракуцёўшчына” ў вёсцы Ракуцёўшчына ў Маладзечанскім раёне.

Фота аўтара

І вось новае падарожжа – у Магілёўскую вобласць, у Бабруйск, горад з багатай гістарычнай спадчынай і культурнымі традыцыямі. Праграма падарожжа была разлічана на два дні (21-22 жніўня 2021 года) і ўключала шмат разнастайных мерапрыемстваў. Знаёмства з горадам пачалося з цудоўнай экскурсіі, якую арганізавалі для валанцёраў члены мясцовага генеалагічнага таварыства “Вытокі”. Старшыня таварыства і вядомы бабруйскі краязнаўца Святлана Віктараўна Калюта пазнаёміла экскурсантаў з гісторыяй горада, галоўнымі помнікамі гісторыі і культуры, архітэктурнымі шэдэўрамі і гарадскімі легендамі. Пабывалі госці і ў Бабруйскай крэпасці, агледзелі будынкі і ваенныя аб’екты, што захаваліся да нашага часу. Шкада, што гэты гістарычны аб’ект сёння знаходзіцца ў заняпадзе, а ў планах гарадскіх уладаў – рэканструяваць старажытныя будынкі крэпасці пад элітнае жыллё. На жаль, такія планы перакрэсліваюць надзеі мясцовых краязнаўцаў пераўтварыць гэты куток горада ў гісторыка-культурную пляцоўку, дзе знайшлося б месца для музеяў, выставачных праектаў і пазнавальна-забаўляльных лакацый.

Фота аўтара

Увечары 21 жніўня ў Цэнтры турызма, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі г. Бабруйска прайшоў круглы стол “Пошук даўжынёй у жыццё”, удзел у якім прынялі прадстаўнікі валанцёрскага руху з Мінска і мясцовыя краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея і бібліятэк горада. Ганна Мікалаеўна Пятрова правяла невялікую аглядавую экскурсію па выставе “Скарбы хатняга архіва”, падрыхтаванай удзельнікамі таварыства “Вытокі”. Святлана Віктараўна Калюта прэзентавала дзейнасць таварыства, пазнаёміла з самымі актыўнымі краязнаўцамі, распавяла аб гісторыі стварэння аб’яднання “Вытокі” і дзейнасці на сённяшнім этапе. Каардынатар-кансультант таварыства Аляксандр Іванавіч Клімовіч правёў прэзентацыю гісторыка-радаводнага весніка “Родословъ”, які рыхтуецца сіламі членаў таварыства і выходзіць у Бабруйску на працягу многіх гадоў.

Госці з Мінска таксама прынялі актыўны ўдзел у круглым стале. Першай выступала Алена Валер’еўна Кароўчанка, вядомы ў Беларусі спецыяліст па генеалагічных пытаннях. Яна распавяла аб уласным шляху ў генеалогію, падкрэсліла, што лічыць надзвычай важнай працу па пошуку сваіх продкаў. Расказала пра гісторыю валанцёрскага руху, ад ідэі да ўвасаблення, падвяла вынікі працы. А.Кароўчанка адзначыла сяброў руху, якія падзяліліся ўласнымі базамі, сярод іх супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзім Урублеўскі і Юрый Снапкоўскі, актывіст Беларускага дакументацыйнага цэнтра Зміцер Дрозд. Старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Таццяна Мікалаеўна Агеенка прэзентавала фонды НАРБ, прадставіла найбольш каштоўныя дакументы, у тым ліку і тыя, якія звязаны з Бабруйскам. Выступоўца распавяла пра базы дадзеных, картатэкі і каталогі, якія вядуцца ў архіве, як імі карыстацца ў мэтах атрымання найлепшых вынікаў.

Зміцер Міхайлавіч Дрозд выступіў адразу і як генеолаг, які актыўна займаецца пошукам продкаў і стварэннем уласнага радаводу, і як даследчык жыццёвай біяграфіі класіка беларускай літаратуры В.Дуніна-Марцінкевіча. У першай частцы выступу ён распавёў пра свой шлях да генеалогіі, цікавыя гісторыі, звязаныя з пошукам продкаў, праблемы, з якімі сутыкаюцца пачынаючыя генеалогі, і пра шчаслівыя моманты знаходак і адкрыццяў. У другой частцы Зміцер Дрозд расказаў, чаму ён зацікавіўся біяграфіяй Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якія стэрэатыпы і міфы яму ўдалося абвергнуць, якія знойдзены каштоўныя дакументы да біяграфіі пісьменніка. Даследчык прэзентаваў сваю кнігу “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”, уручыў гэтыя каштоўныя кнігі з аўтографамі самым актыўным удзельнікам бабруйскага генеалагічнага таварыства “Вытокі”.

Вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Вітальеўна Мышкавец распавяла пра дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і звязаныя з сям’ёй пісьменніка. Частка гэтых дакументаў мае непасрэднае дачыненне да Бабруйскага павета, уласна Бабруйска, і нават можа быць скарыстана ў правядзенні экскурсій па горадзе. Ад Цэнтра турызма, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі г.Бабруйска выступіла педагог дадатковай адукацыі Людміла Мікалаеўна Дабравольская, якая распавяла пра лёс сваёй сям’і, прэзентавала вынікі даследаванняў уласнага радаводу. Таксама яна расказала аб актыўнай краязнаўчай працы, якую супрацоўнікі цэнтра праводзяць з бабруйскімі школьнікамі, і прэзентавала вынікі гэтай працы.

На наступны дзень “аб’яднаная каманда” мінскіх валанцёраў і бабруйскіх краязнаўцаў выправілася за межы Бабруйска. Спачатку група наведала мемарыяльны комплекс на месцы былога дзіцячага канцлагера ў вёсцы “Чырвоны бераг”. Комплекс распрацаваны вядомым беларускім архітэктарам Леанідам Левіным, які ў свой час быў адным з суаўтараў мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Далейшы шлях пралягаў у палаца-паркавы ансамбль у Красным беразе, філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Сядзібны комплекс XIX стагоддзя, уладальнікамі якога былі ў свой час Козел-Паклеўскія, не так даўно адзначыў 125-годдзе, а музей стаў пераможцам рэспубліканскага турыстычнага агляду-конкурсу “Пазнай Беларусь”. Адметнасць сядзібнага дому – разнастайнасць мастацкіх стыляў, выкарыстаных у афармленні пакояў. Мадэрн, класіцызм, барока і маўрытанскі стыль вабяць і дазваляюць здзейсніць падарожжа па гісторыі сусветнага мастацтва, а невялікі англійскі парк гатовы прадставіць сваіх старажылаў, узрост некаторых дрэў набліжаецца да 150 год.

Фота аўтара

Гэтае падарожжа ў часе і прасторы скончылася, але ўдзельнікі валанцёрскага руху вырашылі, што практыку вандровак па Беларусі неабходна працягваць і далей. У планах ужо з’явіліся Мазыр, Гродна і Віцебск, валанцёры мараць не толькі убачыць архітэктурныя, мастацкія і літаратурныя адметнасці таго ці іншага горада. У першую чаргу нам хацелася б пазнаёміцца з мясцовымі краязнаўцамі і краязнаўчымі таварыствамі, каб наладзіць супрацу, пашырыць шэрагі валанцёраў і аказаць дапамогу ў пошуку жадаючым.

Мышкавец Ірына, удзельнік валанцёрскага руху,

супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча,

24.08.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


× 7 = 28