Размовы пра актуальнасць стварэння беларускага генеалагічнага аб’яднання, якое б спрыяла развіццю, а таксама папулярызацыі генеалогіі і генеалагічных ведаў, узаемавыгодна супрацоўнічала з дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі, займалася шырокім колам карысных грамадству праектаў, даўно вядуцца ў айчыннай генеалагічнай суполцы.

9 кастрычніка 2020 г. па ініцыятыве актыўнай прадстаўніцы беларускай генеалогіі Алены Кароўчанка была праведзена першая сустрэча спецыялістаў і аматараў у дадзенай галіне, на якой былі абмеркаваныя дзве асноўныя насутныя задачы, якія стаяць перад грамадой.
Па-першае стварэнне і функцыянаванне валанцёрскай групы, закліканай аказаць дапамогу калектыву дзяржаўнай установы Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў справе індэксацыі або стварэння паказальнікаў да асобных вопісаў НГАБ, якія слаба ўведзены ў зварот, але маюць значны генеалагічны патэнцыял. Папярэдне намеснікам дырэктара НГАБ па навуковай працы Дзянісам Лісейчыкавым прапанавана правядзенне індэксацыі вопісаў 3 і 4 фонда 1781 і першасны варыянт структуры будучай базы па ім.
Другой важнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка да працэсу стварэння Беларускага гісторыка-генеалагічнага таварыства (БГГТ), якое б займалася шырокім колам задач у дачыненні да навукі, культуры, адукацыі Беларусі.
На сустрэчы былі заслуханы выступленні Алены Кароўчанка “Перспектывы супрацоўніцтва мэтавай грамадскай супольнасці з НГАБ адносна індэксацыі вопісаў фондаў гэтай установы”, Юрыя Снапкоўскага “Спецыфіка ўнутранай працы НГАБ”, Вадзіма Урублеўскага “Перспектывы стварэння Беларускага гісторыка-генеалагічнага таварыства”, Вітальда Ханецкага “Пытанні рэгістрацыі і стартавыя крокі па стварэні БГГТ”.
У выніку па першым пытанні было дамоўлена правесці рэдакцыю прапанаванага Лісейчыкавым варыянта структуры базы па вопісах 3 і 4 фонда 1781, а наступнае пасяджэнне правесці пры ўдзеле афіцыйнага прадстаўніка НГАБ.
Па другім пытанні быў складзены дадатак да пратаколу сустрэчы, дзе ўсе трынаццаць удзельнікаў мерапрыемства адзінагалосна выказаліся за стварэнне Беларускага гісторыка-генеалагічнага таварыства (БГГТ).
Улічваючы актывізацыю грамадскага жыцця і павышэнне цікавасці да генеалогіі ў краіне, прыведзеныя крокі ў генеалагічнай сферы варта лічыць актуальнымі.
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 12.10.2020 г.