Сустрэча на тэму “Фотаархіў як інструмент культуры памяці” адбылася на пляцоўцы “Улей” (13.09.2018)

13 верасня на першай у Беларусі краудфандынгавай пляцоўцы “Улей” адбылася тэматычная сустрэча, прысвечаная аналізаванню фотаздымкаў як культурных артэфактаў свайго часу.  Усе прадэманстраваныя фотаздымкі ўяўлялі сабой дробную частку калекцыі “Найлепшы бок”, на выданне якой у фармаце фотакнігі вядзецца актыўны збор сродкаў: https://ulej.by/project?id=805946. Ініцыятар стварэння калекцыі і выдання кнігі – соцыёкультурны праект “Веха”: www.veha.of.by.

Экспертамі на сустрэчы выступілі гісторыкі Аляксей Братачкін і Аляксандр Далгоўскі, культуролаг Вольга Раманава. Мадэравала сустрэчу сацыёлаг і даследчыца візуальнай культуры Лідзія Міхеева. Запрошаным госцем мерапрыемства была доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская, аўтар грунтоўнай прадмовы да рыхтуемага выдання.

IMG_20180913_185805

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Абмеркаванне тычылася некалькіх фотаздымкаў 1950-х гг. У фармаце абмеркавання фотаздымкаў прагучалі наступныя важныя высновы па інтэрпрэтацыі гістарычных фота. Як слушна адзначыў Аляксандр Далгоўскі, належнай інтэрпрэтацыі фотаздымка спрыяе правільнае разуменне яго кантэксту (час, месца, умовы стварэння, інфармацыя аб адлюстраваных на ім асобах). Аляксей Братачкін таксама падкрэсліў, што на вызначэнне месца фотаздымка ў гістарычнай рэальнасці істотна ўплывае сучаснае разуменне кантэксту яго ўзнікнення. Важна, каб інфармацыя аб кантэксце была максімальна разгорнутай і даследаванай на паставе сумежных дысцыплін. Таксама гісторыкам была адзначана магчымасць параўнання вобраза фотаздымка ў афіцыйнай прапаганзе з вобразам, сканструяваным на падставе сямейных архіваў і успамінаў, не абцяжараных ідэалагічнай нагрузкай.

Вольга Раманава адзначыла строгую апазіцыйную розніцу агітацыйных дзяржаўных фота з прыватнымі сямейнымі  фотаздымкамі. Яна ж выказалася за розніцу падыходаў да стварэння фотаздымкаў цяпер і ў савецкім мінулым. Калі цяпер пераважае мода галівудаўскай усмешкі са спробай улавіць свой стан і прадэманстраваць яго сучаснікам, то раней на фотаздымках дамінавала статычнасць дзеючых асоб, якія накіроўвалі ў будучыню свой асабісты ці грамадскі пасыл. Вольга Лабачэўская заўважыла, што кампазіцыйную строгасць і сур’ёзнасць твараў часткова можна патлумачыць стварэннем фотаздымка на доўгай вытрымцы (трымаць усмешку было фізічна складана). Аднак больш слушна лічыць, што з’ява завітала ў беларускую вёску з фотасалонаў, куды ў сваю чаргу прыйшла пад уплывам арыстакратычнага параднага партрэта. Напрыканцы Аляксандрам Далгоўскім была прыўнесена прапанова зрабіць выставу нямецкіх акупацыйных фота з выявамі карцін беларускага быта.

41675183_1907490482885946_8594824137388589056_n

 

 

 

 

 

 

 

 

Ініцыятыва “Найлепшы бок” ставіць сваёй мэтай прыцягнуць цікавасць грамадства да старых фотаздымкаў, што ў сваю чаргу стымулюе абуджэнне сямейнай гісторыі як базавай сямейнай і грамадскай каштоўнасці.  Без фотаздымкаў сямейная гісторыя шмат губляе – твары пераўтвараюцца выключна ў імёны, асабовасць саступае месца індывідуальнасці.

Па выніках мерапрыемства важна заключыць, што традыцыйна фотаздымак з’яўляўся транслятарам ідэй і каштоўнасцей чалавека, яго спробай падкрэсліць значнасць нейкага этапу свайго жыцця, яго надзеяй на будучыню.

Вадзім Урублеўскі

14.09.2018

 

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


3 + 3 =