Семінар “Новыя дакументальныя набыткі і знаходкі па генеалогіі” як працяг супольнай асветніцка-генеалагічнай працы НГАБ і НББ

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) 5 лістапада 2020 года адбыўся другі семінар па праблемах генеалогіі, арганізаваны супрацоўнікамі НББ супольна з калегамі з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ). На мерапрыемстве былі агучаны не толькі даклады супрацоўнікаў згаданых устаноў, але і паведамленне каардынатара валанцёрскага руху даследчыкаў генеалогіі Беларусі, які зарадзіўся ў гэтым годзе.

Інтэр’еры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Загадчык навукова-даследчага аддзела НББ Наталля Віктараўна Гарковіч распавяла пра патэнцыял НББ у справе аказання бібіліяграфічнай дапамогі пачаткоўцу перад пачаткам дзейнасці над даследаваннем радаводу. У час выступа шырока асвятляліся метадычныя матэрыялы, прыклады навуковых генеалагічных даследаванняў, публікацыі крыніц. У паведамленні падкрэслівалася неабходнасць знаёмства пачаткоўца з апублікаваным матэрыялам для той мэты, каб не траціць час на адкрыццё ўжо адкрытага і даследаванага.

Намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Аляксандравіч Суша прысвяціў свой даклад дакументальным паступленням генеалагічнага характара, якія адбыліся ў НББ у гэтым годзе. Адзначаны тры накірункі дзейнасці бібліятэкі па папаўненні свайго фонда: 1) данацыя (падараванне); 2) закупка; 3) атрыманне ў часовае карыстанне са стварэннем лічбавай копіі. Праведзены агляд паступіўшага матэрыяла, менавіта метрычных кніг аб хросце, шлюбных вобыскаў, спавядальных ведамасцяў на праваслаўных і каталікоў з асобных рэгіёнаў Паўночна-Заходняй Беларусі і Латвіі. З новымі паступленнямі магчыма азнаёміцца ў чытальнай зале рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.

Намеснік дырэктара НГАБ Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў распавёў пра папаўненне фондаў НГАБ новымі дакументамі ў 2010–2020 гг. Асноўнымі крыніцамі паступлення генеалагічных матэрыялаў НГАБ з’яўляюцца: 1) абласныя, гарадскія і раённыя архівы органаў ЗАГС (арыгіналы метрык); 2) установы-партнёры: архівы, бібліятэкі, музеі (копіі генеалагічных крыніц); 3) прыватныя асобы і культавыя установы (арыгіналы і копіі гендакументаў). За 10 гадоў у НГАБ паступіла 2,5 тысячы метрычных кніг з архіваў ЗАГС, створана 20 калекцый лічбавых копій, даследавана 33 парафіяльныя архівы. Сярод устаноў, чые метрычныя кнігі папоўнілі сховішчы НГАБ у 2020 г., былі згаданыя: прыход храма Праабражэння Гасподняга ў Ракаве, архіў курыі Мінска-Магілёўскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, Цэнтральны архіў гісторыі яўрэйскага народа (метрычныя кнігі Мінскай сінагогі аб шлюбах і разводах за 1912–1919 гг.), Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа пры НАН Беларусі. Новыя паступленні адначаюцца на сайце НГАБ у адпаведным падраздзеле (раздзел “Фонды архіва”).

Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГАБ Юрый Мікалаевіч Снапкоўскі распавёў пра генеалагічны патэнцыял шасці абласных архіваў, трох архіваў грамадскіх аб’яднанняў і 16 занальных архіваў Беларусі, матэрыялы якія ахопліваюць у нас перыяд з 1917 года па сучаснасць. Асноўным дапаможным матэрыялам для працы з імі названыя: сайт “Архівы Беларусі”, картатэкі, пуцевадзіцелі, унутраныя базы дадзеных (напрыклад, агульная б/д па асабістых справах з Віцебскага дзяржаўнага архіва). Асноўнымі крыніцамі генеалагічнай інфармацыі гэтых архіваў з’яўляюцца: 1) пагаспадарчыя кнігі з пасямейным складам жыхароў сельскіх гаспадарак і апісаннем іх маёмасці (складаюцца ў справаводстве з 1934 года); 2) фільтрацыйныя справы на асоб, якія вярталіся пасля Другой сусветнай вайны ў Беларусь з прымусовых прац у Германіі; 3) дакументы на грамадзян, якія з’яўляліся кандыдатамі або членамі камсамола і кампартыі (анкеты і ўліковыя карткі, асабістыя справы па апеляцыях выключаных з партыі, матэрыялы партчыстак і г.д.).

Каардынатар валанцёрскага руху даследчыкаў генеалогіі Беларусі Алена Валер’еўна Кароўчанка падзялілася мэтамі і перспектывамі валанцёрскага руху, які ў гэтым годзе пачаў зараджацца ў генеалагічнай супольнасці Беларусі. Выступленне тычылася важнасці распачатага двухбаковага супрацоўніцтва НГАБ з валанцёрамі ў справе індэксацыі вопісаў асабліва актуальных у генеалагічным плане фондаў архіва. У выніку адпаведнай дзейнасці грамадскай ініцыятывы мяркуецца апрацаваць найбольш цікавыя вопісы фондаў 136, 147, 183, 242, 295, 333, 1595, 1781. Індэксацыя заключаецца ў наборы загалоўкаў (для дарэвалюцыйных рукапісных вопісаў), стварэнні геаграфічнага і імяннога паказальнікаў, асабліва для тых фондаў, дзе такія паказальнікі адсутнічаюць або маюць хібы. Другая задача валанцёраў арыентавана на падрабязную індэксацыю рэвізскіх сказак з 9-га вопіса 333 фонда (Мінская казённая палата), што можа паменшыць выдачу арыгіналаў у чытальны зал і аптымізаваць пошук як супрацоўнікаў архіва, так і звычайных карыстальнікаў архіўнага фонда. Каманда валанцёраў на дадзены момант складаецца з больш чым 60-ці чалавек, якія пражываюць як у Беларусі, так і за яе межамі. За два тыдні дзейнасці групы апрацавана 1,5 тысяч загалоўкаў спраў фонда 295, 3 тысячы спраў 3-га вопіса фонда 1781, 2 тысячы спраў 2-га вопіса фонда 1781, што ўжо цяпер з’яўляецца заўважным дасягненнем.

Падсумоўваючы, варта заўважыць, што супольныя генеалагічныя семінары НББ і НГАБ маюць добрую перспектыву на будучае. Перыядычныя навукова-асветніцкія мерапрыемствы вельмі патрэбныя для кансалідацыі генеалагічнай супольнасці краіны. Менавіта гэта, а таксама актыўнасць валанцёрскага руху і пашырэнне попыту на генеалагічныя веды, садзейнічае рэальнаму стварэнню агульнарэспубліканскага генеалагічнага таварыства, а значыць развіццю генеалогіі і назапашванню ведаў пра чалавечае мінулае Беларусі.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

06.11.2020

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 + = 12