19 мая 2017 г. на гістарычным факультэце БДУ адбылося чарговае пасяджэнне ГДГ “Радавод”. Гасцямі аб’яднання выступілі выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ кандыдаты гістарычных навук Ігар Міхайлавіч Аўласенка (на фота злева) і Віктар Адамавіч Кахновіч (на фота справа).
Выступ Ігара Аўласенка, які і вызначыў тэму сустрэчы, прысвячаўся асвятленню асобных генеалогій беларускіх пісьменнікаў, якімі сталі радаводы Паўла Іванавіча Пруднікава (1911-2000), сына сялян з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, дзеда па маці выступоўцы, і Аркадзя Аляксандравіча Куляшова (1914-1978), сына настаўнікаў і жыхароў мястэчка Саматэвічы Чэрыкаўскага павета той жа губерні. Быў праведзены этымалагічны разбор прозвішчаў, згаданы вопыт працы з рэвізскімі сказкамі рэгіёна, акрэслена дваюрадная ступень роднасці пісьменніка Паўла Іванавіча Пруднікава і паэта Алеся Трахімавіча Пруднікава (1910-1941), адзначаны украінскія і італьянскія карані бацькі Куляшова, шляхецкае паходжанне жонкі пісьменніка Аксаны Шчарбовіч-Вечар, факт яго сваяцтва праз жонку з празаікам Платонам Галавачом (1903-1937) (Аксана даводзілася сястрой яго жонцы Ніне). Значную частку выступлення склаў аповяд пра біяграфію Паўла Іванавіча Пруднікава. Выступленне суправаджалася паказам прэзентацыі.
Няменш цікавым было выступленне Віктара Адамавіча Кахновіча, прысвечанае галоўнай адзінцы генеалагічнага пошуку Нацыянальнага архіўнага фонда – метрычнай кнізе. Аўтар на прыкладзе метрык Плотніцкай Пакроўскай царквы Пінскага павета, да прыходу якой адносіліся яго продкі – жыхары вёсак Бобрык і Церабень – адзначыў асноўныя праблемныя моманты працы са згаданай крыніцай, звязаныя з памылкамі і недакладнасцямі ў падачы звестак пра пол, узрост, веравызнанне, прозвішча і імя народжанага. Як і ў папярэднім выпадку, значная ўвага была нададзена біяграфіі дзеда выступоўцы – Аляксандра Мацвеевіча Кахновіча (1913–1973), пратэстанта-баптыста з вёскі Бобрык.
Наступнае пасяджэнне прызначана на восеньскі перыяд.