Лёс сям’і ў гісторыі краіны. Вернікоўскія і Багдановічы

15 мая 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася імпрэза “Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны” з удзелам Алены Кароўчанка, вядомага ў Беларусі і за яе межамі спецыяліста ў галіне генеалогіі і прадстаўніцы слыннага роду Вернікоўскіх (па жаночай лініі). Мерапрыемства праводзілася ў межах рэспубліканскай акцыі  “Лёс маёй сям’і ў гісторыі краіны” і прымеркавана да Міжнароднага дня сем’яў (англ. International Day of Families), які традыцыйна ва ўсім свеце адзначаецца 15 мая. Свята абвешчана 20 верасня 1993 года на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН, мае на мэце прыцягненне ўвагі грамадскасці да шматлікіх праблем сям’і.

А.В. Кароўчанка на выступленні 15 мая

Алену Валер’еўну добра ведаюць тыя, хто вырашыў заняцца пошукамі свайго радаводу, бо яна на ўласным вопыце ведае, колькі складанасцей можа паўстаць на шляху пачаткоўца-генеалога, колькі розных падводных камянёў яго чакаюць, колькі пошукавых шляхоў вядуць у тупік. Некалі яна так сказала пра ўласную працу генеалога: “Ты адкрываеш і пазнаеш не толькі нешта новае пра мінулае, але і знаходзіш новае ў самім сабе, адбываюцца пэўныя змены ў адносінах да жыцця і смерці, да людзей, да шматлікіх падзей твайго жыцця… Ты становішся больш моцным і трывалым…”.

Свой выступ Алена Кароўчанка пачала з заўвагі, што няма радаводаў нецікавых, нават калі ў іх адсутнічаюць выбітныя асобы, шляхта ці сусветныя знакамітасці. На яе думку, кожны чалавек – унікальны, і кожны радавод – унікальны. І яркіх, адметных, выбітных асоб можна знайсці сярод продкаў любога чалавека. Кожнае яе далейшае слова пацвярджала гэтую тэзу, яе аповед пра ўласную бабулю захапіў прысутных. Разам з ёю мы на імгненне перанесліся ў Бабруйск, каб пазнаёміцца з бабуляй-настаўніцай, якая шмат ведала і шмат чаму навучыла сваю ўнучку. Бабуля распавяла 15-гадовай унучцы пра гісторыю роду, продкаў, якія былі прадстаўнікамі засцянковай шляхты, як быў рэпрэсіраваны яе бацька (прадзядуля Алены Валер’еўны) і шмат іншых гісторый. Менавіта з пошукаў інфармацыі пра хрышчэнне прадзядулі і пачаўся для Алены Кароўчанка архіўны пошук, звязаны з Вернікоўскімі.

Яна прыйшла да высновы, што ўсе на свеце Вернікоўскія (за выняткам адной габрэйскай галіны) з’яўляюцца родзічамі, і што яе продкі на Ігуменшчыне з’явіліся ўжо ў XVII стагоддзі, а самае ранняе імя – Севасцьян-Фама Вернікоўскі. Сёння на радаводным дрэве прысутнічае 3150 персон, яго прамых нашчадкаў. Алена Валер’еўна распавяла толькі пра некаторых, найбольш яркіх ці загадкавых для яе асоб напрыклад, пра Ільдэфонса Дамінікавіча Вернікоўскага (1810-1851), удзельніка паўстання 1831 года, аўтара манаграфіі, дысертацыі па медыцыне, у якой даследчыца адшукала шмат звестак біяграфічнага характару. Ян Вернікоўскі (1800-1877) – яшчэ адзін яркі прадстаўнік роду Вернікоўскіх, скончыў Мозырскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт са ступенню кандыдата, працаваў у сістэме адукацыі на розных пасадах. У свой час ён праходзіў падазраваным па справе “філаматаў і філарэтаў”, асуджаны, сасланы ў Вятку. Даследчыца распавяла і пра іншых цікавых прадстаўнікоў роду, сюрпрызам для ўдзельнікаў імпрэзы стала інфармацыя, што Вернікоўскія прысутнічаюць на радаводным дрэве Максіма Багдановіча. Дзед Максіма Апанас Іванавіч Мякота паходзіць са святарскага роду, а яго траюрадная пляменніца Ганна выйшла замуж за святара Паўла Вернікоўскага.

Гэта не адзіная нітачка, якая звязвае продкаў геніяльнага беларускага паэта і прадстаўнікоў слыннага роду Вернікоўскіх. Як распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены некалькі спраў, якія звязаны з імем святара Іосіфа Стэфанавіча Малевіча, прадзеда М. Багдановіча па лініі бабулі. Архіўныя матэрыялы дазваляюць фактычна прасачыць яго службовую кар’еру, пераводы з прыхода ў прыход. У некаторых дакументах фігуруюць Вернікоўскія, напрыклад, шляхціц Іосіф Вернікоўскі, які выступае ў ролі сведкі ў справе аб бойцы, якая адбылася паміж святаром Іосіфам Малевічам і дзячком Савай Свірскім (НГАБ 136-1-28761).

У гэтай справе ёсць паказанні яшчэ аднаго чалавека – Еўдакіі Кірылаўны Малевіч, жонкі святара, якія яна дае 19 снежня 1860 года (стст.), амаль перад смерцю, у прысутнасці свайго духаўніка: “Священника Малевича не обвиняла, от которого она и излишних выговоров не имела, а чтобы когда издевался над нею и наносил побои, о том чрез всю жизнь и намеку не было: равно как и со стороны ее показательницы, оказываемо было уважение к мужу и никогда повода не подала к ссорам и расстройству: на чем имеет в виду неминуему свою от Чахотки кончину, и не имеет силы к рукоприкладству от изнеможения своего Духовника, который дней тому десять назад, напутствовал оную на жизнь вечную и приобщил к Святым Тайнам, упросила себя к сим показаниям расписаться и расписался: Туринской Церкви Священник Мартин Верниковский”. Як бачна з дакумента, духаўніком Еўдакіі Малевіч быў святар Марцін Вернікоўскі. Верагодна, ён прысутнічаў пры яе смерці, а пайшла з жыцця прабабуля Максіма Багдановіча 29 снежня 1860 года.

А.В. Кароўчанка і І.В. Мышкавец з кнігай “Ігуменская шляхта ў Сібіры”

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча будуць і далей праводзіць росшукі дакументаў і іншых матэрыялаў, што тычыцца класіка беларускай літаратуры і яго продкаў. Упэўнены, што на гэтым шляху мы адшукаем шмат цікавых дакументаў, якія звзязваюць продкаў Максіма Багдановіча і Алены Кароўчанка. Хочацца яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці Алене Валер’еўне за дапамогу ў архіўных росшуках, а таксама пажадаць плёну ў даследаванні ўласнага радаводу.

Падрыхтавала: Мышкавец Ірына Вітальеўна, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, 24.05.2022

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


+ 3 = 11