«Лёсы сем’яў літаратараў у ХХ стагоддзі» (выступленне Віктара Жыбуля на пасяджэнні ГДГ Радавод на тэму “Расстраляная паэзія”)

Даследаванне пісьменніцкіх радаводаў – перспектыўны кірунак як для гісторыкаў, так і для літаратуразнаўцаў. Калі вывучаць гэтую справу глыбока, то можна зрабіць багата цікавых адкрыццяў. Многія ведаюць, што ў пісьменніка Ядвігіна Ш. (ён жа Антон Лявіцкі) была дачка літаратарка Ванда Лявіцкая – жонка мовазнаўца і пісьменніка Язэпа Лёсіка. Язэп Лёсік у сваю чаргу быў родным дзядзькам Якуба Коласа. Сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч быў у шлюбе з дачкой Янкі Маўра Наталляй Іванаўнай Фёдаравай. Вось так праз сваяцкія сувязі пераплятаюцца лёсы некалькіх пісьменніцкіх родаў.

23805686_2000475130211103_1327335941_n

 

 

 

 

 

 

 

 

Фота Наталлі Казапалянскай.

Шмат каму вядомы такі дзеяч, як Ігнат Канчэўскі (ён жа Ігнат Абдзіраловіч, ён жа Ганна Галубянка) – наш вядомы філосаф, аўтар кнігі “Адвечным шляхам”. Многія ведаюць, што рэдактарам газеты “Наша Ніва” быў публіцыст Аляксандр Уласаў. Але мала каму вядома, што адзін аднаму яны даводзіліся траюраднымі братамі. Мала таго, пляменніца Аляксандра Уласава Вера была замужам за Браніславам Тарашкевічам, яшчэ адным вядомым беларускім дзеячам.

На сённяшні дзень радаводы некаторых пісьменнікаў добра вядомыя. У якасці прыкладу можна прывесці радаводы такіх асоб, як Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., Максім Гарэцкі і некаторыя іншыя. Зразумела, што найбольш даследаваны радаводы вядомых пісьменнікаў, класікаў. Некалі ў часопісе “Роднае слова”, дзе я працаваў, была спецыяльная рубрыка “Часу крэўная повязь”, дзе публікаваліся радаводныя табліцы або звесткі пра сваякоў пісьменнікаў. Альбо, калі яшчэ былі жывыя пісьменнікі Ніл Гілевіч, Янка Брыль, мы іх саміх прасілі падрыхтаваць матэрыялы, распавесці пра ўласныя радаводы, што яны і зрабілі.

Што датычыцца радавода Цішкі Гартнага, то варта паведаміць, што ён даследаваны мала. У Хведара Лукутавіча і Яўгеніі Антонаўны, бацькоў Цішкі Гартнага (Змітра Жылуновіча), былі, акрамя сына, таксама дочкі – Лізавета і Кацярына. Абедзве выйшлі замуж. Першая пабралася шлюбам з Сяргеем Андрусевічам, а другая – з Аляксандрам Лянько. У абедзвюх былі дзеці, адпаведна пляменнікі Цішкі Гартнага, у т. л. Дзмітрый Андрусевіч, які пакінуў пра дзядзьку ўспаміны.

Што датычыцца самога Змітра Жылуновіча, то ў 1916 годзе ў Петраградзе ён узяў шлюб з Надзеяй Сцяпанаўнай Бяловай, якая ўзяла яго прозвішча. У іх было двое дзяцей: дачка Галіна, 1917 г. н., і сын Алег, калі не памыляюся, 1923 г. н. Лёс Алега Жылуновіча склаўся трагічна. Ён загінуў ў гады Другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі яго лісты з фронту. Галіна стала даволі вядомым мовазнаўцам, напісала шэраг навуковых прац, але замужам яна не была і дзяцей не пакінула. Такім чынам, сёння прамых нашчадкаў Цішкі Гартнага няма. Ёсць толькі нашчадкі яго пляменнікаў. Жонка і дачка Цішкі Гартнага пахаваны ў Менску на Усходніх могілках. На магіле я быў і, мяркуючы па ўсім, яна даглядаецца. Вось і ўсё, што я магу на сённяшні дзень сказаць пра радавод Цішкі Гартнага.

А ўвогуле пошук продкаў рэпрэсаваных пісьменнікаў можа нам сказаць шмат пра што, у тым ліку пра іх пэўныя жыццёвыя стратэгіі, бо ў той час, калі чалавек належаў да шляхецкага роду, то яму было небяспечна ў гэтым прызнавацца. Чалавек трапляў пад прыцэл. За паходжанне, шляхецкае або кулацкае, павялічваліся шанцы быць арыштаваным. Напрыклад, быў такі пісьменнік Алесь Гародня, ён жа Аляксандр Функ, які пісаў даволі цікавую эксперыментальную прозу і ў свой час яго высока ацэньваў Максім Гарэцкі. Раптам, у канцы 1920-х гг., ён пачаў выступаць у друку як крытык з разгромнымі артыкуламі супраць нацдэмаў. Чаму ён так рабіў? Рэч у тым, што паводле свайго паходжання ён быў немцам, а яго бацька меў ранг стацкага саветніка і, па некаторых звестках, тытул барона. Можна ўявіць, што адчуў сын нямецкага барона, апынуўшыся ў жорсткіх савецкіх таталітарных умовах. Ён рабіў усё магчымае, каб давесці, што ён не выступае супраць савецкіх уладаў, але ўсяляк іх падтрымлівае. Але гэта не выратавала Алеся Гародню. Ён арыштоўваўся тры разы, а пасля трэцяга арышту памёр у зняволенні.

Бываюць самыя розныя, у тым ліку нечаканыя, гісторыі. Скажам, дачка рэпрэсаванага паэта Паўлюка Шукайлы распавядала такую сямейную легенду, што яго бацька Захар Казіміравіч быў пазашлюбным сынам пана Булгарына, які закахаўся ў маладую сялянку. Ні пан, ні сялянка не хацелі прызнавацца, што гэта іх агульны сын, таму хлопчыка ўсынавіў просты конюх і даў яму сваё прозвішча Шукайла. Наколькі гэта праўда, баюся, высветліць немагчыма.

Важнай задачай з’яўляецца пошук нашчадкаў, бо архівы многіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і паэтаў былі знішчаны ў часы рэпрэсій, вайны, чыстак НКУС. Некаторыя архівы да нашых дзён захаваліся цудам. Калі падчас другога арышту да паэта і крытыка Адама Бабарэкі прыйшлі чэкісты, яго жонка хітрасцю ўклала сваю дачку спаць на ложак з умайстраванай у яго шуфлядай, дзе і захоўваліся рукапісы мужа.

Акрамя пісьменнікаў вядомых былі і малавядомыя літаратары, якія, магчыма, і не выдалі ніводнай кніжкі, але мелі шырокае кола знаёмстваў. У нашчадкаў тых малавядомых пісьменнікаў таксама можа захоўвацца штосьці цікавае. Напрыклад, лісты і рукапісы больш знакамітых сучаснікаў. Сапраўды, рукапісы знаходзяцца, таму ёсць сэнс іх шукаць у дадзеным кірунку. Цяпер ёсць сацыяльныя сеткі і інфармацыйныя базы дадзеных па пошуку людзей. Таксама варта згадаць і архіўныя крыніцы. Напрыклад, такія пісьменнікі, як Сяргей Грахоўскі і Станіслаў Шушкевіч рабілі шмат, каб вярнуць з небыцця імёны рэпрэсаваных сяброў. Наладжвалі кантакты з іх дзецьмі, унукамі. У ліставанні ёсць іх імёны і адрасы. Можна зрабіць пэўныя высновы пра тое, ці захавалася штосьці ў іх (напрыклад, з рукапісаў), ці не захавалася. Нядаўна ў праекце “(Не)расстраляная паэзія” я чытаў лекцыі пра паэтаў Юрку Лявоннага і Зяму Піваварава. Менавіта дзякуючы архівам Грахоўскага і Шушкевіча я высветліў лёс сем’яў Лявоннага і Піваварава. Сястра апошняга распавядае ў ліставанні Шушкевічу пра лёс жонкі і сына Піваварава. Сын нарадзіўся пасля арышту Піваварава і так і не пабачыў бацьку. Таксама знайшоў перапіску Грахоўскага з жонкай Лявоннага Яўгеніяй Гольберг і яе дачкой ад другога шлюбу. Высветліў, што, на жаль, сын Юркі Лявоннага памёр яшчэ ў маленстве, а дачка пасля арышта маці была змешчана ў дзіцячы прытулак, і калі жонка Лявоннага вярнулася з лагера, то спрабавала адшукаць дачку, але не змагла. Такім чынам, адшукаць прамых нашчадкаў Юркі Лявоннага праблематычна. Калі яны і ёсць, то самі не ведаюць, што яны яго нашчадкі.

Часам атрымліваецца праз інтэрнэт знаходзіць нашчадкаў, і звычайна на мае просьбы даслаць неабходныя звесткі яны адгукаюцца станоўча і дапамагаюць наколькі могуць. Мне нядаўна напісала праўнучка паэта Браніслава Люгоўскага, сябра віцебскай філіі “Маладняка”. Яна даслала радаводную табліцу сям’і Люгоўскіх, якую склала яшчэ жонка самога паэта, які загінуў у час Другой сусветнай вайны. Дапамога нашчадкаў – вялікая справа.

У нас, у БДАМЛМ, у фондах некаторых пісьменнікаў сярод іншага захоўваюцца і радаводныя матэрыялы. Напрыклад, звесткі аб сваяцтве Канчэўскіх, Уласавых і Тарашкевічаў якраз пачэрпнуты з радаводнай табліцы, якая захоўваецца ў фондзе жонкі Тарашкевіча Веры Ніжанкоўскай.

Віктар Жыбуль, 22.11.2017

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


× 2 = 16