Кніга “Кальварыя” са спісамі пахаваных на гістарычнай частцы знакамітага мінскага некропаля паступіла ў продаж

У Мінску з’явілася ў продажы каштоўнае выданне — новая рэдакцыя кнігі “Кальварыя”, у якой апавядаецца пра адзін з двух найбольш захаваных старажытных сталічных некропаляў, помнік культуры міжнароднага значэння. Кніга — плён шматгадовых намаганняў ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка і філолага Аллы Сакалоўскай, якая мае роднасныя сувязі з некалькімі дзясяткамі людзей, пахаванымі на Кальварыі.

Кальварыя
Выданне складаецца з некалькіх раздзелаў. Галоўны раздзел — “Рака памяці. Мартыралог”. У ім у алфавітным парадку падаецца ўвесь матэрыял, сабраны А. Сакалоўскай на саміх могілках (так званы палявы матэрыял) і надрукаваны ў кнізе “Кальварыя” — Мн., 1997; матэрыял з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі; матэрыял з кнігі “Rzymsko-Katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi”; матэрыял, які дайшоў ва ўспамінах родных, блізкіх, сяброў А. Сакалоўскай.

Матэрыял падаецца ў выглядзе слоўнікавых артыкулаў, дзе ўказваецца: прозвішча, імя, у дужках — прозвішча і імя на той мове і ў той арфаграфіі, як на помніку, або калі захаваўся толькі запіс у метрыцы касцёла, — на той мове, на якой зроблены там запіс.

Да кнігі прыкладаецца карта Кальварыі з нумарамі пахаванняў. Адзначым, што мартыралог і карта-схема, галоўным чынам, тычацца гістарычнай часткі могілак.

Нагадаем, што першае выданне “Кальварыі” 1997 г. даступна анлайн по спасылцы:
http://knihi.com/Ala_Sakalouskaja/Kalvaryja.html#1
Дапоўненнае выданне 2019 года даступна пакуль толькі ў кніжных крамах. У хуткім часе павінна з’явіцца ў бібліятэках.

Выходныя дадзеныя кнігі: Завальнюк, У.М. Кальварыя: што захавала памяць / Уладзіслаў Завальнюк, Ала Сакалоўская. — Мінск : Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2019. — 596 с. + 18 с. іл. Наклад — 99 асобнікаў.

Вадзім Урублеўскі, Яўген Крачкоўскі

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


2 + = 9