Генеалогія Беларусі: вытрымкі з дзённіка за студзень 2023

Гэты год я сустрэў супрацоўнікам Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі. Адпаведна да ліку маіх актыўнасцяў дадалася яшчэ адна роля лектара. Па ініцыятыве кіраўніцтва і праз спрыянне новых калег я распланаваў праграму дзейнасці Акадэміі маладых генеалогаў на бліжэйшых паўтары гады, якая складаецца з курса штомесячных лекцый па генеалогіі. Лекцый запланавана 18 па розных напрамках генеалагічных актыўнасцяў (курс ужо апрабаваны ў праекце ШПГ і яшчэ будзе ўдасканальвацца).

У цэлым выступленне на тэму «Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў» прайшло 25 студзеня на належным узроўні і аб асноўных тэмах можна прачытаць тут: https://csl.bas-net.by/news/one-news.asp?id=93068

8 студзеня генеалогам з Горадні Аляксеем Білецкім у мой адрас была агучана прапанова ўвайсці ў склад Устаноўчай рады па стварэнні Гродзенскага абласнога генеалагічнага грамадскага аб’яднання, якое па статуце будзе дзейнічаць і ўключаць у свой склад членаў па Гродзенскай і Мінскай абласцях. Я вырашыў прадпрымаць ініцыятыву на гэтым этапе. Зараз Аляксей кансультуецца з юрыстам, падатковай і бухгалтарам, фарміруе статут і план дзеянняў.

Другое паўсезонне 10 сезона Школы практычнай генеалогіі распачалося толькі 28 студзеня з выступа гісторыка Вячаслава Леанідавіча Насевіча, былога дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, на тэму ДНК-генеалогіі. Фактычна выступ з’явіўся паўторам і працягам аналагічнага выступлення на форуме ў Горадні 8 снежня 2022 («Каго лічыць продкамі: ад генеалогіі рода да ДНК-генеалогіі»). Закраналіся: распаўсюд прозвішчаў продкаў, праект БелНДЦЭД «Дапаможнік», феномен рэдукцыі продкаў, разнастайныя даследаванні па блізкасці геномаў беларусаў і суседніх з імі народаў, тэрміналогія, каштоўнасць y-храмасомнага ДНК. Згадвалася гіпатэтычная гісторыя адной лініі пратэставаных, чый агульны продак ў першым веку да нашай эры належыў да старажытна германскага саюза плямёнаў, вядомага як готы. Таксама разглядалася больш старажытная ў генетычным плане галіна Марцінкевічаў, якія пасля Люблінскай уніі мусілі з Польшчы патрапіць у Беларусь і маглі мець за продкаў носьбітаў герба «Лебедзь» (таму родавае паданне называла гэты герб невыпадкова, хаця сам Дунін-Марцінкевіч сваю генеалогію стоадсоткава прыдумаў). Відэазапіс лекцыі праводзіўся прафесійным аператарам, а таму пасля мантажа запіс можа сустрэцца з гледачом на YouTube.

У межах падрыхтоўкі ў ЦНБ да друку факсімільнага выдання «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча (1600?-1651) я працаваў над яго паходжаннем і вывеў гіпотэзу, што знаны вайсковец і інжынер мог паходзіць з мяшчанскай сям’і праваслаўнага купца і пушкара, які займаў адну з пасадаў у органах мясцовага самакіравання. Герб і шляхецтва маглі быць набытымі як бацькам, так і самім Казімірам, за ўдзел у Смаленскай вайне 1632-1634 гг.

Аднак давесці гэтую гіпотэзу за адсутнасцю паказальнікаў на кнігі Літоўскай Метрыкі за 1630-я гг., што захоўваюцца ў ГАСА, пакуль не прадстаўляецца магчымым. Падрабязнасці даследавання — у прадмове да будучага факсімільнага выдання.

Паспрыяў вяртанню на старонкі «Роднага слова» рубрыкі з назвай «Род блізкі і далёкі». Некалі артыкулы туды спраўна пастаўляў Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў (1946-2019). Так, у прамежку 2010-2011 гг. ім апублікавана 19 артыкулаў. У мяне наўрадці будзе настолькі доўгая і амаль непарыўная серыя, але я ўжо запланаваў для сябе канкрэтныя тэмы на бліжэйшы год. Засталося толькі праявіць патрэбную вытрымку ў падрыхтоўцы і публікацыі тэкстаў. Вялікую ўдзячнасць за ініцыятыву публікавацца і стойкае пераконванне ў патрэбе гэтага выказваю журналістцы часопісу Вользе Крукоўскай, якая пачала праходзіць курс ШПГ у гэтым сезоне. Першы артыкул дублюе назвай лекцыю ў ЦНБ: «Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў».

19 студзеня на сайце НГАБ было праанансавана выданне «Архіварыуса» (выпуск 20), дзе маюцца дзве маіх публікацыі — артыкул пра гісторыю Цялякава Уздзенскага раёна з генеалогіяй яго жыхароў. Артыкул напісаны на падставе працы часоў конкурса «Лепшы архівіст Беларусі» (2018). Тады я заняў на конкурсе 13 месца з 17 удзельнікаў, але даследаванне атрымалася і мела патрэбу ў публікацыі. Таксама ў 20-м «Архіварыусе» выйшла мая рэцэнзія на кнігу братоў Анатоля і Усевалада Сцебуракаў «Сцебуракаў лёс». Даследаванне гісторыка і літаратара здзівіла, парадавала і атрымала ад мяне станоўчы водгук.

Трэці тыдзень студзеня адзначыўся ў НГАБ кадравай падзеяй. З 17 студзеня па ўласным жаданні пакінула сваю пасаду Вольга Уладзіміраўна Чарвінская, загадчыца аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў. У час працы ёй удалося аптымізаваць працу аддзела, паставіць яе на трывалыя рэйкі, скласці каманду моцных спецыялістаў. Супрацоўнікамі аддзела ствараліся дапаможныя базы дадзеных, выконвалася да 100 генеалогій у год, праводзіліся асветніцкія лекцыі па генеалогіі.

Вадзім Урублеўскі

30.01.2023

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 2 = 4