2022 год выявіўся для генеалогіі Беларусі поўным выклікаў, галоўным чынам, на фоне абвастрэння геапалітычных працэсаў у рэгіёне Ўсходняй Еўропы. Ваенна-палітычныя падзеі на ўсходзе Украіны паспрыялі заўважнай радыкалізацыі асобных замежных прадстаўнікоў беларускага генеалагічнага сегменту, расколу і чысткам у межах тэматычных груп у сацыяльных сетках.
За два апошнія гады задачай супольнасці генеалогаў Беларусі з’яўляецца працяг тых актыўнасцей, якія распачаліся раней. Аднак працягваюцца яны з улікам бягучай грамадска-палітычнай сітуацыі.

Бліскавіца над генеалагічнай нівай – беспрэцэдэнтны для Беларусі валанцёрскі праект Алены Кароўчанка па індэксацыі адзінак захавання НГАБ (Мінск) – прасунуўся за год на больш чым 170 тысяч спраў. На 13.12.2022 у базе валанцёраў па НГАБ Мінска налічваецца 543 тыс. 267 запісаў, НГАБ Горадні – 105 тыс. 485 запісаў. Склад каманды на 29.11.2022 – 261 чалавек. Даводзіцца прызнаць, што ў параўнанні з папярэднім годам тэмпы набору вопісаў НГАБ (Мінск) відавочна знізіліся і гэта неабходна звязваць, перш за ўсё, з аб’ектыўнымі з’явамі сучаснасці – кавідам, пераездамі, сямейнымі абставінамі.
Ідэя па індэксацыі метрычных кніг НГАБ была шырока праанансавана ў жніўні на старонцы Алены Кароўчанка ў фэйсбуку. Пад кліч пра індэксацыю метрык у каманду наборшчыкаў вопісаў запісалася яшчэ амаль 50 чалавек, па той прычыне, што патрэбных ім метрык не аказалася ў вольным доступе.
Думкі пра патрэбу індэксацыі метрык патрэбных паветаў мелі месца і дагэтуль, але толькі летам загучалі ва ўсю моц. На жаль, пры сённяшніх умовах давесці да канца ці хаця б да нейкай лагічнай коскі такі праект не ўяўляецца магчымым. Па-першае, скептычным здаецца чакаць сур’ёзнага фінансавага ўлівання ў гэты праект у бліжэйшы час. Па-другое, сам калектыў валанцёраў, якія з большага з’яўляюцца дылетантамі без моўных і палеаграфічных навыкаў, не ў стане пакуль прэтэндаваць на вырашэнне такіх аб’ёмных задач нават у дачыненні да комплексаў метрык, выкладзеных у свабодны доступ на рэсурсе FamilySearch.
Спадзяемся, што асноўныя сілы ўсё ж будуць накіраваны на вопісы абодвух НГАБ (таксама пачаўся набор вопісаў ДГАЛ у Вільні). Пры гэтым Алена Кароўчанка адзначыла, што ў дачыненні да мінскага НГАБ праект можа прыпыніцца пасля набору яшчэ 200-300 тысяч спраў, то бок на лічбе ў 843 тысячы ўсё можа скончыцца (агульны аб’ём – 1 міллён 23 тысячы 366 адзінак захавання). Кіраўніка праекта можна зразумець: два гады куратарства – вялікі тэрмін, які ўскладняе працу над уласнымі праектамі. Акрамя таго, першапачатковай задачай валанцёраў была індэксацыя вопісаў, цікавых генеалогам, і не больш за тое.
Пры гэтым валанцёрская актыўнасць характарызавалася ў гэтым годзе наведваннем музейных і архіўных устаноў сталіцы і абласных цэнтраў, што суправаджалася выступленнямі прадстаўнікоў валанцёрскай групы (так, 23 верасня адбылося выступленне ў Горадні перад слухачамі Універсітэта залатога ўзросту, 27 лістапада – наведванне Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці).

Асветніцка-адукацыйны праект «Школа практычнай генеалогіі» напачатку года сутыкнуўся з недахопам лектараў, усплёскам кавіду і пераходам у часовы анлайн. Часткова адсутнасць выступоўцаў удалося кампенсаваць за кошт распрацоўкі яе кіраўніком Вадзімам Урублеўскім шэрагу новых асабістых лекцый у напрамках польскамоўнай палеаграфіі, псіхагенеалогіі, этнаграфіі і генеалогіі, культуры і генеалогіі, методыкі сялянскай генеалогіі, дваранскага і сялянскага радаводаў. Таксама была ўдасканалена сістэма бонусаў для лепшых навучэнцаў. Навучальны сезон 2022–2023 гг. з’яўляецца для праекта юбілейным – дзясятым па ліку. Удасканалены лекцыі тэарэтычнага курса, анансаваны будучыя сустрэчы ў межах практычнай часткі з выбітнымі спецыялістамі па псіхагенеалогіі, ДНК-генеалогіі, ваеннай генеалогіі, архівазнаўству.

У гэтым годзе запушчаны інтэрнэт-праект гарадзенскага прадпрымальніка Аляксея Білецкага пад назвай «Жніво» (https://www.zhnivo.ga). Аляксей увайшоў у зону бачнасці генеалагічнай прасторы Беларусі параўнальна нядаўна, паспеўшы стаць спікерам расейскага ГенЭкспа, зарэгістраваць ІП у Беларусі на аказанне генеалагічных паслуг, стварыць уласны youtube-канал з генеалагічным кантэнтам. Важным напрамкам сваёй дзейнасці Аляксей лічыць улік генеалагічнага матэрыяла, які захоўваецца па-за межамі архіўных устаноў у Беларусі, а таксама знаходзіцца на захаванні ў архівах, музеях, бібліятэках, у прыватных калекцыянераў з краін блізкага і дальняга замежжа. На сённяшні момант на сайце прадстаўлена 997 пазіцый.
Выдавецтва малатыражных выданняў або Выдавецкі дом «Сегмент» (ААА «Каларград») у юбілейны год свайго дзесяцігоддзя запачаткаваў новы напрамак пад назвай «Дом сямейнай кнігі “Сегмент”» (https://family-books.art). На старонцы праекта заяўлена аб тым, што ідэя запачаткаваць новы напрамак належыць арганізатару выдавецтва Паўлу Сідарэнку, які выпусціў першую ў выдавецтве адмысловую кнігу, дзе ўвасобіў і захаваў гісторыю сваёй сям’і. Праект ужо асвятляўся на тэлебачанні і мае водгукі ўдзячных кліентаў. На сённяшні дзень ААА «Каларград» штогод выдае кнігі па гісторыі і генеалогіі беларускіх сем’яў і асобныя з іх паступаюць на захаванне рэспубліканскіх і абласных бібліятэк. Так, у мінулым годзе, дзякуючы «Сегменту», з’явілася вялікая праца А.М. Валасевіча «Жибруки» пра род сялян з в. Гоцк Салігорскага раёна Мінскай вобласці, а ў гэтым годзе адбылося выданне «Рассказов о династии Федоровых-Ващилиных» пра род жыхароў гор. Клімавічы Магілёўскай вобласці.

Дом сямейнай кнігі «Сегмент» на сённяшні дзень актыўна шукае прафесійных гісторыкаў, генеалогаў і архівістаў для супольнай рэалізацыі сямейна-родавых кніжных праектаў.
Навуковымі навінкамі гэтага году з’яўляюцца: 1) даведнік «Гербоўнік беларускай шляхты» / гал.рэд. Я.С. Глінскі. Т. 8. – Ч. 1 : К (Каборды – Карэцкія), Мінск, 2022. – 926 с., генеалагічныя роспісы шляхты Мінскай губерні па матэрыялах фонду 319 НГАБ; 2) манаграфія «Сцебуракаў лёс: гісторыя роду», складзеная Анатолем і Усеваладам Сцебуракамі пра бацькоўскі род з Вілейскага раёна Мінскай вобласці, добры прыклад кампаратыўнага падыходу ў справе прадстаўлення вынікаў генеалагічнага даследавання.
Прэзентацыя «Гербоўніка» адбылася ў НГАБ (Мінск) у кантэксце круглага стала «Генеалогія шляхты беларускіх зямель: гістарычныя, гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя аспекты» 9 чэрвеня 2022 г. Рэцэнзія на кнігу «Сцебуракаў лёс: гісторыя роду» будзе апублікавана за аўтарствам В.В. Урублеўскага ў чарговым 20 выпуску штогодніка НГАБ «Архіварыус» (зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў).
Акрамя таго, працягвае выдаваць успаміны прадстаўнікоў сваёй сям’і з Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Васіль Мікалаевіч Каваленка. Трэцяе выданне «Радаслоўца XVII–XXI ст…», прысвечанае радаводам продкаў з Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай губерняў, ажыццявіў Святаслаў Раманавіч Ергулевіч.
Генеалагічны бізнэс у Беларусі прадстаўлены агенцтвамі «Венда» (кіраўнік – Вітольд Ханецкі) (http://genealogia-wkl.eu/be_BY) і «Адвеку» (кіраўнік – Яўген Крачкоўскі) (http://adveku.by). Да спісу беларускіх агенцтваў можа далучыцца «Формула радаводу», якая вядома на бягучы час як пляцоўка для разнастайных актыўнасцяў у сферы генеалогіі (кіраўнік – Аляксей Білецкі). Астатнія прадпрымальнікі або маюць ІП, але афіцыйна не афішуюць сваю дзейнасць перад архіўнымі ўстановамі, што робіць іх паўлегаламі, або дзейнічаюць праз самазанятасць ці выключна пад выглядам працы над уласным радаводам. Калі першая група праз уласныя сайты, старонкі ў сацсетках і рэкамендацыі былых кліентаў вельмі лёгка вырашае пытанне з пошукам новых аб’ектаў для аказання паслуг, то астатнім, як правіла, даводзіцца займацца падпрацоўкамі на расейскія, польскія, украінскія генеалагічныя карпарацыі ці самастойна шукаць кліентаў на праектах «Усерасійскае генеалагічнае дрэва», «Яўрэйскія карані», у сацыяльных сетках, або праз знаёмствы.
Прадукты, якія прадстаўляюцца кліентам, як і сам спектр паслуг, дастаткова шырокія. Найбольш выбітным на агульным тле з’яўляецца праект «Венда», дзе каманда бярэцца выключна за дарагія замовы, напрацягу года ствараючы сур’ёзныя сямейныя кнігі. На другім месцы са сваёй сістэмай справаздачнасці ідзе праект «Адвеку». Дзейнасць заключаецца ў паэтапнай працы над радаводам шляхам генэкспертызы, паэтапных справаздач і агульнай справаздачы (ці даследавання) з выкарыстаннем архіўных дакументаў, адкрытых крыніц інтэрнэта, літаратуры і фотаздымкаў з мясцовасці. «Формула радаводу» таксама заяўляе пра свой будучы адыход ад дробных замоў і ўключэнне ў рэалізацыю поўнафарматных даследаванняў (да праекта далучылася Яна Стомма з выдавецтва «Сегмент»). Большасць астатніх ініцыятыў займаюцца, як правіла, дробным пошукам. Некаторыя прадаюць час (пагадзінная аплата), некаторыя затрачаныя намаганні, некаторыя канкрэтна вынік.
Адной з набалелых праблем па-ранейшаму з’яўляецца наводненасць сферы дылетантамі, сярод якіх сустракаюцца ашуканцы, накшталт Юрыя Паўлія, каляцаркоўнага аферыста і псеўдасвятара, што дамаўляўся (ці дамаўляецца) з кліентамі на дробны пошук, а пасля проста «забывае» ці дасылае няверную інфармацыю. Нягледзячы на значны скандал з яго ўдзелам у снежні 2021 года, калі ахвяры ашуканстваў зразумелі, што іх шмат, ён па-ранейшаму заўважны ў НГАБ (апошні раз Паўлія фіксавалі ў канцы лістапада). Яго авантурам на ВГД прысвечаны цэлы раздзел (https://forum.vgd.ru/22/136019). З’яўленне гэтага аферыста прама ўказвае на наяўнасць умоваў для паспяховай «дзейнасці», калі абяцанне невядомага чалавека значыць куды больш чым яго рэпутацыя.
З пачатку года актывізаваліся запыты грамадзян на атрыманне нацыянальных дакументаў, галоўным чынам, Ізраіля, Польшчы, Літвы. Па гэтай прычыне чарговы раз адбыўся ўздым цікавасці да генеалагічных агенцтваў і прыватных генеалогаў. Па-сутнасці маргінальнае месца камерцыйнай генеалогіі на сучасным этапе не дазваляе шырока заявіць аб тым, што генеалагічныя паслугі адрозніваюцца ад юрыдычных, а звесткі аб нацыянальнасці трэба шукаць з большага ў дакументах, завераных дзяржавай у другой палове ХХ ст. Гэты перыяд, як правіла, не з’яўляецца прадметам увагі генеалогаў.
Нялішне падкрэсліць, што сур’ёзнымі праблемамі для легальнай генеалагічнай дзейнасці ў Беларусі з’яўляюцца: адсутнасць генеалогіі як сферы самазанятасці і рэальная праблема адкрыцця ІП у Мінску са жніўня 2021 года.
Дастаткова складаны год завершыўся знакавым мерапрыемствам – генеалагічным навукова-практычным форумам «Карані. Час збіраць гісторыю», які сумесна з партнёрамі ладзіў у Горадні 8-9 снежня Аляксей Білецкі. Форум праведзены на дастаткова пачэсным узроўні арганізацыі з удзелам значнай часткі беларусаў (навукоўцаў, псіхолагаў, айцішнікаў і іншых) і нязначнай часткі расейскіх гасцей з беларускімі каранямі.

У час форума прыняло ўдзел 20 выступоўцаў, якія выступілі на самыя розныя тэмы па наступных напрамках: 1) валанцёрскі рух (А. Білецкі); 2) асветніцка-педагагічная дзейнасць устаноў адукацыі (А. Агеева); 3) архівазнаўства і генеалогія (Л. Горбач, А. Кенда, Д. Крэнт, В. Урублеўскі); 4) ДНК-генеалогія (В. Насевіч, А. Ракіцька); 5) бібліятэкі і генеалогія (А. Суша); 6) ІТ і генеалогія (Б. Нікіцін, А. Ракіцька); 7) гісторыя фатаграфіі (А. Акоефф); 8) гісторыя сям’і (С. Амелька, У. Рунге); 9) некрапалістыка (А. Горны, Д. Брыштэн); 10) генеалагічны турызм (К. Фралова); 11) псіхагенеалогія (Н. Наўроцкая, Т. Смольнік, Н. Шафрановіч); 12) культуралогія (Я. Калодзін).
Кожны з гэтых напрамкаў варты асобнай канферэнцыі або секцыі ў межах канферэнцыі. Форум прынёс як непасрэдным удзельнікам, так і слухачам, акрамя станоўчых эмоцый, таксама карысныя кантакты і ідэі. Асобныя прадстаўнікі супольнасці зважаюць на тое, што выступоўцаў было болей чым слухачоў, аднак будучае размяшчэнне запісу форума на youtube-канале «Алексей Билецкий» ліквідуе гэты недахоп.

Большасць дакладаў будуць апублікаваны у першым выпуску альманаху «Карані. Час збіраць памяць», які штогод плануюць выдаваць «Формула радаводу» і Выдавецкі дом «Сегмент». Будзем спадзявацца, што «Карані» стануць грандыёзным праектам будучыні.
Практыка падказвае, што планаваць на будучае, – дастаткова няўдзячная місія асабліва ў перыяд перамен і патрасенняў. Аднак не спыняемся планаваць! Акрамя альманаху «Карані», яшчэ адным праектам рэспубліканскага значэння прадстаўляецца навукова-практычная канферэнцыя ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі па праблемах генеалогіі, заяўка на правядзенне якой ужо пададзена ў Прэзідыум Акадэміі Навук (меркаваная дата правядзення – 21 верасня 2023 г.). Акрамя таго, чакаем працягу дзейнасці ад іншых праектаў беларускіх генеалогаў, у тым ліку ад тых, якія не былі закранутыя ў гэтым артыкуле, але пра існаванне каторых мы не забываем (гісторыка-генеалагічнае таварыства «Вытокі» ў Бабруйску, праект «Дапаможнік» Дзмітрыя Ціхага, праект «Вілейскі павет» і г.д.).
Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,
19.12.2022 (рэдактура – 30.12.2022)